Лейбарысцкая партыя (Вялікабрытанія)

брытанская палітычная партыя

Лейбары́сцкая партыя (па-ангельску: Labour Party) — адна зь дзьвюх вядучых палітычных партыяў у Вялікабрытаніі. Партыя ёсьць левацэнтрысцкай, падкрэсьлівае патрэбу ва ўзмацьненьні дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку, сацыяльнай справядлівасьці і ўмацаваньні правоў працоўных. З 11 траўня 2010 году знаходзіцца ў апазыцыі. Заснаваная ў 1900 годзе як Камітэт працоўнага прадстаўніцтва, а з 1906 году называецца Лейбарысцкай. У лютым 1918 году быў прыняты Статут Лейбарысцкай партыі. У жніўні 1918 году прыняты праграмны дакумэнт «Праца і новы сацыяльны парадак». На сваім кірунку партыя схіляецца да сацыял-дэмакратыі, а таксама зьязаная з прафзьвязным рухам і накіраваная на грамадзкае рэгуляваньне эканомікі. Упершыню прыйшла да ўлады ў 1924 годзе.

Лейбарысцкая партыя
брыт. анг.: Labour Party
Выява лягатыпу
Лідэр партыі Кір Стармэр
Дата заснаваньня 1900
Штаб-кватэра
Ідэалёгія дэмакратычны сацыялізм[d] і сацыял-дэмакратыя[d]
Моладзевая арганізацыя Маладыя лейбарысты[d]
Колькасьць 552 000[1]
Афіцыйны сайт labour.org.uk

Лейбарысты знаходзіліся ва ўладзе з 1997 году, калі на выбарах яны здолелі апярэдзіць сваіх традыцыйных супернікаў, Кансэрватыўную партыю, на 253 мандаты. На выбарах 2001 году лейбарысты паўтарылі посьпех папярэдніх выбараў. На парлямэнцкіх выбарах 2005 году лейбарысты атрымалі 9,5 млн галасоў і 356 мандатаў у Палаце абшчынаў супраць 198 у кансэрватараў. Усе гэтыя выбары партыя здабывала перамогу пад кіраўніцтвам Тоні Блэра, які лічыўся рэфарматарам партыі. Блэр сышоў у адстаўку ў 2007 годзе пад ціскам грамадзкасьці, якая абвінавачвала яго ў разьвязванні Ірацкай вайны 2003 году. На выбарах у Эўрапарлямэнт 2009 году партыя заняла трэцяе месца паводле колькасьці галасоў і атрымала 13 мандатаў — удвая менш за кансэрватараў і столькі ж, колькі Партыя незалежнасьці Злучанага Каралеўства. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Гордан Браўн, які ўзначальваў партыю, расцаніў паразу лейбарыстаў на выбарах у парлямэнт, якія ладзіліся 6 траўня 2010 году, як негатыўную ацэнку ягонай дзейнасьці выбаршчыкамі. Пасьля гэтага Браўн не стаў ані прэтэндаваць на пасаду лідэра партыі, ані падтрымліваць каго-небудзь з кандыдатаў. У верасьні 2015 году лідэрам партыі быў абраны Джэрэмі Корбін, прадстаўнік левага крыла партыі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць