Леанід Галяк
Леані́д Галя́к (31 кастрычніка 1910, Вільня — 3 красавіка 1980, Стэмфард, штат Канэктыкут, ЗША) — беларускі грамадзкі дзяяч, юрыст.
Леанід Галяк лац. Leanid Halak | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 31 кастрычніка 1910 |
Памёр | 3 красавіка 1980 (69 гадоў) |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | грамадзкі дзяяч, юрыст |
Мова | беларуская |
Творы на сайце Knihi.com |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў сям’і паштовага службоўцы. Бацькі паходзяць зь мястэчка Іўе.
У 1930—1935 рр. навучаўся на хімічным, а пазьней юрыдычным факультэце Віленскага ўнівэрсытэту. Тут пачаў удзельнічаць у беларускім адраджэнцкім руху.
У часе нямецкай акупацыі працаваў судзьдзём Менскага акруговага суду. У 1944 року прызначаны рэктарам стваранага Беларускага юрыдычнага інстытуту, аднак у сувязі зь вяртаньнем бальшавікоў зьехаў у эміграцыю. У 1944—1945 рр. — супрацоўнік Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў БЦР. Заснаваў Беларускае бюро ў Брытанскай зоне акупацыі Нямеччыны. Адзін з заснавальнікаў Саюзу беларускіх журналістаў на чужыне і выданьня «Летапіс беларускай эміграцыі».
З 1949 року жыў у ЗША. Адзін з заснавальнікаў і першы рэдактар газэты «Беларус» (1950—1951). Сябра БАЗА, у 1953—1956 рр. уваходзіў ва ўправу Стэмфардзкага аддзелу арганізацыі. У 1955 р. выйшаў з Рады БНР, а ў наступным року і з БАЗА. Спрычыніўся да заснаваньня Камітэту вызваленьня Беларусі.
Аўтар «Успамінаў»[1] (надрукаваныя ў 2-х тамох у 1982—1983 гг.), пазбаўленых палітычнай ангажаванасьці і поўных тонкага гумару ў апісаньні побыту ды й характараў беларускіх грамадзкіх дзеячоў як у Беларусі, так і на эміграцыі.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Галяк, Леанід Успаміны. Беларуская палічка. Праверана 29 кастрычніка 2019 г.
Літаратура
рэдагаваць- Юрэвіч, Л. Шматгалосы эпісталярыум : гісторыя людзей і ідэй на эміграцыі ў ліставанні / Лявон Юрэвіч. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны ; кн. 20). — Мн.: Кнігазбор, 2012. — 660 с. — ISBN 978-985-7007-43-1
- Лявон Юрэвіч. Літаратурны рух на эміграцыі. Менск, БГА, 2002.