Зімачка
Зі́мачка (трансьліт.: Zimačka) — шосты студыйны альбом беларускага этна-трыё «Троіца», запісаны з польскім гукарэжысёрам, намінантам на прэмію «Грэмі». Дыск атрымаў шмат захопленых водгукаў ад беларускіх[1][2][3] і замежных аглядальнікаў[4][5] і лічыцца лепшым альбомам «Троіцы»[6][7].
Зімачка | ||
---|---|---|
Студыйны альбом «Троіцы» | ||
Выдадзены | 8 красавіка 2011 | |
Жанр | фолк, этнічная музыка | |
Працягласьць | 61:14 | |
Мова | беларуская | |
Выдавец | «Вігма» | |
Прадусар | Томаш Рагула | |
Храналёгія «Троіцы» | ||
Жар-жар (2008) |
Зімачка (2011) |
Цар-агонь (2018) |
Прафэсійны агляд | ||
|
Кружэлка стала другой супрацай гурта з замежнымі гукарэжысёрамі — першы раз у Беластоку запісваўся альбом Сон-трава. Гэтым разам запіс зроблены ў варшаўскай студыі «TR Studios» прадусарам і гукарэжысёрам Томашам Рагулам. Вынікам стала яшчэ больш дасканалае і празрыстае гучаньне, дзякуючы чаму сьпевы атрымалі большую цэласнасьць[8]. Па словах вакалісту гурта Івана Кірчука, альбом ствараўся на працягу некалькіх гадоў і за гэты час было прапісана больш за 400 песень, якія потым зьвялі ў дзевяць.
Пра альбом
рэдагавацьУ кружэлку ўвайшлі беларускія народныя сьпевы з розных рэгіёнаў краіны, сабраныя падчас этнаграфічных экспэдыцый і ўзятыя з архіву Акадэміі навук. Асаблівасьцю новага альбому зьяўляецца незвычайная структура песень, якія сталі больш працяглымі — часам да дзесяці хвілінаў.
У музычнай частцы задзейнічаны такія нехарактэрныя для беларускага фальклёру інструмэнты, як калімба, дарабука, гляк і гонг. Нягледзячы на гэта, сьпевы не згубілі сваёй мэлядычнай структуры і ня страцілі сувязі з фальклёрам. Больш вытанчаны гук у спалучэньні са складанай музычнай канструкцыяй аддалілі кампазыцыі ад традыцыйнага песеннага выгляду, таму працу можна аднесьці і да акадэмічнай музыкі[2].
Як засьведчыў Іван Кірчук, спачатку ў альбоме плянавалася восем песень, але ўжо знаходзячыся ў студыі музыкі прыдумалі новую кампазыцыю «Сонца коціцца».
Рэцэнзіі
рэдагавацьАльбом карыстаўся вялікім посьпехам у музычных аглядальнікаў. На адным з найбуйнейшых сайтаў, прысьвечаных рэцэнзаваньню беларускай музыкі Experty.by ён атрымаў сярэднюю адзнаку 9,5 з 10. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў за гісторыю праэкту. Заснавальнік «Тузіну гітоў» Сяргей Будкін напісаў, што «зь дзевяці трэкаў альбома вылучыць нешта немагчыма – кожны зь іх як асобны твор мастацтва, які трэба смакаваць, каб прасякнуцца напоўніцу». Журналіст Зьміцер Безкаравайны быў уражаны вакалам Івана Кірчука, які «ня толькі па-майстэрску сьпявае рознымі галасамі, але і часам выконвае нейкія неверагодныя рэчы без слоў»[1]. Крытык і публіцыст Яўген Даўгіх назваў альбом «шэдэўрам» і «самай мастацка значнай і канцэптуальнай працай трыа». Ён правёў аналёгію з Горанам Брэгавічам і выказаўся, што «Троіца» зусім не саступае, а ў нечым нават пераўзыходзяць яго[2].
Замежныя аглядальнікі таксама высока адзначылі працу. Andrew Cronshaw з часопісу «fRoots» адзначыў, што «Зімачка — выдатная і даволі ўражлівая кружэлка буяных мерных рытмаў і бясстрашных інструмэнтальных палотнаў»[9]. Нямецкі часопіс «Ecliped» назваў лепшым сьпевам альбому «Козку» і выказаў думку, што ў выніку атрымаўся твор з рысамі мадэрнізму[10].
Зімачка — самы тытулаваны альбом гурта: на ўзнагародах партала Experty.by ён перамог у намінацыях «Лепшы фолк-альбом», «Лепшы беларускамоўны альбом», «Прыз народных экспэртаў», «Прыз вялікага журы» і перамог у галоўнай катэгорыі «Альбом году». У 2018 годзе гэтым сайтам было здзейсьнена апытаньне васьмі беларускіх музычных крытыкаў і складзены ліст дзесяці лепшых айчынных альбомаў 2008—2018 гадоў, дзе гэты альбом заняў другое месца[7], такім чынам стаўшы адным з лепшых ва ўсёй беларускай музыцы.
Прысьвячэньне
рэдагавацьНа вокладцы дыску зьмешчана прысьвячэньне продкам, напісанае Іванам Кірчуком:
Далёка-далёка, нібы ў Вечнай Мерзлаце, ляжыць Мудрасць нашых Продкаў. Сучасны свет, глабалізацыя ледзяным панцырам скавалі і схавалі ад нас гэтыя Клады. Вяртанне да Каранёў! Дыханне музыкі растопіць гэты лёд! І як нябачныя ніці пачнуць цягнуцца да нас Сіла і Мудрасць Дзядоў-Прадзедаў. Мы ўпэўнены, што калі-небудзь наступіць Адліга (ва ўсім!). Зазвіняць вясновыя карагоды, затрашчаць купальскія вогнішчы і зальюцца весялосцю восеньскія кірмашы. Ці Вы знайшлі для гэтага месца ў сваіх Душах? А калі так, то праз Кола Вечнасці мы дакранёмся да сакральнага — да Праху Нашых родных, дарагіх, пазабываных Прашчураў. Тады ізноў, як сотні гадоў таму назад, набудзем страчаную Сілу, Моц і Здароўе! «Бо ўжо Пара прыйшла».
Зьмест
рэдагаваць№ | Назва | Працягласьць | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
1. | «Зімачка» | 6:18 | |||||||
2. | «Мар’я» | 6:37 | |||||||
3. | «Козка» | 6:14 | |||||||
4. | «Котка» | 6:10 | |||||||
5. | «Казачэ» | 6:58 | |||||||
6. | «Родзе» | 4:47 | |||||||
7. | «Як з двара…» | 6:32 | |||||||
8. | «Дабранач» | 7:36 | |||||||
9. | «Сонца коціцца» | 9:58 | |||||||
61:14 |
Удзельнікі запісу
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ а б Троіца Зімачка (+аўдыё)
- ^ а б в Внештатный эксперт Е.Долгих: Троіца Зімачка
- ^ Внештатный эксперт Т.Замировская: Троіца Зімачка
- ^ Belarusian Masters Of Ethno Fusion
- ^ Троіца Зiмачка
- ^ Троіца Зімачка — лучший альбом за 5 лет (+аудио)
- ^ а б Лучшие альбомы 2008-2017 (+аудио)
- ^ "Троіца" выпускае новы альбом у спадзеве на адлігу
- ^ Review fRoots magazine (aug/sept 2011, # 328/329, p. 79)
- ^ Rock-magazin "Eclipsed" 6/2013.