Кляштар марыявітак (Менск)
Помнік сакральнай архітэктуры | |
Кляштар марыявітак
| |
Краіна | Беларусь |
Места | Менск |
Дата заснаваньня | XVIII ст. |
Кляштар марыявітак — помнік архітэктуры XIX ст. у Менску. Знаходзіўся на Францішканскай вуліцы. У 2-й палове XIX ст. расейскія ўлады зруйнавалі кляштар.
Гісторыя
рэдагаваць26 чэрвеня 1771 году жонка старосты паройскага Кунэгунда Рушчыц (з Матушэвічаў) заснавала ў Менску кляштар каталіцкага манаскага ордэна марыявітак і ахвяравала яму пляц на Францішканскай вуліцы. У канцы XVIII ст. Менск заставаўся ледзьве не адзіным местам, у якім інтэнсіўна пашыралася дзейнасьць сясьцёр-марыявітак. Гэты каталіцкі ордэн не патрабаваў пажыцьцёвай адмовы ад сьвецкага жыцьця і аб’ядноўваў набожных жанчынаў, якія жадалі прысьвяціць сябе пропаведзі хрысьціянства ў асяродзьдзі юдэяў.
Паводле візытаў пачатку XIX ст., на тэрыторыі кляштару знаходзіўся вялікі драўляны жылы дом на мураваным падмурку, які законьніцы здавалі ў арэнду, драўляная афіцына (узьведзеная ў 1817 годзе), дзе яны жылі, стайня і вазоўня, хлеў, іншыя гаспадарчыя пабудовы і невялікі гарод. Тэрыторыю кляштару аддзяляў ад Францішканскай вуліцы драўляны паркан з брамай, завершанай каванай манаграмай Імя Панны Марыі[1].
Пры кляштары працавала школа, у якой выхаванак навучалі мовам, дамаводзтву і арытмэтыцы. Існавала невялікая бібліятэка, у якой налічвалася 26 кніг. У кляштары стала знаходзіліся 3—4 законьніцы, якія ня мелі капліцы і хадзілі на набажэнствы ў касьцёл езуітаў.
У 1850 годзе ўлады Расейскай імпэрыі зачынілі кляштар марыявітак[2], а ягоны пляц разам з будынкамі прадалі пад забудову жылымі дамамі[3].
Дадатковыя зьвесткі
рэдагаваць- У Менску рэшту жыцьця правёў заснавальнік ордэна марыявітак віленскі ксёндз Язэп Турчыновіч (памёр ў 1773 годзе)[4]
- У некаторых сучасных публікацыях[4][5][6] сустракаецца памылковая лякалізацыя кляштару на Траецкай Гары, дзе знаходзіўся касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі і шпіталь сясьцёр міласэрнасьці
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты. — Менск: «Про Хрысто», 2003.
- ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 188.
- ^ Дзянісаў У. Касцёлы г. Мінска ў XVI – пачатку XX стст. (паводле дакументаў НГАБ). Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Праверана 4 ліпеня 2012 г.
- ^ а б Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 52.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 553.
- ^ Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 54.
Літаратура
рэдагаваць- Каталіцкія святыні. Мінска-Магілёўская архідыяцэзія. Ч. 1. Будслаўскі, Вілейскі і Мінскі дэканаты / Тэкст і фота А. Яроменкі. Уводзіны Ул. Трацэўскага. — Менск: «Про Хрысто», 2003. — 256 с.
- Мінск. Стары і новы / аўт.-склад. У. Валажынскі; пад. рэд. З. Шыбекі — Менск: Харвест, 2007. — 272 с.: іл. ISBN 978-985-16-0092-8.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.