Культурная антрапалёгія
Культу́рная антрапалёгія, культурантрапалёгія (па-ангельску: Cultural anthropology) — навуковы кірунак, які фармаваўся на працягу XIX — першай паловы XX стагодзьдзяў у краінах Заходняй Эўропы і ЗША. Яе заснавальнікам зьяўляецца амэрыканскі этноляг нямецкага паходжаньня Франц Боас(en) (1851—1942). Для культурнай антрапалёгіі характэрная падвышаная ўвага да аналізу духоўных працэсаў і фэномэнаў і адпаведна меншая ўвага да матэрыяльных артэфактаў і сыстэмаў сацыяльных адносінаў. Да ліку асноўных праблемаў культурнай антрапалёгіі адносяцца дынаміка разьвіцьця культуры, мэханізмы перадачы культурных каштоўнасьцяў ад пакаленьня да пакаленьня. У рамках культурнай антрапалёгіі ўлічваецца зьменлівасьць сутнасьці чалавека ў канкрэтна-гістарычнай разнастайнасьці культураў, што прадугледжвае пры аналізе чалавека абапірацца ня толькі на яго біялёгію і псыхалёгію, але і на гісторыю, сацыялёгію, тэалёгію, мастацтвазнаўства і іншыя гуманітарныя навукі.
Культурная антрапалёгія ў XIX стагодзьдзі
рэдагавацьВялікае значэнне для станаўлення тэарэтычнае праграмы доследу чалавека і культуры мелі працы Тэйлара «Першапобытавая культура», «Уводзіны да вывучэння чалавека і цывілізацыі (Антрапалёгія)», «Дагістарычны побыт чалавецтва і пачатак цывілізацыі» і інш., у якіх ён з пазіцыяў эвалюцыянізму даў антрапалягічнае тлумачэньне культуры, паклаўшы тым самым пачатак культураантрапалягічным досьледам. У рэчышчы эвалюцыянізму развіваліся даследаваньні Фр. Фрэзера, Дж. Мак-Ленана, Дж. Лябока, Ю. Ліперта, К. Д. Кавеліна, М. М. Ковалеўскага, М. І. Кулішэра, Н. Н. Міклуха-Маклая, Д. Н. Анучына, У. Г. Багараза і інш.
Сучасная культурная антрапалёгія
рэдагавацьАнтрапалёгія — вобласьць навуковага веданьня, у межах якой вывучаюцца фундаментальныя праблемы існаваньня чалавека ў прыродным і штучным асяродку. Культурная антрапалёгія — адмысловая вобласьць навуковых досьледаў, якая канцэнтруе ўвагу на працэсе ўзаемаадносінаў чалавека і культуры. Гэтая вобласьць веданьня склалася ў эўрапейскай культуры ў XIX ст. і канчаткова аформілася ў апошняй чвэрці XIX ст.
У замежнай літаратуры існуюць розныя падыходы да вылучэньня прадметнага поля гэтай навукі. Разуменьне культурнай антрапалёгіі выкарыстоўваецца дзеля пазначэньня адносна вузкай вобласьці, што звязаная з вывучэннем людскіх звычаяў, параўнальнымі доследамі культураў і супольнасцяў, навукаю аб чалавецтве, якая імкнецца да абагульненьняў паводзінаў людзей і да самага поўнага магчымага разуменьня разнастайнасці чалавецтва.
Культурная антрапалогія канцэнтруе ўвагу на праблемах генэзісу чалавека як творцы і твору культуры ў філагенетычным і антагенетычным плане. Галоўныя праблемы культурнаантрапалагічных доследаў звязаныя са станаўленнем чалавека як феномену культуры: культураванне асноўных інстынктаў чалавека, узнікненне адмыслова чалавечай канстытуцыі, будова цела чалавека ў ягонай сувязі з культурным асяродкам, паводзіны чалавека, станаўленне нормаў, забаронаў і табу, якія зьвязаныя з залучанасцю чалавека ў сістэму сацыякультурных зносінаў, працэсы інкультурацыі, уплыў культуры на палавы дымарфізм, сям’ю й шлюб, каханьне як культурны феномен, станаўленьне светаадчуваньня і светапогляду чалавека, міталёгія як культурная зьява і інш. Ня менш важныя ў сучасную эпоху пытаньні экалогіі чалавека і культуры, досьлед заканамернасці функцыянаваньня экакультурасістэмаў, паколькі станаўленьне чалавека як носьбіта культуры ня можа не ўключаць у сябе адзнаку ягонага месца і ролі ў захаваньні прыроды і культуры сучаснасьці.
Пасьля Другой сусьветнай вайны дасьледчыкі зьвяртаюцца да мэтадалёгіі структурна-функцыянальнага аналізу, што прыводзіць да зьяўленьня антрапалёгіі сацыяльнай (Маліноўскі, Радкліф-Браўн і іншыя). Новыя далягляды ў гэтай навуцы расчыніліся ў аналізе аспэктаў сацыяльных паводзінаў чалавека. Сацыяльная антрапалёгія, паводле прызнаньня заходніх навукоўцаў, прыйшла на месца этналёгіі як цэнтральная, «асяродачная» вобласьць антрапалёгіі культурнай.
Сацыяльная антрапалёгія дасьледуе станаўленьне чалавека як сацыяльнай істоты, а таксама асноўныя структуры і інстытуты, якія спрыяюць працэсу сацыялізацыі чалавека, і шэраг іншых пытаньняў. Ідэі сацыяльнай антрапалёгіі разьвівалі Маліноўскі, які разумеў культуру як сукупнасьць інстытутаў, што служаць задавальненьню першасных (фізыялягічных і псыхічных) і другасных, спароджаных самой культурай, патрэбаў людзёў; Радкліф-Браўн сьцьвярджаў, што сучасная антрапалёгія зьяўляецца функцыянальна абагульняючай і сацыялягічнай, гэтая навука параўнальная сацыялёгіі. Сацыяльная антрапалёгія надавала ўвагу працэсам узаемадзеяньня чалавека і культуры на стадыі цывілізацыі (гэта і цікавасьць да ўрбаністычнай культуры ў працах амэрыканскага дасьледчыка Р. Рэдфілда, што збольшага зьвязанае з пранікненьнем у культураантрапалягічны кірунак мэтадалёгіі структурна-функцыянальнага аналізу, з узмацненьнем уплыву сацыёлягаў — Дзюркгейма, Парсонса).
Л. Уайт яшчэ ў 1939 годзе прапанаваў стварыць адмысловую навуку культуралёгіі як агульнатэарэтычную дысцыпліну, зафіксаваў тагачасны крызіс культурнай антрапалёгіі; ейнае адрозненьне ад культуралёгіі Уайт бачыў у тым, што антраполагі замкнуліся ў экзатычным сьвеце бяспісьменнага мінулага, як у сховішча ад пякучых праблемаў сучаснасьці. Культуралёгія разумелася ім як агульнатэарэтычная і метадалягічная база для антрапалягічных досьледаў і як магчымасьць новага этапу развіцьця і асучасніваньня антрапалёгіі культурнай.
Далейшая эвалюцыя культурнай антрапалёгіі ўскладненая зьяўленнем кампрамісных мэтадалягічных усталёвак, зьвязаных з уплывам фрэйдызму на амэрыканскую культурантрапалёгію (Кардынер і ягоная школа «вывучэньня культуры і асобы») і з імкненьнем Эванс-Прычарда перафармуляваць структурна-функцыянальную мэтадалёгію ў тэрмінах «значэньняў» элемэнтаў культуры і ягоныя спробы зьліцьця антрапалёгіі з гісторыяй. У пасьляваенны пэрыяд у антрапалёгіі пачынаюць пераважаць кірункі, якія арыентаваныя на разуменьне значэньняў «іншых» культураў і прыцягненьне ў антрапалёгію мэтадаў лінгвістыкі (структурная лінгвістыка Ф. дэ Сасюра, фаналёгія Н. З. Трубяцкога, Р. Якабсана), што звязвалася з выпрацоўкай на гэтай аснове прыёмаў фармальнага аналізу фэномэнаў культуры. У навуцы зьяўляецца шмат варыянтаў сымбалічнай антрапалёгіі (Леві-Строс, Э. Ліч, У. Тэрнер і інш.).
Рэлевантная навуковая літэратура
рэдагаваць- Augé, M. Le Sens des autres: Actualité de l’anthropologie (1994);
- Augé, M. A Sense for the Other: The Timeliness and Relevance of Anthropology (1998).
- Augé, M. An Anthropology for Contemporaneous Worlds (1998).
- Barnard, A. History and Theory in Anthropology. Cambridge: Cambridge UP, 2000.
- BOAS, F.: Anthropology and Modern Life, New York, Norton 1928.
- BOAS, F. ed.: General Anthropology, Lexington, Heath 1938.
- BOAS, F.: Race, Language and Culture, New York, Macmillan 1940.
- Rapport, N. — Overing, J. Social and Cultural Anthropology. The Key Concepts. London — New York: Routledge, 2005.
- Dressel G. Historishe Athropologie. Vien 1995
- Hammersley, M. — Atkinson, P. Ethnography. Principles in Practice. London — New York: Routledge, 1996.
- Kuper, A. Anthropologist and Anthropology. The Modern British School. London: Routledge, 1996.
- SPRADLEY, J. P., McCURDY, D.: Anthropology: The Cultural Perspectives, New York, John Wiley 8c Sons, Inc. 1975.
- Культуралёгія XX стагодзьдзе. Энцыкляпэдыя. Том першы А-Л. З-П., Універсітэцкая кніга, 1998
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьКультурная антрапалёгія — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Дзеля паляпшэньня артыкулу неабходна:
|