Меер Аксэльрод

савецкі маляр
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Аксэльрод.

Ме́ер Майсе́евіч Аксэльро́д (5 ліпеня 1902, Маладэчна, Віленская губэрня, Расейская імпэрыя — 10 студзеня 1970, Масква, СССР) — савецкі мастак, вядомы сваімі акварэльнымі працамі, якія адлюстроўваюць сюжэты з жыцьця габрэяў у Расейскай імпэрыі і СССР. Брат паэта Зэліка Аксэльрода.

Меер Аксэльрод
Меер Аксэльрод у 1935 г.
Імя пры нараджэньні Меер Майсеевіч Аксэльрод
Дата нараджэньня 5 (18) ліпеня 1902
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 10 студзеня 1970(1970-01-10)[1] (67 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, плястычны артыст, графік
Навуковая сфэра малярства
Месца працы
Жанры партрэт, пэйзаж, графіка[d] і сцэнаграфія[d]
Плынь экспрэсіянізм
Працы Партрэты дзяцей і старых з сэрыі «Стары Мінск», партрэт дачкі Алены, сэрыі «У стэпу», «Гета»

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў мястэчку Маладэчна Віленскай губэрні, хадзіў у традыцыйны хэдар. Напачатку Першай сусьветнай вайны сям’я пасьля выгнаньня царскім урадам з прыфрантавой паласы пераязджае ў Тамбоў. У 1918 годзе сям’я Аксэльродаў спрабавала вярнуцца ў Маладэчна, але горад быў ужо замежным — у складзе Польшчы[2]. З 1918 году жыў у Менску, зарабляў на жыцьцё рэклямнымі плякатамі для кінатэатраў, скончыў рэальную вучэльню. Пааодле некаторых зьвестках, вучыўся ў Пэна ў Віцебску да вайны, магчыма й пасьля[3]. Але дачка мастака гэтыя зьвесткі не пацьвярджае[4]. У 1919—1920 гадах служыў чарцёжнікам Кіраваньня сувязі Чырвонай Арміі.

У 1920-х гадах вучыўся ў Вышэйшых мастацка-тэхнічных майстэрнях. Затым выкладаў у Вышэйшым мастацка-тэхнічным інстытуце і Тэкстыльным інстытуце (1928—1932). Быў сябрам таварыства «4 мастацтвы», уступіў у Маскоўскі Хаўрус мастакоў у 1932 годзе. У 1930—1931 гадах двойчы наведаў сельска-гаспадарчую камуну «Воё Нова» (названая на эспэранта), заснаваную габрэямі, якія вярнуліся з Палестыны, назіраньні і замалёўкі ў камуне аказалі моцны ўплыў на далейшую творчасьць мастака. З 1931 году трапіў разам са шматлікімі мастакамі пад кампанію па барацьбе з фармалізмам, хоць яшчэ ў 1934 годзе ягоныя карціны выстаўляліся ў Францыі. Ганіўся ў савецкіх газэтах за пэсымізм, эскізнасьць, дэфармацыі, няскончанасьць, экспрэсіянізм і нават блізкасьць да Мадыльяні. Вымушаны быў перайсьці да ілюстрацыі кніг і працы ў тэатры. У прыватнасьці, працаваў у беларускім Дзяржаўным габрэйскім тэатры, часам і ў Маскоўскім дзяржаўным габрэйскім тэатры.

 
Зэлік і Меер. Малюнак Меера Аксэльрода

У 1941 годзе сям’я Аксэльрода была эвакуяваная ў Тамбоў, дзе сям’я Аксэльродаў была й у час Першай сусьветнай вайны. Сам Меер Аксэльрод застаўся ў Маскве, спрабуючы даведацца пра лёс арыштаванага брата, паэта Зэліка, і чакаючы прызыву ў армію. Неўзабаве пасьля мабілізацыі быў адазваны Сяргеем Эйзэнштэйнам для працы ў здымачнай групе фільму «Іван Жахлівы» ў Алма-Аце, па дарозе туды забраў сям’ю з Тамбова. Быў у эвакуацыі ў Алма-Аце ў 1941—1943 гадах, дзе аказваў падтрымку габрэйскім бежанцам з Польшчы. У 1944 годзе ў Алма-Аце адбылася пэрсанальная выстаўка Аксэльрода.

Пасьля вайны ўдзельнічаў у групавой выстаўцы ў Маскве на Кавалёвым мосьце ў 1966 годзе, там было экспанавана каля 250 карцінаў. Пасьля выстаўкі адразу апынуўся ў лякарні з-за сэрца. У 1968 годзе адбылася пэрсанальная выстаўка ў (Растове-на-Доне). Аксэльрод сканаў ад нераспазнанага інфаркту ў 1970 годзе, так і не пабачыўшы як выйшаў з друку каталёг пэрсанальнай выстаўкі. Мастак пахаваны на старой, габрэйскай частцы Вастракоўскіх могілак у Маскве.

Пэрсанальныя выставы: 1972 (Масква, пасьмяротна), 1973 (Ленінград, пасьмяротна), 1982 (Масква, пасьмяротна). Пасьмяротныя выстаўкі ў 1990-х гг. і 2000-х гг. у Маскве, Нью-Ёрку, Лёндане, а таксама ў шматлікіх гарадах Нямеччыны і Ізраілю.

Творчасьць

рэдагаваць

Шматлікія карціны М. Аксэльрода прысьвечаны сюжэтам з жыцьця беларускіх габрэяў, сэрыя «Гета» (1968—1969), сэрыя «У стэпы» — па ўражаньнях ад паездкі ў сельскагаспадарчую габрэйскую камуну ў Крыму ў 1930—1931 гадах. Аўтар сэрыі карцін «Успаміны пра стары Менск». Алена Аксэльрод, дачка мастака, выдала ў Ерусаліме альбом-манаграфію мастака (1993 год) і ў Маскве кнігу ўспамінаў і лістоў «Двор на Барыкаднай» (2008 год)[5] Творчасьць Аксэльрода высока шанаваў паэт Арсень Таркоўскі: «Гэта выдатны прыклад таго, як выгодна быць сумленным і чыстым чалавекам… Вы бачыце зусім наглядна, якія цудоўныя плады гэта прыносіць, як дорага тое, што робіцца людзьмі такога роду, якія з сапраўдна сьвятой упартасьцю, з жалезнай воляй прабіваюцца скрозь усе перашкоды»[6].

Творы Меера Аксэльрода захоўваюцца ў Трэцьцякоўскай галерэі, Рускім музэі, музэі выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна.

 
Алена Аксэльрод з сынам Міхаілам Яхілевічам перад карцінай Меера Аксэльрода «Партрэт дачкі з маленькім Мішай»

Брат — паэт Зэлік Аксэльрод, быў расстраляны ў 1941 годзе ва ўзросьце 37 гадоў, Зэлік пазнаёміў Меера з прыхільніцай сваёй творчасьці габрэйскай пісьменьніцай Рыўкай Рубінай, якая й стала жонкай Меера. Іх дачка — паэт Алена Аксэльрод, унук — мастак Міхаіл Яхілевіч. Мастак часта адлюстроўваў сваіх блізкіх на карцінах: жонку, дачку, брата й нават унука.

 
Меер Аксельрод. Партрэт жонкі ў белым капялюшы

Літаратура

рэдагаваць
  1. ^ RKDartists (нід.)
  2. ^ Судьба Меера Аксельрода в немалой степени отразила судьбу всего российского еврейства с 20-х до 60-х годов XX века
  3. ^ Г.Казовский. Художники Витебска. Иегуда Пэн и его ученики
  4. ^ Elena Akselrod. Meer Akselrod, tr. Amanda Calvert, Jerusalem, Mesilot, 1993, стр. 9
  5. ^ Двор на Баррикадной. Елена Аксельрод ISBN 978-5-86793-596-2. Дата выхода: 2008. Издательство: М: Новое литературное обозрение.
  6. ^ ХУДОЖНИК МЕИР АКСЕЛЬРОД Григорий Островский, искусствовед

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць