Кембр

пэрыяд палеазойскай эры
(Перанакіравана з «Кембар»)

Кембрыйскі пэрыяд (сыстэма), кембр (ад лацінскае назвы Валіі ў Вялікабрытаніі) — першы пэрыяд палеазойскае эры. Пачаўся 542 мільёны гадоў таму і цягнуўся 54 мільёны гадоў.

Палеагеаграфія

рэдагаваць

У пачатку пэрыяду Афрыка, Аўстралія, Антарктыда, Паўднёвая Амэрыка і Індастан аб’ядналіся ў супэркантынэнт Гандвана. Рэшта кантынэнтаў — Паўночная Амэрыка, Балтыя й Сыбір — таксама знаходзіліся ў паўднёвым паўшар’і. Мелася тры акіяны — Панталяса, які займаў амаль усё паўночнае паўшар’е, Прататэтыс паміж паўночнымі кантынэнтамі й Гандванай і Япэт на поўдні ад Паўночнае Амэрыкі.

Арганічны сьвет

рэдагаваць

Пачатак кембру адзначаны так званым эвалюцыйным выбухам, па якім шматразова ўзрасла разнастайнасьць шматклеткавых жывёлаў і зьявіліся бадай што ўсе сучасныя тыпы царства жывёлаў, у тым ліку й зьніклыя — архэацыяты, лябаподы або падтып трылябіты. Найбольш поўна прадстаўленая кембрыйская фаўна была апісаная ў 1909 року са сланцаў Бэрджэс у Паўночнае Амэрыцы.

Стратыграфічны падзел

рэдагаваць

Кембр падзяляецца на чатыры эпохі й дзесяць вякоў. У адрозьненьне ад іншых пэрыядаў фанэразою, ня ўсе зь іх маюць уласныя назвы.

У Беларусі

рэдагаваць

Адклады кембру распаўсюджаныя на паўночным захадзе і паўднёвым захадзе Беларусі, найбольш поўныя зь іх — у Берасьцейскай упадзіне, дзе яны залягаюць на пародах вэнду й перакрыюцца ардавіцкімі й юрскімі адкладамі. Часам сустракаюцца рэшткі вымерлае фаўны. Магутнасьць адкладаў да 350—400 мэтраў. На тэрыторыі Беларусі кембр падзяляецца на дзьве эпохі: ніжнюю, у якой выяўленыя балтыйская й беражкоўская сэрыі, і сярэднюю.

Фізычна-геаграфічнае становішча тэрыторыі Беларусі. Карысныя выкапні

рэдагаваць

Пачатак пэрыяду ўва ўсім сьвеце быў адзначаны даволі нізкімі тэмпэратурамі, што захаваліся па апошнім позьнепратэразойскім зьледзяненьні, якое было наймацнейшым у гісторыі плянэты. У ніжнім кембры мора займала захад Беларусі, дзе адкладаліся ападкі балтыйскае й беражкоўскае сэрыяў. Першая складзеная ў дольнай частцы розназярністымі палявашптава-кварцавымі пясчанікамі з дадаткам гляўканіту, гравэлітаў і глінаў. Вышэй знаходзяцца гліны з дадаткам пясчанікаў і алеўралітаў з гляўканітамі, фасфарытамі й рэшткамі чарвякападобных бесхрыбетных. Горную частку сэрыі ўтварае жалезіста-каалінавая кара выветраваньня. Беражкоўская сэрыя складзеная ў ніжняй частцы шэрымі кварцавымі, добра адсартаванымі пясчанікамі з дамешкам алеўралітаў, часам глінаў; у сярэдняй — шэрымі кварцавымі алеўралітамі з дамешкам глінаў, радзей пясчанікаў; у верхняй — сьветла-шэрымі кварцавымі пясчанікамі з дамешкам алеўралітаў, радзей глінаў з фосфарам і гляўканітам. У адкладах сэрыі сустракаецца фаўна трылябітаў, плечаногіх і іншых бесхрыбетных. Сярэдні кембр мае магутнасьць да 50 мэтраў і ўтвораны кварцавымі пясчанікамі з дамешкам алеўралітаў ды глінаў.

Літаратура

рэдагаваць
  • Белорусская ССР: Краткая энциклопедия в 5 т. / Ред. колл.: П. У. Бровка и др. — Мн.: Гл. ред. Белорус. Сов. Энциклопедии, 1979. — Т. 2. Природа. Экономика. Народное благосостояние. — 768 с — 50 000 экз.