Куклі (археалягічны помнік)

археалягічны помнік у Вярэнаўскім раёне

Куклі (мясцовая назва — Баярскія магілы) — археалягічны помнік: каменны могільнік каля вёскі Куклі Вярэнаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці. За 1,5—2 км на захад ад вёскі, на пагорку сярод поля. Паходжаньне могільніку мясцовыя жыхары тлумачаць як вынік вайны баяр з крыжакамі. Выявіла ў 1982 годзе і абсьледавала ў 1988—1989 гг. Ала Квяткоўская (48 пахаваньняў), абсьледаваў у 1984 годзе Яраслаў Зьвяруга. Могільнік датуецца XII—XIII стагодзьдзі і канцом XIV — пачаткам XVII стагодзьдзя.

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  413В000135

Магілы згрупаваны па 2—3, цягнуцца няроўнымі радамі з поўначы на поўдзень. Больш старажытныя чаргуюцца з пазьнейшымі, ёсьць падзахаваньні. Пахавальны абрад — трупапалажэньне ў чатырохкутных ямах глыбінёй 0,8—1,3 м галавой на поўдзень ці паўднёвы захад. Каменныя вымасткі авальнай і падоўжана-авальнай формы (2,1х1,5х0,25 м, 2,7х1,7х0,25 м) з камянёў сярэдніх і малых памераў, часткова ці цалкам разбураныя. У галаве пахаваньняў — большыя камяні.

Пад вымасткамі выяўлены вуглі і фрагмэнты непаліванай ганчарнай керамікі чырвонага і брудна-жоўтага колераў. Чырвоныя збанкі зь невысокім, крыху адагнутым венчыкам, лінейным ці хвалістым арнамэнтам патулаве; выраблены з дрэнна перамяшанай гліны і слаба абпаленыя. Датуюцца XII—XIII стагодзьдзямі. Брудна-жоўтыя збанкі слоікападобныя, зь ледзь прыкметным рабром, па плечуках арнамэнтаваны перакрыжаванымі лініямі; выраблены з добра перамяшанай гліны, раўнамерна абпалены. Датуюцца XI—XIII стагодзьдзямі. Аналягі абодвух відаў збанкоў у пахаваньнях на паўднёвым усходзе Летувы, у курганным могільніку Пуцілкавічы (Ушацкі раён).

У запаўненьні магілы знойдзеныя фрагмэнты керамікі, у слаі гумусу — жалезныя нажы, бронзавыя і медныя пярсьцёнкі, бронзавая бразготка, двухлязовае крэсіва, паясное кольца, кавалак жалезнай пласьціны і медная бляшка ад рыштунку каня. Пад вымасткамі на глыбіні каля 0,3 м сьляды вогнішчаў, якія не дасягалі касьцей.

У большасьці пахаваньняў выяўлены рэшткі дамавін. Іх інвэнтар: медныя бляшкі ад галаўнога ўбору, шматпацеркавыя скроневыя кольцы зь медзі і срэбра, рознакаляровыя шкляныя пацеркі, бронзавыя бразготкі, медны крыжык, ракавіны каўры, сымбалічныя ключы, завушніцы, пярсьцёнкі, грошы і інш.

У 6 магілах без інвэнтару на заходнім ускрайку могільніку пахавальны абрад вызначаецца наяўнасьцю керамікі ў вогнішчах пад вымасткамі, дамавіны абмазаны глінай. Адноўлены з фрагмэнтаў гаршчок мае тонкі прамы венчык, датуецца XVII—XVIII стагодзьдзямі. Яго аналяг у каменным могільніку Коматава (Гарадзенскі раён).

Літаратура

рэдагаваць
  • Квяткоўская, А. В. Куклі / А. В. Квяткоўская // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 486—488. — ISBN 978-985-11-0353-5.
  • Квяткоўская, А. В. Куклі / А. В. Квяткоўская // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. — Мн.: «Беларуская Энцыклапедыя» імя П. Броўкі, 1993. — 702 с — С. 354—355. — ISBN 5-85700-077-7.