Землеўпарадкаваньне Марсу (настольная гульня)

гульня на дошцы

«Землеўпара́дкаваньне Ма́рса» (па-ангельску: Terraforming Mars) — гульня на дошцы для 1—5 гульцоў, распрацаваная Якабам Фруксэліюсам і выдадзеная ў 2016 року. У гэтай стратэгіі гульцы выконваюць ролю карпарацыяў, якія супрацоўнічаюць у засваеньні Марсу шляхам павышэньня тэмпэратуры плянэты, насычэньня атмасфэры тленам, напаўненьня паверхні вадой і стварэньня расьліннасьці і жывёльнага сьвету.

«Землеўпарадкаваньне Марсу»
Самастойная гульня ў «Землеўпарадкаваньне Марсу»
Дата выпуску 2016
Краіна паходжаньня
Распрацоўнік(і) Якаб Фруксэліюс
Аздабляльнік(і) Ісаак Фруксэліюс
Выдавец FryxGames
Жанр(ы) картавая гульня[d]
Колькасьць гульцоў 1—5
Дыяпазон узростаў ад 12 гадоў
Працягласьць гульні 120 хвілінаў
Уплыў выпадковасьці сярэдняя
Неабходныя ўменьні стратэгія, тактыка, лёгіка
Сайт fryxgames.se/prod… (анг.)

Гульнявы працэс

рэдагаваць

Гульцы ў ролі зямных карпарацыяў спаборнічаюць у справе землеўпарадкаваньня Марсу. Гульнявая дошка ўяўляе сабой мапу паверхні плянэты, на якой разьмешчаная 61 шасьцікутная плітка, кожная зь якіх адпавядае прыкладна 1% паверхні Марсу. Гэтыя пліткі прызначаныя для разьмяшчэньня акіянаў, расьліннасьці, местаў ды іншых аб’ектаў. Мэта гульні — дасягнуць трох прыдатных для засяленьня ўмоваў:

  • падняць узровень атмасфэрнага тлену да 14%;
  • падняць сярэднюю тэмпэратуру ад −30° да +8 °C;
  • пакрыць 9% паверхні Марсу акіянам.

Гэтых мэтаў гульцы дабіваюцца, разыгрываючы карткі з разнастайнымі тэхналёгіямі альбо збудаваньнямі, прызначанымі для землеўтварэньня Марсу. Гульня дзеліцца на некалькі пакаленьняў, кожнае зь якіх адпавядае аднаму колу. Пакаленьне складаецца зь некалькіх фазаў:

  • выцягваньне картак;
  • выкананьне дзеяньняў:
    • выкарыстаньне картак;
    • задзейнічаньне эфэктаў ужо згуляных картак;
    • купляньне магчымасьцяў, прысутных на дошцы;
  • зьбіраньне прыбытку і рэсурсаў.

Пасьля гэтага надыходзіць новае пакаленьне.

Адной з унікальных асаблівасьцей «Землеўпарадкаваньня Марсу» ёсьць сыстэма «рэйтынгу землеўпарадкаваньня» (РЗ). Выконваючы дзеяньне, што павялічвае адну з трох глябальных умоваў землеўпарадкаваньня, гулец падвышае і ўласны РЗ. Гэты рэйтынг ня толькі ўплывае на колькасьць здабытых гульцом пераможных пунктаў, але і падвышае ягоны прыбытак у канцы кожнага пакаленьня.

Калі дасягнутыя ўсе тры глябальныя парамэтры землеўпарадкаваньня, гульня працягваецца да апошняй фазы дадзенага пакаленьня. Пасьля гэтага адбываецца падлік рэйтынгаў землеўпарадкаваньня, пабудаваных гульцамі плітак местаў і расьліннасьці, асабістых дасягненьняў і згуляных картак. Перамагае гулец з найбольшай сумай паказьнікаў.

Пашырэньні

рэдагаваць

Выйшлі пяць дадаткаў да гульні:

  • «Эляда і Элізіюм» (анг. Hellas and Elysium; 2017), які ўключае новую двухбаковую гульнявую дошку з двума новымі рэгіёнамі Марсу, кожны з уласным рэльефам і дасягненьнямі ў канцы гульні
  • «Наступная — Вэнэра» (анг. Venus Next; 2017), які ўключае новую гульнявую дошку Вэнэры з новымі можнасьцямі землеўпарадкаваньня і новымі карткамі пра Вэнэру
  • «Прадслоўе» (анг. Prelude; 2018) з новымі карткамі, якія гульцы атрымліваюць у пачатку гульні дзеля паскарэньня свайго разьвіцьця і марсаўпарадкаваньня
  • «Калёніі» (анг. Colonies; 2018), які дадае тэрыторыі для калянізацыі і падарожжаў у Сонечнай сыстэме, прадастаўляючы альтэрнатыўныя спосабы здабываньня рэсурсаў без патрэбы разыгрываньня картак
  • «Узрушэньне» (анг. Turmoil; 2019), які дадае марсіянскі ўрад з рознымі палітычнымі фракцыямі з уласнымі праграмамі, на якія гульць могуць уплываць, каб атрымліваць разнастайныя бонусы

Відэагульня

рэдагаваць

У 2018 року пабачыла сьвет кампутарная адаптацыя «Землеўпарадкаваньня Марсу» францускага выдаўца «Asmodee Digital»[1].

Часопіс «Папулярная мэханіка» ўключыў «Землеўпарадкаваньне Марсу» ў 50 найлепшых гульняў году[2]. Паводле стану на 4 лютага 2022 гульня займала 4-е агульнае месца ў сьпісе паводле вэрсіі BoardGameGeek[3].

  1. ^ Asmodee Digital unveils Terraforming Mars—the only board game on PC that takes players to the Red Planet (анг.). PC Gamer (2 красавіка 2018). Праверана 10 ліпеня 2020 г.
  2. ^ Herkewitz, William (17 студзеня 2019) The 50 Best New Board Games (анг.). Popular Mechanics. Праверана 10 ліпеня 2020 г.
  3. ^ Browse Board Games (анг.). BoardGameGeek. Праверана 4 лютага 2022 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць