Кіеўскі акадэмічны тэатар юнага гледача на Ліпках

тэатар у Кіеве

Кіеўскі акадэмічны тэатар юнага гледача на Ліпках (па-ўкраінску: Київський академічний театр юного глядача́ на Липках) — акадэмічны тэатар юнага гледача ў Кіеве (Украіна), найстарэйшая і традыцыйна галоўная тэатральная сцэна места для гледачоў дзіцячага веку.

Кіеўскі акадэмічны тэатар юнага гледача на Ліпках
Київський академічний театр юного глядача на Липках
Дата ўтварэньня 7 кастрычніка 1924
Тып тэатар юнага гледача
Месцазнаходжаньне Украіна, Кіеў, вул. Липська, 15/17
Дырэктар-мастацкі кіраўнік Віктар Гірыч
Сайт tuz.kiev.ua

Агульныя зьвесткі

рэдагаваць

Кіеўскі акадэмічны тэатар юнага гледача на Ліпках знаходзіцца ў Кіеве па адрасе: вул. Липська, буд. 15/17, м. Київ—01021. Мае дзьве залі на 408 і 80 глядацкіх месцаў адпаведна.

Дырэктар-мастацкі кіраўнік тэатру — Віктар Гірыч.

Мінуўшчына

рэдагаваць

Тэатар заснаваны ў 1924 року пад назовам Дзяржаўны тэатар для дзяцей імя І. Я. Франка і разьмяшчаўся ў будынку колішняга Пэдагагічнага музэю (вул. Володимирська, буд. 57). Першая прэм’ера — «Маўглі» паводле Р. Кіплінга — адбылася 8 лістапада 1924 року.

У 1926—1936 роках тэатар разьмяшчаўся ў колішнім кінатэатры «Ротэ фанэ» (цяпер Хрещатик, буд. 36); у 1936—1941 — у колішнім памяшканьні апэрэты Ліўскага (не захавалася). Да 1941 року былі пастаўленыя такія спэктаклі, як «Салавей» Г. К. Андэрсэна, «Хо» Я. Мамантава, «Платон Крэчат» А. Карняйчука, «Рэвізор», «Шлюб», «Сарачынскі кірмаш» паводле М. Гогаля, «Юнацтва Тараса» У. Сухадольскага, «Шахеразада» Д. Вогнева, «Дон Кіхот» М. Сэрвантэса, «Недаростак» Д. Фанвізіна, «Сава Чалы» І. Карпенкі-Карага, «Вільгельм Тэль» Ф. Шылера, «Шаўчэнкаўскі ранак» В. Чагаўца, «Мяшчанін у шляхецтве» і «Штукарствы Скапэна» Ж.-Б. Мальера, «Сіняя птушка» М. Мэтэрлінка, «Конік-гарбунік» П. Яршова, «Даходнае месца» А. Астроўскага, «Дзяцінства» і «Мяшчане» М. Горкага й іншыя.

Пасьля вайны ў 1948—1954 роках тэатар дзейнічаў на Малавасількаўскай (цяпер вуліца Шоты Руставэлі). З 1954 року займае цяперашні будынак на Ліпках.

У розныя гады насіў імя І. Франка, М. Горкага, Ленінскага камсамолу. У 1966 за спэктакль «Маладая гвардыя» быў узнагароджаны ўсесаюзнай прэміяй Ленінскага камсамолу і залатым мэдалём ляўрэата № 002. У 1974 ушанаваны ордэнам Працоўнага чырвонага сьцягу.

У 2004 року тэатру прысвоены статус акадэмічнага, пасьля чаго ён атрымаў сучасную назву.

Літаратура

рэдагаваць
  • Юного глядача театр // Київ. Енциклопедичний довідник., К.: УРЕ, 1981, стор. 709—710

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць