Магілёўскі кар’ер

месца масавых рэпрэсій сталінскага часу ў Магілёве
(Перанакіравана з «Магілёў (рэпрэсіі)»)

Магілёўскі кар’е́р — месца пахаваньня ахвяраў масавых расстрэлаў у часе сталінскіх рэпрэсій у Беларусі. Знаходзіцца каля колішняй вёскі Папоўкі (не захавалася; цяпер праспэкт Дзімітрава, каля мясакамбінату).

Мінуўшчына

рэдагаваць

У пачатку XX стагодзьдзя тут знаходзіўся скотамагільнік. Першымі ў 1918 року расстраляныя каталіцкія сьвятары, сярод якіх вядомае імя Яўгена Сьвятаполк-Мірскага[1]. У пачатку 20-х рокаў тут расстраляныя і праваслаўныя сьвятары[2].

Каля 1932 року створаны калгас, пазьней саўгас «Давыдаўка», якому належаў скотамагільнік.

У 1937 тут арганізаванае месца масавых расстрэлаў і пахаваньне. У 1938 або 1939 роках расстрэлы на гэтым месцы скончылі. У 1941 року нямецкія вайскоўцы ўпершыню зладзілі тут раскопкі і знайшлі мноства чалавечых костак. Па сканчэньні Другой сусьветнай вайны у кар’еры здабывалі пясок, нягледзячы на знаходкі костак[2].

У 1987 року падчас будаўнічых працаў выяўленая брацкая магіла, пасьля чаго створаная камісія па расьсьледаваньні[1], якая эксгумавала з брацкай магілы рэшткі больш як 500 ахвяраў[2].

У архівах знайшліся зьвесткі пра расстрэлы тут гэтаксама прадстаўнікоў каталіцкага касьцёлу і праваслаўнай царквы[2].

Увосені 1990 року[1] (паводле іншых зьвестак — на Радаўніцу 4 красавіка 1989[3]) на месцы расстрэлаў усталяваны дубовы мэмарыяльны крыж, з тае пары тут ладзіцца дзень памяці продкаў. У 1998 року спарахнелы крыж адрэстаўраваны.

У верасьні 2023 року шасьціканцовы крыж дэмантаваны[4], замест яго ўсталяваны хваёвы чатырохканцовы з надпісам па-расейску: «Кресту твоему поклоняемся владыко и воскресение твоё славим». Беларуская таблічка з надпісам «Крыж Памяці аб бязьвінна забітых у 20-30-х гадох XX стагодзьдзя», якая вісела на старым крыжы, прыладжаная да меншага крыжа, таксама ўсталяванага калісьці грамадзкасьцю[2].

  1. ^ а б в Магілёў: памятны знак ахвярам масавых расстрэлаў Людзі. Радыё „Свабода“ (1 траўня 2009). Праверана 16 кастрычніка 2023 г.
  2. ^ а б в г д Ф. Раўбіч. (10 кастрычніка 2023) У Магілёве „русыфікавалі“ крыж на месцы сталінскіх расстрэлаў Грамадзтва. Наша НіваПраверана 16 кастрычніка 2023 г.
  3. ^ Месцы памяці ахвяраў камунізму ў Беларусі / пад рэд. Анны Камінскі. — Фонд дасьледаваньня камуністычных дыктатур, 2011.
  4. ^ У Магілёве прыводзяць у парадак месца сталінскіх расстрэлаў Культура. Наша Ніва (24 верасьня 2023). Праверана 16 кастрычніка 2023 г.