Кастэль (Каталёнія)
Кастэ́ль (па-каталянску: castell — «замак») або чалавечая вежа — традыцыйная каталёнская забава, якая палягае ў выбудаваньні як мага вышэйшай пабудовы зь людзей, якія станаюць на плечы адзін аднаму.
Мінуўшчына
рэдагавацьТрадыцыя будаваньня кастэляў бярэ свой пачатак у правінцыі Тарагона на поўдні Каталёніі, дзе ёсьць найпапулярнейшаю й цяпер. Валенсійская традыцыя муішэранга уяўляе адну з адменаў падобных людзкіх вежаў. Лічыцца, што як і муішэранґа, так і кастэлі паходзяць ад даўніх рэлігійных рытуальных працэсіяў муйшыґанґа (кат. moixiganga), але ў адрозьненьне ад валенсійскай традыцыі, кастэль амаль страціў сваю рэлігійнасьць, ператварыўшыся на сьвецкую забаву для шырокай публікі — змаганьне, хто пабудуе найбольшую вежу.
Кастэлі «будуюцца» пад час разнастайных фэстаў у Каталёніі (у наш час здабылі агульнагішпанскую папулярнасьць) у самым цэнтры места — на рынкавым пляцы, частка каля палацу або мэрыі пад акампанэмэнт запальнай музыкі, часта пад суправаджэньне ігры на ґральлі (кат. gralla), адмене флейты. Узводзяць кастэлі адмысловыя каманды кастальераў (кат. colles castelleres), якія пастаянна змагаюцца за ўзьвядзеньне найвышэйшага кастэлю. Сярод найвядомейшых калектываў — «Els Xiquets de Valls», «Els Nens del Vendrell» і інш.[1].
Сэзон кастэляў у цэлым трывае ў Каталёніі з чэрвеня да канца лістапада, з абавязковымі найістотнейшымі турнірамі кастэлье, у прыватнасьці на Фэсьце ласкі (кат. La Mercè Festival) ў Барсэлёне ў верасьні, на Дні сьв. Урсулы (кат. Diada de Santa Ursula) у Бальшы напрыканцы лістапада. Акрамя будаваньня кастэляў на сьвяты ёсьць і адмысловыя спаборніцтвы кастэлье, якія адбываюцца раз на два рокі ў Тарагоне ў першую нядзелю лістапада.
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Кастэлье Барсэлёны (кат.)
- Папулярныя каталёнскія традыцыі (анг.)