Кутнагорскі дэкрэт
Кутнагорскі дэкрэт (па-чэску: Dekret kutnohorský) — загад, які абмежаваў доступ іншаземцаў у праскі ўнівэрсытэт, выдадзены 18 студзеня 1409 падчас кіраваньня Вацлава IV. Ініцыятарамі выступіў перадусім Ян Гус, а таксама Геранім Праскі і Ян зь Есеніцаў, выбітныя прадстаўнікі рэфармацыйнае плыні ўнівэрсытэту. Паводле дэкрэту чэскі народ унівэрсытэту атрымліваў тры галасы, астатнія народы (саксонскі, баварскі і польскі) — адзін. «Народам» у сярэднявечных унівэрсытэтах зваліся суполкі, што аб’ядноўвалі студэнтаў і прафэсараў паводле краю іхняга паходжаньня. Чэскі народ у Праскім унівэрсытэце складалі ўсе студэнты і прафэсары, што паходзілі з Багеміі, Маравіі (у тым ліку нямецкамоўных), Вугоршчыны і Сяміградзьдзя.
У гусіцкую эпоху дыскусія пра Ўікліфавы працы падзяліла ўнівэрсытэцкую супольнасьць на два лягеры: чэскіх прафэсараў на чале з Гусам, якія былі за рэформу, і замежнікаў (у асноўным нямецкіх), якія былі супраць яе. У 1403 року нямецкай большасьцю галасоў была выдадзеная забарона на Ўікліфава вучэньне, якое было абвешчанае герэтычным. Напружанасьць у адносінах паміж рэфармісцкай групай, якая складалася пераважна з чэскага народу, і іншымі прафэсарамі і студэнтамі расла і вылілася ў адкрытае змаганьне за ўплыў ва ўнівэрсытэце.
Увесну 1408 року кардыналы нарэшце згадзіліся на скліканьне сабору ў Пізе, дзе мела разьвязацца пытаньне папскай схізмы. На Пізу ўскладаў свае надзеі й Вацлаў IV, які спадзяваўся, што тут (у асобе новаабранага Папы) вырашыцца і праблема аднаўленьня ягонага тытулу рымскага караля, якім ад 1402 валодаў Рупрэхт Пфальцкі. Паколькі праскі арцыбіскуп Зьбінэк Газэнбурскі, як і Рупрэхт Пфальцкі, перайшоў на бок Папы рымскага Рыгора XII, Вацлаў IV прапанаваў, каб унівэрсытэт таксама падаў заяву на ўдзел у Пізанскім саборы, спадзеючыся такім чынам займець падтрымку пры вырашэньні свайго пытаньня. Але тут паўставала праблема зь нямецкімі прафэсарамі і студэнтамі, якія апынуліся ў цяжкай сытуацыі. Цяпер яны вучыліся ў Празе, але па сканчэньні навучаньня, праўдападобна, будуць вяртацца ў Нямеччыну, дзе змогуць знайсьці годную працу. Адпаведна, там яны трапляюць пад уладу Рупрэхта Пфальцкага, які ўжо тады пачаў ім пагражаць, што ў выпадку, калі ўнівэрсытэт падтрымае Вацлава IV, у будучыні яны мецьмуць праблемы. Яшчэ адным важным аспэктам быў той факт, што канцлерам унівэрсытэту быў праскі арцыбіскуп.
У гэтай сытуацыі рэфармацыйная групоўка і ейныя дзеячы Геранім Праскі і адвакат Ян зь Есеніцаў (Ян Гус у той час захварэў і ня браў удзелу) накіраваліся ў Кутну Гору (альбо ў Точнік), дзе ў той час знаходзіўся валадар, каб параіцца, што рабіць. Да сёньняшняга дню застаецца нявысьветленым, ад каго пайшла ініцыятыва выданьня дэкрэту пра зьмену падліку галасоў ва ўнівэрсытэце. У некаторых крыніцах паведамляецца, што майстры «былі ўражаныя», з чаго зробленая выснова, што ідэя прыйшла ў галаву менавіта Вацлаву.
У выніку прыняцьця гэтай пастановы частка нямецкага прафэсарскага складу і студэнтаў (каля 800 чалавек) зьехалі з Прагі ва ўнівэрсытэты Вены, Кракаву, Гайдэльбэргу, Кёльну, Эрфурту, а таксама быў закладзены новы ўнівэрсытэт у Ліпску. З салідарнасьці Праскі ўнівэрсытэт пакінуў і шэраг юрыстаў, хоць іх дэкрэт і ня тычыўся. Чэхіфікацыя ўнівэрсытэту імгненна пазбавіла яго 80% чальцоў акадэмічнай супольнасьці. Замежныя пэдагогі і студэнты і надалей працягнулі байкатаваць Праскі ўнівэрсытэт.
Паводле зьвестак Інстытуту нацыянальнай спадчыны Чэхіі(cs) дэкрэт быў абгавораны і падпісаны ў замку Точнік пад Бэраўнам. У самім жа дэкрэце напісана: Дадзена на Горах Кутных васемнаццатага дня месяца студзеня.
Літаратура
рэдагаваць- FRIEDRICH, Gustav. Dekret Kutnohorský. Poměr jeho rukopisných textů // Český časopis historický. — 1909. — № 15. — С. I—XII.
- Šmahel, František Pražské univerzitní studentstvo v předrevolučním období 1399–1419. — Praha: Nakladatelství ČSAV, 1967.
- Nodl, Martin Dekret kutnohorský. — Praha: Nakladatelství Lidové noviny, 2010. — 452 с. — ISBN 978-80-7422-065-4
- František Šmahel, Martin Nodl. Kutnohorský dekret po 600 letech. Bilance dosavadního bádání // Český časopis historický. — 2009. — Т. 107. — № 1. — С. 1-45. — ISSN 0862-6111.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьЧэская Вікікрыніца зьмяшчае арыгінальныя матэрыялы, датычныя тэмы гэтага артыкула: |