Клайв Сынклер
Сэр Клайв Марлз Сы́нклер (па-ангельску: Clive Marles Sinclair; 30 ліпеня 1940, Рычманд, Сарэй, Ангельшчына, Вялікабрытанія — 16 верасьня 2021, Лёндан, Ангельшчына, Вялікабрытанія) — ангельскі вынаходнік і прадпрымальнік, найбольш вядомы за свой унёсак у галіне побытавай электронікі.
Клайв Сынклер | |
Clive Sinclair | |
Сынклер у 1992 року | |
Імя пры нараджэньні | Клайв Марлз Сынклер |
---|---|
Дата нараджэньня | 30 ліпеня 1940 |
Месца нараджэньня | Рычманд, Сарэй, Ангельшчына |
Дата сьмерці | 16 верасьня 2021 (81 год) |
Месца сьмерці | Лёндан, Ангельшчына |
Месца вучобы | |
Прафэсія | вынаходнік, прадпрымальнік |
Месца працы | Sinclair Research |
Вядомы як | вынаходнік кішэннага калькулятара, ZX80, ZX81, ZX Spectrum |
Сябра ў | Мэнса[d] |
Жонка | Эн Трэвар-Брыскаў (1962—1985) Энгі Баўнэс (2010—2017) |
Дзеці | 3 |
Узнагароды | |
Заснаваўшы Sinclair Radionics, Клайв Сынклер у 1972 року выпусьціў першыя тонкія кішэнныя калькулятары Sinclair Executive. Пасьля займаўся вытворасьцю пэрсанальных кампутараў і вынайшаў першы брытанскі масавы кампутар Sinclair ZX80 коштам меней за 100£, а пазьней таксама ZX81 і ZX Spectrum. За свой унёсак у разьвіцьцё ПК атрымаў у 1983 року рыцарства.
Жыцьцяпіс
рэдагавацьДзед Джордж і бацька Джордж Ўільям Сынклеры былі інжынэрамі. Неўзабаве пасьля нараджэньня сына Тора Эдыт Эла Марлз дзеля бясьпекі зьехала з ваколіцаў Лёндану, а празь непрацяглы час іхні дом у Рычмандзе быў разбомблены. Бацька збудаваў новы дом у Брэкнэле (Бэркшыр). Тут нарадзіліся Клайваў брат Ейн (1943) і сястра Фіёна (1947).
У падрыхтоўчай школе Клайв паказаў здольнасьці ў матэматыцы. Але паколькі ў бацькавым бізнэсе пачаліся фінансавыя праблемы, сыну давялося некалькі разоў зьмяняць школы. Атэстат атрымаў у лёнданскай Гайгейцкай школе, атэстат па фізыцы, матэматыцы і дастасоўнай матэматыцы — у каталіцкім коледжы сьвятога Георгія ў Ўэйбрыджы.
Зарабляць пачаў кашэньнем газонаў і мыцьцём посуду ў кавярні. Пазьней пачаў падпрацоўку ў электронных кампаніях. Яшчэ ў школе напісаў першы артыкул для аматарскага радыёчасопісу Practical Wireless. Па сканчэньні школы вырашыў не паступаць па ўнівэрсытэт і зарабляў продажамі электронных набораў па перасылцы.
У 1958 року, у апошнім школьным клясе, Клайв Сынклер намаляваў схему свайго радыёэлектроннага набору „Марк I“. У 1959 року выйшла ягоная „1-я кніга аб практычных транзыстарных прымачах“, якая атрымала 9 перавыданьняў. У гэтым жа годзе апублікаваў кнігу аб практычным стэрэа, якая мела 7 перавыданьняў. Агулам у выдавецтве Bernard’s Publishing да 1962 року выйшлі 13 ягоных кнігаў.
25 ліпеня 1961 року Клайв Сынклер заснаваў „Sinclair Radionics Ltd“. Займаўся распрацоўкай набораў друкаваных электронных платаў і стварыў мініятурны набор для збору транзыстарных кішэнных прымачоў, але ня здолеў знайсьці фундаваньня. З гэтай прычыны ўладкаваўся тэхнічным рэдактарам часопісу „Instrument Practice“ ў выдавецтве „United Trade Press“ (UTP). У часе працы памочнікам рэдактара да 1969 року меў доступ да мноства прыладаў 36 вытворцаў.
У канцы 1960-х — пачатку 1970-х „Sinclair Radionics“ выпускала партатыўныя калькулятары, мініятурныя тэлевізары ды лічбавыя наручныя гадзіньнікі „Black Watch“. Апошні прадукт стаўся правальным, у 1975—1976 роках „Sinclair Radionics“ упершыню панесла фінансавыя страты. У пошуках інвэстыцыяў Сынклер прадаў 43% акцыяў Нацыянальнай прадпрымальніцкай радзе (НПР), але ў гэты час канкурэнцыя на рынку ўжо ўзрасла. Да 1979 року НПР вырашыла разьдзяліць „Sinclair Radionics“ на „Sinclair Electronics“ па выпуску электронных інструмэнтаў, тэлевізійнае і калькулятарнае аддзяленьні. Тады Клайв Сынклер сышоў з кампаніі.
У Кембрыджы ён далучыўся да кампаніі свайго колішняга супрацоўніка Крыстафэра Кары „Science of Cambridge Ltd“, якая выпускала наборы для збору наручных калькулятараў. У час прыходу ў кампанію Сынклера на рынку зьявіліся недарагія мікрапрацэсары, і ён прапанаваў пачаць продажы набору па зборцы мікрапрацэсараў, які стаў называцца MK14. Пасьля сыходу Кары ў заснаваную кампанію „Acorn Computers“ Сынклер працягнуў разьвіцьцё мікракампутарных набораў. На той час існавалі гатовыя кампутары кшталту Commodore PET цаной 700£, а Клайв Сынклер задаўся ідэяй стварыць падобную сыстэму да 100£. У траўні 1979 року пачалася праца над праектам ZX80, які стаў прадавацца па цане 79,95£ у самаробным наборы і 99,95£ у гатовым выглядзе. Продажы ZX80 імгненна сталі пасьпяховымі. „Science of Cambridge“ была перайменаваная ў „Sinclair Computers Ltd“, а пасьля ў „Sinclair Research Ltd“. У 1981 року выйшла новае пакаленьне мікракампутараў Sinclair ZX81, якія каштавалі 49,95£ і 69,95£ у канструктары і ў сабраным варыянце адпаведна. Гэта дапамагло „Sinclair Research“ стаць адным зь лідэраў у продажах кампутараў у Вялікабрытаніі ды ЗША, а таксама выйсьці на японскі рынак.
У лютым 1982 року кампутары Timex Sinclair пад ліцэнзіяй Сынклера ў ЗША стала выпускаць Timex. У красавіку выйшаў ZX Spectrum цаной 125£ за вэрсію з 16КБ памяці і 175£ за 48-КБ вэрсію. Гэта быў першы кампутар лінейкі ZX з каляровым вывадам. ZX Spectrum застаўся найбольш даступным сярод іншых кампутараў на рынку, што дапамагло яму замацавацца ня толькі ў нішы высокапрадукцыйных кампутараў, але і як выдатны варыянт для падлеткаў і моладзі. Дзякуючы гэтаму для ZX Spectrum зьявілася мноства штукарскіх відэагульняў, напісаных такімі самымі карыстальнікамі, што ў сваю чаргу дало пачатак разьвіцьцю індустрыі відэагульняў у Брытаніі.
ZX Spectrum хутка распаўсюдзіўся па Заходняй Эўропе, а ў сацыялістычных дзяржавах зьявіліся мноства ягоных клёнаў(en), пад якія ў сваю чаргу таксама было створана мноства гульняў. ZX Spectrum стаў самым прадаваным кампутарам у Вялікабрытаніі, да канца продажу якога ў 1992 року былі прададзеныя больш за 5 мільёнаў штук.
У сакавіку 1983 року Клайв Сынклер заснаваў яшчэ адну кампанію, „Sinclair Vehicles Ltd.“, якая займалася распрацоўкай электрычных аўтамабіляў. Адзіным ейным прадуктам стаў Sinclair C5, выпушчаны ў студзені 1985 року. Без папярэдняга вывучэньня рынку аўтамабіль стаўся поўным правалам, быў крытыкаваны за высокую цану, цацачны выгляд, брак сыстэмаў бясьпекі і слабую магутнасьць пры пад’ёме. Былі выпушчаныя толькі 14 000 асобнікаў пры чаканых продажах 100 000 за першы год, і ў жніўні таго ж году выпуск Sinclair C5 быў спынены.
Яшчэ адным няўдалым праектам Сынклера стаў Sinclair Research TV80, партатыўны тэлевізар з плоскім экранам на электронна-прамянёвай трубцы, выпушчаны ў 1983 року. У гэты час ужо пачала разьвівацца вадкаэкранная тэхналёгія, і выйшлі толькі 15 000 адзінак TV80. Тым ня меней, C5 і TV80 з тае пары лічацца прадуктамі, якія апярэдзілі свой час: цяпер электрамабілі і прагляд відэа на экранах смартфонаў сталі звычайнай зьявай.
Да канца 1984 року на рынку пэрсанальных кампутараў у Вялікабрытаніі пачалася вайна цэнаў між „Sinclair Research“ і „Acorn Computers“ зь ягоным BBC Micro. Зьмяншэньне прыбыткаў і правал C5 прывялі „Sinclair Vehicles“ пад вонкавае кіраваньне, і ў красавіку 1986 року Сынклер прадаў большую частку „Sinclair Research“ „Амстраду“ за 5 млн фунтаў. Рэшта кампаніі працягнула дасьледаваньні і выпуск мікрасхемаў, кампутараў Z88 і спадарожнікавых прымачоў пад маркай „Cambridge Computer Ltd“.
Да 1990 року „Sinclair Research“ складалася з самога Сынклера і яшчэ двух супрацоўнікаў; у асноўным кампанія выпускала асабісты транспарт, такі як электраравары Zike. У 2003 року пачалося супрацоўніцтва з ганконскай фірмай „Daka“, для якой выпускаліся водныя матацыклі ды інвалідныя вазкі.
У 2010 року Клайв Сынклер прадпрыняў другую спробу выпусьціць электрамабіль, цяпер Sinclair X-1, які меў падобны да C5 дызайн (за які той быў крытыкаваны), але з эрганамічнейшым сядзеньнем кіроўцы, мацнейшым рухавіком і большай батарэяй, а таксама значна зьменшанай з улікам інфляцыі цаной. Аднак X-1 так і ня выйшаў на рынак.
Прэміі і ўзнагароды
рэдагавацьЗа свой унёсак у разьвіцьцё індустрыі пэрсанальных кампутараў у Вялікабрытаніі Клайв Сынклер у 1983 року атрымаў ганаровыя ступені доктара навук унівэрсытэтаў Бату, Герыёта-Ўота і Ўорўіку. Таксама ў гэтым годзе атрымаў ад каралевы Вялікабрытаніі рыцарскае званьне.
У 1984 року стаў дзейным сябрам Імпэрскага коледжу Лёндану.
Асабістае жыцьцё
рэдагавацьЗь першай жонкай Эн мелі трох дзяцей: Крысьпіна, Барталамэў і Бэлінду. Шлюб скончыўся ў 1985 року з прычыны фінансавых цяжкасьцяў кампаніі. У 2010 року Клайв Сынклер ажаніўся з Энгі Баўнэс, разьвяліся ў 2017.
Клайв Сынклер уваходзіў у брытанскае аддзяленьне таварыства Мэнса, у 1980—1997 зьяўляючыся ягоным старшынём.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Who's who (брыт. анг.) — (untranslated), 1849. — ISSN 0083-937X