Зьмітро Бяспалы

беларускі пісьменьнік

Зьмітро Аляксандравіч Бяспалы[1] (нар. 28 жніўня 1934 году, вёска Вялікі БорХвойніцкі раён, Гомельская вобласьць) — беларускі пісьменьнік.

Зьмітро Бяспалы
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 28 жніўня 1934 (90 гадоў)
в. Вялікі БорХвойніцкі раён, Гомельская вобласьць
Памёр 7 ліпеня 1999(1999-07-07) (64 гады) або 1997
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці пісьменьнік
Мова беларуская, расейская
Дэбют 1963

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся 28 жніўня 1934 году ў вёсцы Вялікі Бор Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці ў сялянскай сям’і. У 1956 годзе скончыў Рэчыцкі землеўпарадчы тэхнікум. Працаваў землеўпарадчыкам у Гарадзенскай вобласьці. Служыў у Савецкай Арміі. Пасьля дэмабілізацыі (1958) паступіў на аддзяленьне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (скончыў у 1963). Адначасова працаваў у часопісе «Вожык» — супрацоўнікам, намесьнікам рэдактара аддзелу фэльетонаў. З 1972 году — адказны сакратар інфармацыйна-мэтадычнага бюлетэня «Родная прырода», а з 1977 году — пасьля рэарганізацыі бюлетэня ў часопіс — яго галоўны рэдактар. Сябра Зьвязу пісьменьнікаў СССР з 1974 году.

Творчасьць

рэдагаваць

Першае гумарыстычнае апавяданьне было надрукавана ў 1963 годзе. Піша на беларускай і расейскай мовах. Выдаў зборнікі гумарыстычных апавяданьняў «Сякера пад лаваю» (1970), «Ад варот паварот» (1977). Для дзяцей напісаў кнігі аб прыродзе Беларусі «Лясныя хітруны» (1969; дапоўненае выданьне ў 1986), «У лясной каморы» (1972), «Мядзьведзеў пачастунак» (1976), «Страшны зьвер» (1978), «Дзіўны птах» (1981), «Казкі Сіняга лесу» (1983), «С полным лукошком: Записки грибника» (1985), «Звери Беловежской пущи» (1987), «Птицы Беловежской пущи» (1988). Склаў зборнік «Беларускія народныя жарты» (1970), адзін з аўтараў фотаальбома «Пакланіся прыродзе» (1984).

  1. ^ Зьмест / гал.рэд. Дзьмітры Аляксандравіч Бяспалы // Родная прырода : часопіс. — Менск: Дзяржаўны камітэт аховы прыроды Беларускай ССР, студзень 1982. — № 1. — С. 1. — ISSN 0131-601х.