Культура Масквы, сталіцы Расейскай Фэдэрацыі.

Сярод шматлікіх музэяў Масквы вылучаецца Пушкінскі музэй выяўленчых мастацтваў з багатаю калекцыяй копіяў твораў старажытнасьці і эпохі Рэнэсансу, пераважна заходнеэўрапейскіх аўтараў.

Сусьветную вядомасьць мае Трэцьякоўская ґалерэя, найбуйнейшы музэй расейскага выяўленчага мастацтва з калекцыяй у 40 000 карцін, малюнкаў, скульптураў ад XI стагодзьдзя да сучаснасьці.

Да славутасьцяў Масквы належыць і панарама Барадзінскае бітвы, пабудаваная Францам Робаўтам (1856—1928).

На ўсходзе ад цэнтру гораду, у былым Андроньнікаўскім кляштары, знаходзіцца музэй імя Андрэя Рублёва (1360—1430), мастака-манаха, майстра расейскага іконапісу і заснавальніка маскоўскае мастацкае школы XV стагодзьдзя. Музэй зьмяшчае расейскія іконы XIV—XVII стагодзьдзяў.

Архітэктура

рэдагаваць

Да шматлікіх славутасьцяў Масквы належаць многія творы будаўнічага мастацтва мінулага і сучаснасьці, помнікі вядомым пісьменьнікам, навукоўцам, дзяржаўным дзеячом, а таксама манумэнты ў гонар значных гістарычных падзеяў.

Самы значны помнік архітэктуры Масквы — Крэмль, старая фартыфікаваная частка гораду. З 1990 году Крэмль унесены ў сьпіс сусьветнае культурнае спадчыны ЮНЭСКО. Захаваўшыеся дагэтуль 19 вежаў і муры былі пабудаваныя ў XV стагодзьдзі. Сёньня ў Крамлі знаходзіцца рэзыдэнцыя прэзыдэнта Расейскае Фэдэрацыі.

Найстарэйшыя помнікі Крамля — Сабор Усьпеньня Маці Божае (1479), Добравешчанскі Сабор (1489) і Арханёльскі Сабор (1509), Царква Пакрова Маці Божае (1486), а таксама 80-мэтровая Звоньніца Івана Вялікага (1508).

Пазьней былі пабудаваныя Царква Дванаццаці Апосталаў і Патрыяршы Палац (XVII стагодзьдзе), Арсэнал (1737), а таксама будынак Сэнату (1787). У гэтым будынку з 1918 па 1922 год працаваў Уладзімер Ленін, ягоны кабінэт захоўваецца ў выглядзе, якім ён быў за часамі расейскае рэвалюцыі.

Будынак Збройнае палаты, пабудаваны ў 1851 годзе, зьмяшчае ўнікальны музэй старое зброі і ваенных трафэяў, вялікі збор царскіх каштоўнасьцяў, тронаў, карэтаў і іншых рэдкіх твораў расейскага і замежнага мастацтва, зьвязаных з гісторыяй Расеі. Непадалёк ад звоньніцы знаходзяцца Цар-звон і Цар-гармата, унікальныя помнікі расейскага ліцьця 16 і 18 стагодзьдзяў.

У 1961 годзе для праведзеньня зьездаў камуністычнае партыі на тэрыторыі Крамля быў пабудаваны Палац Зьездаў, дзе дагэтуль праводзяцца ўрачыстыя мерапрыемствы.

Чырвоная плошча

рэдагаваць
 
Уваскрасенская брама на Чырвонай плошчы

Крэмль стаіць на буйнейшай плошчы гораду — Чырвонай плошчы, якая з 1990 году належыць да сусьветнае культурнае спадчыны ЮНЭСКО.

На Чырвонай плошчы знаходзіцца маўзалей Леніна, дзе з 1920-х гадоў пакоіцца мумія расейскага рэвалюцыянэра. У мурах Крамля ў савецкія часы былі пахаваныя буйнейшыя камуністычныя дзеячы, а таксама вядомыя навукоўцы і дзеячы культуры.

 
Сабор Сьв. Васіля на Чырвонай плошчы

Найбольш вядомы будынак Чырвонай плошчы — гэта Сабор Сьв. Васіля, пабудаваны ў 1560 годзе. Каля яго стаіць помнік Кузьму Мініну і Дзьмітрыю Пажарскаму, героям вайны супраць польска-літоўскае інтэрвэнцыі пачатку 17 стагодзьдзя, пабудаваны ў 1818 годзе скульптарам Іванам Мартасам (1754—1835).

Зь іншага боку ад Крамлю знаходзіцца Аляксандраўскі сад з Магілаю невядомага жаўнера — помнікам загіблых у Другой сусьветнай вайне. З другога боку, у раёне буйнейшага расейскага гатэлю «Расея» находзяцца баярскія дамы 16—18 стагодзьдзяў і некалькі цэркваў таго самага пэрыяду.

Цьвярская вуліца

рэдагаваць

Цьвярская вуліца — галоўная вуліца Масквы. Тут пачынаецца дарога ў Цьвер і Санкт-Пецярбург. У 1930-я і 1940-я гады вуліца была пашыраная і забудаваная наноў. Некаторыя старыя будынкі былі перарушаныя ўглыб жылых кварталаў. Сёньня Цьвярская вуліца запоўненая прэстыжнымі гатэлямі, рэстаранамі і крамамі і яўляе сабою пэўную «вітрыну» посткамуністычнае Расеі.

У 1782 годзе па праекце архітэктара Матвея Казакова на Цьвярской была пабудаваная ратуша. Насупраць яе стаіць помнік заснавальніку Масквы Юрыю Даўгарукаму. Помнікі расейскім паэтам Аляксандру Пушкіну (аўтарства скульптара Аляксандра Апекушкіна, 1880 г.) і Ўладзімеру Маякоўскаму аўтарства Аляксандра Кібальнікава, 1958 г., стаяць на перакрыжаваньнях Цьвярской з Бульварным і Садовым кольцамі.

Бульварнае і Садовае кольцы

рэдагаваць

Напрыканцы XVI стагодзьдзя цэнтар Масквы быў абнесены мурам даўжынёй у 9 км з 30 вежамі, які не захаваўся да сёньняшняга дню. На месцы гэтага муру зьявілася Бульварнае кальцо. Звонку горад быў абнесены земляным валам даўжынёй у 16 км з палісаднікамі і драўлянымі абароннымі вежамі. Колішні контур вала сёньня абазначаны Садовым кальцом, ад якога промнямі зыходзяць найвялікшыя вуліцы Масквы.

Іншыя будынкі

рэдагаваць

Да іншых вядомых будынкаў Масквы належаць Астанкінскі палац, унікальны помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя, Астанкінская тэлевежа, пабудаваная ў 1967 г., гандлёвы дом ГУМ канца XIX стагодзьдзя, вуліца Арбат, упершыню згаданая ў 1493 г., Храм Хрыста-Ратавальніка, пабудаваны ў гонар перамогі над Напалеонам, разбураны і адноўлены ў 2000 годзе, а таксама сем «Сталінскіх хмарачосаў» — гатэль «Украіна», некалькі жылых будынкаў, будынак Міністэрства замежных справаў, Маскоўскі ўнівэрсытэт.

У чатырох кілямэтрах ад Крамля будуецца будучы дзелавы цэнтар Масквы — «Масква-City». Сярод іншых, плянуеццца пабудова найвышэйшага офіснага будынку Эўропы — «Федерация» («Фэдэрацыя») вышынёю ў 440 мэтраў. Першы камень у падмурак хмарачосу быў закладзены 9 лютага 2005 г., завяршэньне будоўлі плянуецца на 2007 г.

Масква славутая пампэзным і манумэнтальным мэтрапалітэнам. Пабудова мэтро пачалася ў 1932 годзе, першы адрэзак быў адчынены 15 траўня 1935 г. Многія старыя станцыі яўляюць сабою сапраўдныя шэдэўры архітэктуры і плястыкі сталінскае эпохі.

Найбольш вядомы са ста паркаў Масквы — Парк Культуры і Адпачынку імя М. Горкага. Ён знаходзіцца ў цэнтры места, на беразе ракі Масквы. У парку ляжаць шматлікія атракцыёны, станцыя чоўнаў, бары, рэстарацыі, кавярні, і ўзімку — каток.

У цёплы час у парку праводзяцца народныя гуляньні, на адкрытых пляцоўках праводзяцца канцэрты. Больш старая частка парку — Няскушны сад з маляўнічымі халмамі, прудамі і мастамі. У XVIII стагодзьдзі тут былі сады маскоўскага дваранства.

На паўночным усходзе Масквы знаходзіцца парк Сакольнікі плошчаю ў прыкладна 300 гектараў. Буйнейшы парк места — Ізмайлаўскі парк плошчаю ў 1800 га на паўночным усходзе.

Масква была месцам паведзеньня 22-х Алімпійскіх гульняў у 1980 годзе, а таксама многіх чампіянатаў сьвету і Эўропы, а таксама іншых спаборніцтваў. Места мае больш за 6000 спартовых аб’ектаў, сярод якіх да 100 стадыёнаў, 6 палацаў спорту, больш за 180 басэйнаў, больш за 2500 спартовых заляў, 3500 спартовых пляцовак, грэбны канал, водны стадыён, роварны трэк, 60 спартовых стрэльбішчаў і г. д.

Асноўны стадыён Масквы — «Лужнікі» — быў пабудаваны ў 1955—1956 гг. і ўмяшчае 84 000 гледачоў. Другі буйны стадыён — «Дынама» на 51 000 гледачоў. Пры абодвух стадыёнах акрамя ўласна спартовае арэны таксама ёсьць комплексы з спартовымі залямі, басэйнамі, трэніровачнымі пляцоўкамі ды іншымі установамі. У сувязі з кандыдацтвам Масквы на праведзеньнем Алімпійскіх гульняў 2012 году плянуецца пабудова дадатковых 300 спартовых установаў.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Культура Масквысховішча мультымэдыйных матэрыялаў