Кузьмічы (археалягічны помнік)
Кузьмічы — археалягічны помнік: паселішча нэаліту і бронзавага веку за 2—2,5 км на паўночны захад ад в. Кузьмічы (Любанскі раён, Менская вобласьць). Адкрыў Мікалай Крывальцэвіч у 1981 годзе. Сьляды паселішча знойдзены на пясчаным усходнім і паўднёва-ўсходнім берагах возера Кузьміцкае (паселішча-1А). Насупраць узвышшаў паўднёва-ўсходняга берагу, на дне возера знаходзіцца культурны пласт нэалітычнага часу (паселішча-1Б). У межах верхняга паселішча-1А напрыканцы 1980—1990-х г. Крывальцэвічам праводзіліся паверхневыя зборы.
Знойдзены фрагмэнты керамікі і крамянёвыя вырабы днепра-данецкай культуры, кола культуры шнуравой керамікі. На паселішчы-1Б у 1999—2002 гг. дасьледавана 130 м². Культурныя рэшткі былі перакрыты гумусаванымі алювіяльнымі адкладамі і залягалі ў донным аргана-мінэральным, чорнага колеру пласьце з глыбінёй 0,15—0,2 м ад паверхні дна. Культурныя рэшткі прасочваліся да глыбіні 0,4—0,45 м, да таго ўзроўню, дзе пачынаўся торф бурага колеру. Культурны пласт насычаны драўлянымі рэшткамі, у тым ліку са сьлядамі выкарыстаньня і апрацоўкі. Многія з іх захаваліся ў асмаленым выглядзе. На асобных участках раскопаў прасочвалася сыстэмнасьць у іх разьмяшчэньні: адзначалася нагрувашчваньне бярвёнаў і кіёў, якія маглі бьць рэшткамі пабудовы. Знойдзена каля 4 тысяч фрагмэнтаў нэалітычнага посуду 3-га ці 4-га этапу ўсходне-палескага варыянту днепра-данецкай культуры. Таксама вылучаецца невялікая колькасьць танкасьценнай керамікі з шамотавымі дамешкамі і сьлядамі заціраньня паверхні, традыцыі кола культуры шнуравой керамікі. Да нэалітычнага комплексу належаць таксама вырабы з косьці і рога: запаліраваная падвеска акруглай формы з адтулінай для падвешваньня, амулет з ікла дзіка, рог туру з папярочнымі надрэзамі і прабітай адтулінай, абломкі востраканечнікаў і інш. Выяўлена няшмат вырабаў з крэмню. Астэалягічны матэрыял дасьледаваўся А. Разлуцкай (млекакормячыя), В. Бахаравым (чарапаха), Э. Ляшкевіч (рыбы), Е. Курачкіным і Н. Зелянковым (птушкі). Суадносіны дзікіх і хатніх жывёл адпаведна 78 % і 22 %.
Культурны пласт помніка паселішча-1Б фарміраваўся ў нэаліце з 2-й паловы IV-га да канца III-га тыс. да н. э. На месцы верхняга паселішча-1А расьсяленьне працягвалася ў II-м тыс. да н. э. Верагодна, што Кузьмічы былі месцам лякалізацыі часовых паселішчаў.
Літаратура
рэдагаваць- Кривальцевич, Н. Н., Разлуцкая, А. А., Бахарев, В. А. Некоторые результаты археозоологических исследований на неолитическом поселении Кузьмичи 1 (Предполесье Беларуси) // Человек, адаптация, культура. — М.: Изд-во РАН, 2008. — С. 147—161.
- Крывальцэвіч, М. М. Даследаванне помнікаў неаліту і эпохі бронзы на Палессі / М. М. Крывальцэвіч // Гістарычна-археалагічны зборнік. — 2003. — № 18. — С. 259—260
- Крывальцэвіч, М. М. Кузьмічы / М. М. Крывальцэвіч // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя: у 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. Т. 1: А ― К. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — 492, [1] c. — С. 479—481. — ISBN 978-985-11-0353-5.