Старэйшая рыфмаваная хроніка

Старэйшая рыфмаваная хроніка — другі паводле часу стварэньня лівонскі твор наратыўнага характару[1] (першым была Кроніка Лівоніі Генрыха Латвійскага). Створаная каля 1290 Году на сярэдненямецкім дыялекце і складаецца з 12 017 рыфмаваных радкоў. Імя аўтара невядомае, толькі паводле некаторых паказаньняў з тэксту і асаблівасьцяў мовы ўсталявана, што ён быў рыцарам Лівонскага ордэна[2][3]. Аповед пачынаецца ад сярэдзіны ХІІ ст. і даводзіцца да 1290.

Хроніка ўяўляе сабой твор гэтак званай рыцарскай паэзіі і акцэнтуе ўвагу найперш на апісаньні ваенных дзеяньняў. Аўтар дэталёва распавядае пра войны Лівонскага ордэна з курамі, семігаламі, эстамі і адносна шмат увагі надае Літве і Русі.

У пачатковай частцы хронікі шмат памылак і недакладнасьцяў. Напрыклад, недакладна пададзены час адкрыцьця немцамі Лівоніі, пераблытаныя імёны першых рыскіх біскупаў і г. д. Больш верагоднай інфармацыя робіцца, пачынаючы ад пачатку ХІІІ ст., і асабліва дакладна апісваюцца падзеі ад канца 70-х рокаў да 1290 — храналягічна блізкія да часу жыцьця самога аўтара.

Дасьледнікі заўважылі, што часам аўтар у імкненьні да зграбнай рыфмы мог не вытрымліваць вернасьці фактам. Ён мала зважаў на храналёгію — ва ўсім яго творы ёсьць толькі тры гадавыя даты: 1143, 1279, 1290[4]. Тым ня менш, названы твор утрымлівае разнастайную інфармацыю палітычнага і геаграфічнага характару і лічыцца важнай крыніцай з пачатковай гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. Даволі шмат у ім інфармацыі пра ўнутраныя справы Літвы. Напрыклад, аўтар паведамляе, што бацька Міндоўга быў «вялікім каралём» (па-нямецку: ein könig gros), сам Міндоўг — «багаты кароль», які жыве ва ўласным ўмацаваным паселішчы (па-нямецку: burg) і можа выставіць вялікае войска[5].

Разам з Галіцка-Валынскім летапісам зьяўляецца найважнейшай крыніцай па гісторыі ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага.

  1. ^ SRL. Riga; Leipzig, 1853. B. 1. Найлепшае асобнае выданне: Livländische Reimchronik (далей — LR) / Ed. Meyer. Padeborn, 1876
  2. ^ Доўгі час на падставе пазьнейшага допісу на адным з рукапісаў хронікі аўтарства памылкова прыпісвалі Дзітлебу фон Альнпэке.
  3. ^ Angermann N. Die mittelalterliche Chronistik // Geschichte der deutschbaltischen Geschichtsschreibung. Köln;Wien, 1986. S. 9—12
  4. ^ Vahtre S. Kroniki baltyckie (inflanckie) 13 — 18 wieku jako źródła historyczne // Zapiski Historyczne. 1969. T. 34, z. 4. S. 78
  5. ^ LR. S. 146, 57-58, 77

Літаратура

рэдагаваць