Жыдоўская незалежная рабочая партыя

палітычная партыя Расейскай імпэрыі

Жыдо́ўская незале́жная рабо́чая па́ртыя (ЖНРП), таксама вядомая як «незалежнікі», «легалізатары», «зубатаўцы», «эканамісты»[1] — арганізацыя жыдоўскіх рамесных рабочых і прыказчыкаў. Заснаваная ў ліпені 1901 р. у Менску прыхільнікамі «паліцэйскага сацыялізму» Марыяй Вільбушэвіч, Г. І. Шаевічам, Ю. Воліным, І. Гольдбэргам, А. Чамярыскім ды інш.

Жыдоўская незалежная рабочая партыя
Дата заснаваньня 1901
Распушчаная 1903
Штаб-кватэра
Ідэалёгія паліцыйны сацыялізм

Створаная зь ініцыятывы і пад кіраўніцтвам начальніка Маскоўскага ахоўнага аддзяленьня Сяргея Зубатава з мэтай барацьбы супраць сацыял-дэмакратаў, эсэраў, Бунду, за поўнае адмаўленьне жыдоўскіх рабочых ад рэвалюцыйнай барацьбы супраць самадзяржаўя. Мела аддзяленьні ў Адэсе, Вільні (з 1902), Гародні. Сябры ЖНРП мэтай сваёй дзейнасьці абвясьцілі павышэньне «па меры магчымасьці» эканамічнага і культурнага ўзроўню жыдоўскага пралетарыяту шляхам разьвіцьця шырокіх эканамічных арганізацыяў, арганізацыяў культурных дзеяў, узаемадапамогі, асьветніцкіх клюбаў, лекцыяў і іншага. Умяшаньне рабочых у палітыку партыя цалкам выключала, прапаведавала пакору перад уладамі, расхвальвала самадзяржаўе як пазаклясавую, схільную да справядлівасьці форму ўлады.

Партыя дамагалася мірнага разьвязаньня канфліктаў паміж рабочых і прадпрымальнікаў, а ў выпадках іх супраціўленьня — аб’яўляла баставаньні. Пад апекай палітычнай паліцыі яна наладжвала ў Менску агульнагарадзкія і цэхавыя культурна-асьветніцкія вечары, чытаньні, лекцыі, на якія восеньню 1901 р. зьбіралася да 1500 чалавек. ЖНРП практычна паралізавала ў гэты час дзейнасьць мясцовай арганізацыі Бунду. У канцы 1901 у ЖНРП перайшлі 15 з 20 цэхавых саюзаў Менскага сацыял-дэмакратычнага камітэту Бунду. ЖНРП актыўна супрацоўнічала з сіяністамі, выступала за ізаляцыю жыдоў ад агульнарасейскага рабочага руху.

Стрымаць пераход рабочых да палітычнай барацьбы ЖНРП не змагла. Падтрымка ЖНРП з боку Дэпартаменту паліцыі ня выйшла за межы асобнага экспэрымэнту. У красавіку 1903 Г. І. Шаевіч арганізаваў забастоўку на чыгуналіцейным заводзе «Растэль» у Адэсе, пасьля чаго быў схоплены і ў ліпені сасланы на 5 гадоў ва Ўсходнюю Сыбір. У сувязі з адпраўкай Зубатава ў адстаўку ЖНРП была пазбаўленая падтрымкі дэпартамэнту паліцыі і ўлетку 1903 самараспусьцілася, а ў жніўні забароненая. Вільбушэвіч пераехала ў ЗША, потым у Палестыну, дзе была актыўнай дзяячкай сіянісцкага руху.

  1. ^ Еврейская независимая рабочая партия (рас.). Электронная жыдоўская энцыкляпэдыя. Праверана 7 ліпеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць