Мазоўшэ

польскі фальклёрны ансамбаль

Дзяржаўны ансамбаль народнай песьні і танцу «Мазоўшэ» (па-польску: Państwowy Zespół Ludowy Pieśni i Tańca «Mazowsze» im. Tadeusza Sygietyńskiego, скарочана PZLPiT «Mazowsze») — адзін з найвялікшых польскіх мастацкіх калектываў, які адраджае традыцыі польскіх народных музыкі і танца. Сядзіба ансамблю знаходзіцца ў Караліне (Атрэмбусы Мазавецкага ваяводзтва).

Państwowy Zespół Ludowy Pieśni i Tańca „Mazowsze”

Ансамбль у 70-х роках XX стагодзьдзя
Гады з 8 лістапада 1948
Краіна
Месца ўтварэньня Польшча Польшча
Жанр фальклярызм
Узнагароды і прэміі
ордэн „Сьцяг Працы“ II ступені
mazowsze.waw.pl

Мінуўшчына

рэдагаваць

«Мазоўшэ» створаны загадам Міністэрства культуры і мастацтва ПНР 8 лістапада 1948 з мэтай узнаўленьня традыцыйнага народнага рэпэртуару мазавецкіх вёсак. Аднак пазьней калектыў пачаў выкарыстоўваць ва ўласнай творчасьці песьні і танцы іншых рэгіёнаў Польшчы. Ягоным кіраўніком і заснавальнікам стаў прафэсар Тадэвуш Сыгетынскі. Дзеля дапамогі яму адна з самых знакамітых міжваенных акторак Польшчы Міра Зімінская ахвяравала кар’ерай і занялася ў «Мазоўшы» арганізацыйнымі справамі. Разам зь іншымі ўдзельнікамі першага складу ансамблю яны спрабавалі адшукаць у польскіх вёсках старадаўнія строі і здольную моладзь для свайго калектыву. Сядзібай вырашылі абраць будынак пачатку XX стагодзьдзя пад Прушкавам, названы ў гонар першага ўласьніка Каралінам. Дагэтуль у ім разьмяшчаўся дом апекі для нэрвова і псыхічна хворых.

Пад канец 1948 року ў Каралін сталі прыяжджаць групы моладзі з вакольных мазавецкіх вёсак і мястэчак. Дзеля пастаянных рэпэтыцыяў Сыгетынскія пераехалі жыць у маленькі домік пры палацы. Праз два гады заняткаў, 6 лістапада 1950 року, на сцэне Польскага тэатру ў Варшаве(d) адбылася прэм’ера першай праграмы «Мазоўша», складзенай зь песьняў і танцаў цэнтральнай Польшчы.

У 1951 року «Мазоўшэ» выехала ў першы замежны тур па СССР. 15 студзеня 1953 року за выступы ўнутры краіны і за мяжой калектыў быў адзначаны ордэнам штандару Працы II клясы[1]. Пасьля атрыманьня дазволу на выезд па-за «Жалезную заслону» ансамбаль у 1954 року наведаў Францыю, а праз 6 гадоў — Злучаныя Штаты Амэрыкі.

У 1955 року памёр заснавальнік калектыву Тадэвуш Сыгетынскі. Калектыў быў бы распушчаны, калі б кіраўніцтва ім не пераняла ўдава Міра. Менавіта дзякуючы ёй «Мазоўшэ» стала тым ансамблем, якім ёсьць цяпер. Ягоны рэпэртуар папоўнілі творы з 39 этнаграфічных рэгіёнаў, апрацаваныя раней недасьледаваныя рэлігійныя, патрыятычныя і песьні іншай тэматыкі. Пры ёй «Мазоўшэ» здабыла сусьветную вядомасьць, правяла каля 6 тысячаў канцэртаў у Польшчы і 51 іншых краёх. Удзельнікі ансамблю самі аднаўлялі старадаўнія народныя строі з розных рэгіёнаў. Міра Зімінская кіравала калектывам больш за 40 гадоў.

Дзейнасьць

рэдагаваць
 
Выступ на Польскім Вудстаку (2013)

Ансамбаль складаюць балетная трупа, хор і аркестар — каля ста чалавек. Мэлёдыі паходзяць з 39 этнаграфічных рэгіёнаў Польшчы і з усяго сьвету. Колькасьць строяў — 1500.

У Атрэмбусаў (гміна Брвінаў) на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу «Каралін» (52°7′8.83″ пн. ш. 20°45′25.56″ у. д. / 52.1191194° пн. ш. 20.7571° у. д. / 52.1191194; 20.7571) збудаваны Эўрапейскі цэнтар разьвіцьця рэгіянальнай і нацыянальнай культуры «Матэчнік-Мазоўшэ» з глядацкай заляй на 580 асобаў, кравецкімі майстэрнямі і музэем (52°7′10.13″ пн. ш. 20°45′19.12″ у. д. / 52.1194806° пн. ш. 20.7553111° у. д. / 52.1194806; 20.7553111).

У 2019 року калектыў атрымаў узнагароду імя Рамана Анджэеўскага за праслаўленьне польскай народнай культуры ў краіне і сьвеце, а таксама за падтрымку сувязяў з польскай дыяспарай[2].

Фільмаграфія

рэдагаваць

У 1963 року ансамбаль песьні і танцу «Мазоўшэ» прадстаўлены ў фільме „Жонка для аўстралійца“ рэжысэра Станіслава Барэі.

У 1999 року «Мазоўшэ» выканаў танец «Палянэз» у фільме Анджэя ВайдыПан Тадэвуш“.

У 2018 року выйшаў фільм Паўла ПаўлікоўскагаХалодная вайна“ пра выдуманую польскую танцавальную трупу, гісторыя якой блізка нагадвае дзейнасьць «Мазоўша».

  1. ^ Uchwała Rady Państwa z dnia 15 stycznia 1953 r. o nadaniu odznaczeń państwowych (пол.). Rada Państwa (15 студзеня 1953). Праверана 23 красавіка 2023 г.
  2. ^ Fundacja Solidarna Wieś/ KAI. (27 лютага 2019) 28 lutego – wręczenie Nagrody im. Bp. Andrzejewskiego Zespołowi „Mazowsze” (пол.). Konferencja Episkopatu Polski. Праверана 23 красавіка 2023 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць