Залатая вулачка
Залатая вулачка (па-чэску: Zlatá ulička) — старажытная вуліца Прагі, якая знаходзіцца ў Праскім Градзе. Вызначаецца карлікавымі двухпавярховымі дамамі, убудаванымі ў аркі былой крапасной сьцяны. Вулачка зьяўляецца адным з сымбаляў гораду.
Гісторыя
рэдагавацьВулачка зьявілася ў выніку стыхійнай забудовы тэрыторыі Праскага Граду і першапачаткова называлася Златніцка вулачка (гэта значыць Ювэлірная вуліца). Гэтая назва паходзіць ад чаканшчыкаў па золаце, якія жылі і працавалі на гэтым месцы. У 1597 годзе, паводле ўказу імпэратара Рудольфа II, прастора пад аркамі Ўладзіслаўскай крапасной сьцяны была аддадзеная ў распараджэньне 24-м стральцам Граду, якія несьлі вартаўнічую службу каля брамы, а таксама пільнавалі зьняволеных. Неўзабаве вулачка стала цалкам рамеснай, і на ёй пасялілася праская бедната.
Існуе легенда, што на гэтай вуліцы жылі алхімікі, але гэта ня так. Дзякуючы гэтай легендзе залатую вулачку яшчэ называюць вуліцай алхімікаў.
Аж да Другой сусьветнай вайны домікі выкарыстоўваліся пад жыльлё, у адным з такіх домікаў (дом № 22) з 1916 па 1917 гады працаваў Франц Кафка.
Залатая вулачка цяпер
рэдагавацьЦяпер вулачка зьяўляецца папулярным турыстычным месцам, карлікавыя домікі пераабсталяваны пад сувэнірныя крамы з разнастайнымі галерэямі і экспазыцыямі.
За прагулку па Залатой вулачцы трэба плаціць 250 чэскіх крон. Пасьля 18-00 уваход вольны, аднак бальшыня сувэнірных крамаў дагэтуль зачыняюцца.