Шарль Аж’е дэ Бац дэ Кастэльмор, граф д’Артаньян

гасконскі шляхціч, вайсковец
(Перанакіравана з «Д’Артаньян»)

Шарль Аж’е́ дэ Бац дэ Кастэльмо́р, граф д’Артанья́н (па-француску: Charles Ogier de Batz de Castelmore, Comte d’Artagnan, вымаўляецца ʃaʁl oʒje də bats də kastɛlmɔʁ kɔ̃t daʁtaɲɑ̃; каля 1611, замак Кастэльмор, Гасконь, Францыя — 25 чэрвеня 1673, Маастрыхт, Нідэрлянды) — гасконскі шляхціч, капітан мушкетэраў за часам караля Люі XIV.

Памятная манэта Беларусі

Жыцьцяпіс д’Артаньяна ўпершыню быў складзены Гацьенам дэ Сандра праз 27 рокаў па сьмерці мушкетэра. На падставе гэтага часткова выдуманага апісаньня ў XIX стагодзьдзі Аляксандар Дзюма склаў сэрыю сваіх раманаў пра літаратурнага героя, цяпер больш вядомага як д’Артаньян. Ягоная літаратурная рэалізацыя мае мала падабенства да рэальнай біяграфіі свайго прататыпа.

Жыцьцяпіс рэдагаваць

 
Статуя д’Артаньяна на помніку Аляксандру Дзюма

Д’Артаньян нарадзіўся ля Луп’яку на паўднёвым захадзе Францыі ў сям’і Бэртрана дэ Баца (Бааца), сына гандляра П’ера дэ Баца, які здабыў дваранскі тытул, прыдбаўшы «замак» Кастэльмор. Маёнтак захаваўся да гэтага часу і знаходзіцца на граніцы графстваў Арманьяк і Фезэнсак, між далінамі рэк Дуз і Жаліз.

На пачатку 1630-х Шарль дэ Бац выправіўся ў Парыж пад прозьвішчам маці, дачкі славутага роду, Франсуазы дэ Мантэск’ю д’Артаньян. У 1632 д’Артаньян дзякуючы заступніцтву сябра сям’і, таксама гасконца монсэньёра дэ Трэвіля трапіў у каралеўскія мушкетэры[1]. Пад час службы ён трапіў у ласку да ўплывовага кардынала Мазарыні, першага міністра Францыі. У 1646, калі мушкетэры былі распушчаныя, д’Артаньян працягнуў службу ў свайго пратэктара.

Кар’ера рэдагаваць

Д’Артаньян зрабіў кар’еру, займаючыся шпіянажам для Мазарыні пасьля першай Фронды. Дзякуючы адданай службе д’Артаньяна ў гэты пэрыяд Люі XIV давяраў яму розныя сакрэтныя і далікатныя даручэньні, якія патрабавалі абсалютнай асьцярожнасьці. Падчас выгнаньня Мазарыні ў 1651 року д’Артаньян суправаджаў яго на выпадак варожасьці арыстакратыі. У 1652 ён быў павышаны да лейтэнанта гвардзейцаў(fr), у 1655 — да капітана, а пасьля аднаўленьня роты мушкетэраў у 1658 атрымаў званьне другога лейтэнанта. Паколькі служба ў каралеўскіх мушкетэрах была значна прэстыжнейшая за гвардыю, дык гэта было павышэньне, нягледзячы на розьніцу ў чыне.

Д’Артаньян стаў вядомы ў сувязі з арыштам Нікаля Фуке, каралеўскага скарбніка, які намерваўся замяніць кардынала Мазарыні на пасадзе дарадцы караля. Фуке, зьяўляючыся аматарам грандыёзных будынкаў, наняў найлепшых дойлідаў і рамесьнікаў дзеля пабудовы свайго замку Во-ле-Віконт. На ягонае адкрыцьцё ў 1661 ён зладзіў шыкоўны банкет, дзе кожны з гасьцей атрымаў у падарунак каня. Размах сьвяткаваньня і веліч палацу разьюшылі караля, які вырашыў, што такія сродкі Фуке змог здабыць, толькі абрабаваўшы каралеўскую скарбніцу. Таму д’Артаньян атрымаў загад арыштаваць скарбніка, а каб той ня ўцёк, падкупіўшы ахову, д’Артаньян уласна займаўся ягонай вартай цягам чатырох рокаў, пакуль Фуке ня быў прыгавораны да пажыцьцёвага зьняволеньня.

 
Герб графа д’Артаньяна

Пасьля гэтага д’Артаньян стаў карыстацца гербам, «падзеленым на чатыры палі: на першым і чацьвёртым срэбным полі чорны арол з раскінутымі крыламі; на другім і трэцім полі на чырвоным фоне срэбны замак з двума вежамі па бакох, з намётам са срэбра, усе пустыя палі чырвонага колеру». З 1665 у дакумэнтах яго пачынаюць называць «граф д’Артаньян».

У 1667 року д’Артаньян быў павышаны да капітана-лейтэнанта мушкетэраў, стаўшыся такім чынам фактычным іх камандзірам (намінальна галоўнакамандуючым быў кароль). Пад ягоным даводзтвам рота мушкетэраў стала ўзорнаю; у ёй імкнуліся служыць маладзёны ня толькі з Францыі, але й з замежжа.

За ваенныя посьпехі ў 1667 року д’Артаньян атрымаў таксама пасаду губэрнатара Ліля, аднак там не здабыў папулярнасьці. Шанец вярнуцца на службу ён атрымаў, калі Люі XIV распачаў вайну са Злучанымі правінцыямі Галяндыі. У 1672 ён атрымаў званьне фэльдмаршала. 25 чэрвеня 1673 року падчас аблогі Маастрыхту д’Артаньян быў забіты мушкетнай куляй.

Сям’я рэдагаваць

У 1659 годзе ажаніўся з Ганнай Шарлотай Крыстынай дэ Шанлесі (1624—1683), дачкою Шарля Буае дэ Шанлесі, барона дэ Сэнт-Круа.

Мелі дзяцей:

  • Люі (16601709), паж, сьцяганосец, пасьля лейтэнант у палку францускай гвардыі;
  • Люі (1661 — ?), малодшы лейтэнант гвардыі, палкоўнік кавалерыі, кавалер ордэна Сьв. Людовіка.

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Gascony & Pyrenees — Land of the Musketeers (анг.). Dominique's Villas. Праверана 6 лютага 2013 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць