Марвін Гімэер

зваршчык і аўтарамонтнік ЗША

Ма́рвін Джон Гімэ́ер (па-ангельску: Marvin John Heemeyer; 28 кастрычніка 1951 — 4 чэрвеня 2004) — зваршчык, уладальнік аўтакрамы ў Грэнбі, штат Каларада. Пасьля працяглага канфлікту з цэмэнтавым заводам Mountain Park з-за тэрыторыі, на якой знаходзілася ягоная майстэрня, абсталяваў бульдозэр Komatsu D355A-3 і 4 чэрвеня 2004 году зруйнаваў зь ягонай дапамогай 13 адміністрацыйных будынкаў (у тым ліку ўсе будынкі, якія належалі цэмэнтаваму заводу), пасьля чаго застрэліўся. Гэтае здарэньне ў СМІ і сэціве таксама вядомае як «Вайна Марвіна Гімэера», а ягоны бульдозэр — як KillDozer.

Марвін Джон Гімэер
Marvin John Heemeyer
Дата нараджэньня 28 кастрычніка 1951
Месца нараджэньня Каслвуд, Паўднёвая Дакота, ЗША
Дата сьмерці 4 чэрвеня 2004 (52 гады)
Месца сьмерці Грэнбі, Каларада, ЗША
Прычына сьмерці агнястрэльная рана[d]
Месца пахаваньня
  • невядома
Занятак зваршчык, бізнэсмэн, прадпрымальнік

Агульны ўрон, прынесены гораду, склаў каля 5 млн даляраў, заводу кампаніі Mountain Park — каля 2 млн даляраў.

Папярэднія падзеі

рэдагаваць

Гімэер жыў у месьце Грэнд Лэйк, штат Каларада, прыблізна 26 км ад Грэнбі. Суседзі сьцьвярджалі, што ён пераехаў у Грэнбі прыкладна за 10 гадоў да апісаных падзеяў.

Джон Болдры, Гімэераў сябар, узгадвае пра яго як пра прыемнага чалавека. Кен Гімэер казаў, што ягоны брат «гатовы быў зрабіць усё магчымае для іншае асобы». Некаторыя людзі выказваюць іншае меркаваньне. Крысьці Бэйкер сказала, што Гімэер пагражаў ейнаму мужу пасьля таго, як ён адмовіўся плаціць за кепска адрамантаваны глушнік. Бэйкер сказала, што ейны муж пасьля перадаў Гімэеру 124 даляры праз пасярэдніка.


  «Ён пагражаў майму мужу сьмерцю», — узгадвала жыхарка места Крысьці Бэйкер. — «Ён пагражаў майму мужу за глушнік». Бэйкер сказала, што разам з мужам Дугам яны прыехалі на грузавіку ў Гімэераву майстэрню, дзе той усталяваў ім непадыходзячы тып глушніку. Яны адмовіліся плаціць, і Крысьці Бэйкер сьцьвярджае, што неўзабаве яны пачулі пагрозу ад Гімэера. Яны аддалі $124 гатоўкай пасярэдніку, каб разьлічыцца з Гімэерам.  

—Крысьці Бэйкер, John Ingold, Brittany Anas, Howard Pankratz. The Denver Post, 6 чэрвеня 2004.

Тэрытарыяльныя спрэчкі

рэдагаваць

У 1992 годзе Гімэер набыў 2 акры (8,1 тыс. м²) зямлі ў карпарацыі Resolution Trust Corporation, заплаціўшы за гэта каля 42 тысячаў даляраў. Пазьней ён пагадзіўся прадаць свой надзел сям’і Дочэф (па-ангельску: Docheff), якая плянавала пашырыць тэрыторыю разьмешчанага побач цэмэнтавага заводу. Сьпярша дамовіліся пра ўгоду на суму 250 тысячаў даляраў, аднак пасьля Гімэер зьмяніў сваё рашэньне і падвысіў кошт продажу да 375 тыс. дал., а яшчэ пазьней амаль да 1 млн даляраў. Усё гэта адбывалася задоўга да таго, як прапановы пра пераразьмеркаваньне зямлі дайшлі да гарадзкога муніцыпалітэту.

У 2001 годзе камісія па землеўпарадкаваньні і ўлады места зацьвердзілі плян пабудовы цэмэнтавага заводу. Гімэер беспасьпяхова спрабаваў абскардзіць рашэньне. Цягам папярэдніх гадоў Гімэер карыстаўся прылеглай зямлёй для пад’езда да ўласнай майстэрні па рамонце і продажы аўтамабільных глушнікоў. Пашырэньне цэмэнтавага заводу пазбавіла яго гэтага праезду. У дадатак улады Грэнбі аштрафавалі Гімэера на 2,5 тыс. даляраў за розныя парушэньні, у тым ліку «жалезьзе са старых машынаў на тэрыторыі, і за непадлучэньне да каналізацыі». Гімэеру для такога падлучэньня патрэбна было перасекчы 2,4 мэтры зямлі, якая прыналежала бэтоннаму заводу.

Гімэер апошнім разам паспрабаваў апэляваць да муніцыпалітэту разам са сваімі роднымі і сябрамі, ды безвынікова. Без каналізацыі і дазволу гарадзкіх уладаў ягонае прадпрыемства не магло функцыянаваць[1].

Мадыфікацыя бульдозэра

рэдагаваць

За некалькі месяцаў да здарэньня Гімэер здаў свой бізнэс у арэнду, а маёмасць прадаў. Двума гадамі раней ён набыў бульдозэр Komatsu D355A-3 для таго, каб зь ягонай дапамогай пракласьці іншую дарогу да крамы, аднак улады не далі яму на гэта дазволу.

На падрыхтоўку бульдозэра да буянства пайшло паўтара гады. У нататках, знойдзеных сьледзтвам пасьля здарэньня, Гімэер пісаў: «Цікава, як мяне яшчэ не спаймалі. Праект займаў частку майго працоўнага дню цягам больш як паўтара гады». Ён дзівіўся, што наведвальнікі, якія зьяўляліся ў ягонай майстэрні, не заўважылі нічым не прыхаваных зьмяненьняў бульдозэра, «асабліва з павелічэньнем ягонай масы на 910 кг»[2].

Бульдозэр, пра які вядзецца, — гусенічны Komatsu D355A[3]. Гімэер абсталяваў яго браняваным панцырам, які прыкрываў кабіну, рухавік і тракі. У некаторых месцах таўшчыня брані сягала болей за 1 фут (каля 30 см) і складалася зь некалькіх слаёў сталёвых аркушаў і бэтону, што рабіла яе вузкаспэцыялізаванай кампазытнай бранёй, няўразьлівай да стралковае зброі і выбухоўкі. Тры выбухі і каля 200 стрэлаў з аўтаматычнае зброі не нанесьлі бульдозэру аніякае шкоды[4]. Па распараджэньні губэрнатара Біла Оўэнса былі прыведзеныя ў павышаную боегатоўнасьць супрацьтанкавыя атрады Нацыянальнае Гвардыі[5].

Каб забесьпячыць добры агляд, Марвін абсталяваў бульдозэр некалькімі відэакамэрамі, падлучанымі да двух дысплэяў на прыборнай дошцы. Аб’ектывы камэраў былі абароненыя 3-хцалевым куленепрабівальным плястыкам[4]. Вентылятары і кандыцыянэр падтрымлівалі тэмпературу ў кабіне, а пры дапамозе сьціснутага паветра можна было ачышчаць відэакамэры ад пылу. У практычна гэрмэтычнай кабіне захоўвалася пэўная колькасьць ежы, вады, мэдыкамэнтаў. Улады пасьля меркавалі, што для ўсталяваньня брані на бульдозэр Гімэер, ужо знаходзячыся ўнутры бульдозэру, мог скарыстаць самаробны пад’ёмны кран, які кіраваў з дапамогай пульту дыстанцыйнага кіраваньня. «Апускаючы бранявую абалонку, Гімэер разумеў, што пасьля гэтага ўжо ня здолее вылезьці з машыны», — заявілі паліцэйскія экспэрты. У гаражы, дзе месьціўся бульдозэр, пасьля былі знойдзеныя цэмэнт, браня і сталь[4].

Пазьней Гімэераў бульдозэр будзе празваны «Кілдозэрам» (па-ангельску: Killdozer), хоць падчас буянства загінуў толькі сам Гімэер.

Утрапёнасьць

рэдагаваць

4 чэрвеня 2004 году Гімэер выехаў на сваім бульдозэры праз сьцяну сваёй былой крамы. Зруйнаваў па чарзе будынкі цэмэнтавага заводу, муніцыпалітэту, офісу мясцовай газэты (там былі надрукаваныя тэндэйцыйныя матэрыялы пра яго). Пасьля зьнішчыў дом удавы былога судзьдзі, краму бытавой тэхнікі, уладальніка якой Гімэер таксама ўзгадваў у судовай справе, і іншыя. Уласьнікі ўсіх пашкоджаных будынкаў тым або іншым чынам былі зьвязаныя з тэрытарыяльнай спрэчкай Гімэера[6].

Агулам Гімэер зруйнаваў 13 будынкаў[3], агульны ўрон ацэнены ў суму больш як 7 млн даляраў[7]. Сярод разбураных таксама будынкі службы газазабесьпячэньня муніцыпалітэту, часткова службы бытавых і камунальных паслугаў, пашкоджаны адзін грузавік[8].

Нягледзячы на вялізныя разбурэньні, ніводзін чалавек, акрамя самога Гімэера, ня быў забіты. Шматлікія жыхары места былі апавешчаныя пра забурэньне ў горадзе праз адваротную сувязь службы 911 і здолелі пакінуць месца падзеяў.

На думку абаронцаў Гімэера, ён стараўся зрабіць усё, каб нікога не параніць[4]. Аднак паліцыя акругі лічыць, што гэта хутчэй шанцаваньне, чым памкненьне самога Гімэера, што кулі ня трапілі ў людзей. Марвін усталяваў у адмыслова створаных байніцах дзьве паўаўтаматычныя вінтоўкі[9] і выстраліў 15 куляў па сілавых трансфарматарах і цыстэрнах з прапанам. «Калі б гэтыя цыстэрны выбухнулі, мог бы пастрадаць кожны ў радыюсе паўмілі», — заявіў дэпартамант шэрыфу. У той час у гэтым раёне знаходзіліся 12 афіцэраў паліцыі і насельнікі дому састарэлых[10]. Таксама паліцыя сьцьвярджала, што Гімэер страляў чаргой з паўаўтаматычнае вінтоўкі ў Кодзі Дочэфа, калі той паспрабаваў спыніць разбурэньне свайго цэмэнтавага заводу на франтальным пагрузчыку. Потым Гімэер страляў у двух патрульных, перш чым яны пачалі страляць у адказ[10]. Паліцыя таксама зьвяртае ўвагу на тое, што ў 11 з 13 будынкаў, якія зруйнаваў бульдозэр Гімэера, былі людзі, якія пасьпелі ўцячы непасрэдна перад інцыдэнтам. Напрыклад, у мескай бібліятэцы ладзілася дзіцячая праграма[10] Калі б выратавальнікі не спрацавалі апэратыўна, ахвяры маглі быць ня выключаныя.

Адзін з афіцэраў закінуў сьветлашумавую гранату ў выхлапную трубу бульдозэра, аднак гэта не прынесла відавочнага выніку. Мясцовая паліцыя і штурмавікі з атраду SWAT зрэдку абстрэльвалі бульдозэр з усіх бакоў, але стралковая зброя не наносіла брані аніякае шкоды. Спробы зьнішчыць відэакамэры бульдозэру аўтаматным агнём таксама былі беспасьпяховыя, бо кулі не маглі прабіць 3-хцалевы куленепрабівальны плястык. У адзін з момантаў на бульдозэр здолеў ускараскацца памочнік шэрыфа Глен Трэйнар, каб паспрабаваць стрэліць у кабіну. Аднак у канчатковым выніку яму давялося саскочыць, каб ня трапіць пад аскепкі руінаў. Далейшыя спробы залезьці на бульдозэр былі ўскладненыя алеем, які Гімэер распырскаў на сваім транспарце.

Падчас руйнаваньня крамы бытавой тэхнікі «Гэмблз» Гімэераў бульдозэр раптоўна заглых. Быў пашкоджаны радыятар, з рухавіка лілася вадкасьць, бульдозэр застрэг у нізкім фундамэнце крамы і спыніўся. Праз хвіліну адзін з байцоў спэцназу паведаміў, што з кабіны пачуўся адзіночны стрэл: Гімэер застрэліўся[4]. Пазьней сьледчы абвясьціў, што для сябе Гімэер падрыхтаваў 0,357-калібэрны пісталет.

Незадоўга да гэтага паліцэйская ўправа затэлефанавала на базу Нацыянальнае гвардыі войска ЗША, запытаўшы падтрымкі аднаго гелікаптэру AH-64 Apache дзеля атакі па бульдозэру супрацьтанкавай кіруемай ракетай, не зважаючы на магчымы ўрон навакольлю. Паліцэйскія палічылі, што калі не спыніць Гімэера, дык ягоныя дзеяньні прычыняць большую шкоду, ніж ракетны ўдар. Аднак пакуль вайскоўцы і паліцыя дамаўляліся, Марвін скончыў самагубствам.

Цела Гімэера паліцыя пазьней дастала з бульдозэру з дапамогай крану, але на разразаньне брані ацэтылена-тленавай рэзкай спатрэбілася дванаццаць гадзінаў.

Лёс «Кілдозэра»

рэдагаваць

19 красавіка 2005 году было абвешчана, што Гімэераў бульдозэр быў разабраны на металалом. Таксама плянавалася, што розныя часткі бульдозэру падзеляць і разьвязуць на розныя звалкі, каб заўзятары Марвіна Гімэера не маглі паразьбіраць іх сабе на сувэніры[3].

Матывацыя

рэдагаваць

Акрамя надпісаў, якія Гімэер пакінуў на сьцяне сваёй майстэрні, ён таксама запісаў некалькі аўдыёстужак з тлумачэньнем свайго ўчынку. Наконадні буянства ён адаслаў іх свайму брату ў Паўднёвую Дакоту. Ягоны брат перадаў запісы ў ФБР, адкуль тыя былі перасланыя ва акруговую паліцэйскую ўправу. Зьмест стужак быў апублікаваны 31 жніўня 2004 году. Агульная працягласьць запісу — 2,5 гадзіны[11]. Першы запіс быў зроблены 13 красавіка 2004 году, апошні — за 13 дзён да буянства.

«Бог узьвёў мяне на гэтую працу», — кажа Гімэер у першым запісе. Ён нават сказаў, што паводле Боскага пляну ён не жанаты і ня мецьме сям’і, каб ня мець перашкодаў зьдзейсьніць гэтую атаку. «Я лічу, што Бог блаславіць мяне на заканчэньне абсталяваньня машыны, на кіраваньне ёй, на зьдзяйсьненьне ўсяго таго, што я маю зрабіць. Бог блаславіў мяне загадзя на заданьне, якое я маю выканаць. Гэта мой абавязак. Бог запрасіў мяне зрабіць гэта. Гэта крыж, які я павінен несьці, і я нясу яго ў імя Божае»[12].

Дзеяньні Гімэера былі відавочна палітычным учынкам. На аўдыёстужках ён абвяшчае: «З-за вашага гневу, з-за вашае злосьці, з-за вашае нянавісьці вы ня будзеце працаваць са мной. Я ахвярую сваім жыцьцём, той няшчаснай будучыняй, што вы мне адвялі, каб давесьці вам, што вашыя ўчынкі несправядлівыя».

Пазьней быў знойдзены складзены Гімэерам сьпіс мішэняў. Паводле паведамленьня паліцыі, акрамя разбураных Марвінам будынкаў, ён улучаў таксама будынак мясцовае каталіцкае царквы (якая не пастрадала), і імёны некалькіх людзей, якія выступалі супраць яго ў мінулых разьбіральніцтвах[13].

  1. ^ Granby Rampage Damage Expected To Exceed $4 Million (анг.). KMGH-TV (7 чэрвеня 2004). Праверана 22 чэрвеня 2010 г.
  2. ^ Rampager was surprised his plans went unnoticed (анг.). The Spokesman Review (10 чэрвеня 2004). Праверана 21 чэрвеня 2010 г.
  3. ^ а б в Crews Begin Dismantling Granby Bulldozer (анг.). The Denver Channel (19 красавіка 2005). Праверана 21 чэрвеня 2010 г.
  4. ^ а б в г д Man who bulldozed through Colo. town is dead (анг.). Msnbc.com (5 чэрвеня 2004). Праверана 22 чэрвеня 2010 г.
  5. ^ Rampaging Bulldozer Driver Found Dead (анг.). The Denver Channel (4 чэрвеня 2004). — Паводле акту Posse Comitatus, на разгортваньне войскаў неабходны непасрэдны дазвол губэрнатара штата. Праверана 22 чэрвеня 2010 г.
  6. ^ Julie Poppen (24 кастрычніка 2004) After bulldozer rampage, town strives to rebuild trust (анг.). The Boston GlobeПраверана 21 чэрвеня 2010 г.
  7. ^ Bina, Tonya Granby: 2004 bulldozer rampage subject of History Channel program (анг.). Sky-Hi Daily NewsПраверана 21 чэрвеня 2010 г.
  8. ^ Rampages - Guys Who Steal Big Vehicles And Go NUTS (анг.). The Frances Farmers Revenge Web PortalПраверана 22 чэрвеня 2010 г.
  9. ^ Inside the Granby 'dozer (анг.). The Denver PostПраверана 22 чэрвеня 2010 г.
  10. ^ а б в Allen Best (24 чэрвеня 2004) Dozer rampage roots run deep (анг.). Durango TelegraphПраверана 22 чэрвеня 2010 г.
  11. ^ Paula Woodward Newly released audiotapes detail reasons for Granby bulldozer rampage (анг.). Colorado's Online News LeaderПраверана 22 чэрвеня 2010 г.
  12. ^ Man Who Bulldozed Granby Says He Got Idea From God (анг.). KMGH-TV (1 верасьня 2004). Праверана 22 чэрвеня 2010 г.
  13. ^ 7NEWS Looks Inside Granby Work Shed Where 'Dozer Was Outfitted (анг.). KMGH-TV (8 чэрвеня 2004). Праверана 22 чэрвеня 2010 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць