Дзікае паляваньне караля Стаха (аповесьць)
Дзі́кае палява́ньне караля́ Ста́ха — аповесьць беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча, упершыню апублікаваная ў часопісе «Маладосьць» у 1964 годзе. Лічыцца клясыкай беларускае літаратуры.
Дзікае паляваньне караля Стаха | |
па-беларуску: Дзікае паляванне караля Стаха | |
Вокладка кнігі «Дзікае паляваньне караля Стаха» выдавецтва «Мастацкая літаратура», 1995 | |
Жанр: | аповесьць |
---|---|
Аўтар: | Уладзімер Караткевіч |
Мова арыгіналу: | беларуская |
Год напісаньня: | 1958 |
Публікацыя: | 1964 |
Электронная вэрсія |
Сюжэт
рэдагавацьМалады навуковец-фальклярыст Андрэй Беларэцкі, зьбіўшыся са шляху падчас буры, трапляе ў радавы замак Яноўскіх — Балотныя Яліны. Яго прымае гаспадыня замка, Надзея Яноўская, апошняя прадстаўніца свайго роду. Яна распавядае Беларэцкаму, што род Яноўскіх пракляты з-за здрады, зьдзейсьненай яе продкам, Раманам Старым, на дваццаць пакаленьняў. Надзея — дваццатае пакаленьне роду, яна чакае хуткае сьмерці, зь якой спыніцца й род Яноўскіх. Яна распавядае пра зданяў, зьяўленьне якіх прадвесьціць ейную гібель — Дзікае паляваньне, Малога Чалавека, Блакітную Жанчыну.
Беларэцкі застаецца ў замку, каб абараніць Надзею й разблытаць клюбок падзеяў. Ён бачыць Малога Чалавека — істоту невялікага росту, зь вельмі доўгімі пальцамі, якая зазірае ў вокны па начах; Блакітную Жанчыну, якая сышла са старадаўняга партрэта, на які Надзея вельмі падобная. Паступова Беларэцкі знаёміцца з астатнімі жыхарамі — сваякамі Яноўскай, Сьвяціловічам, Берманам, Дубатоўкам, паляўнічым і сьледапытам Рыгорам. У адзін зь вечароў на балоце яго перасьледуе Дзікае паляваньне — група маўклівых вершнікаў на конях, якія скачуць бясшумна, свабодна перасоўваюцца па дрыгве, робяць велізарныя скачкі й пакідаюць сьляды старажытных падкоў. Беларэцкі цудам пасьпявае схавацца ў замку й з падвоенай энэргіяй працягвае пошукі людзей, якія хаваюцца за Дзікім паляваньнем. Разам з Рыгорам яны раскрываюць тайну гібелі бацькі Надзеі, загнанага ў балота Дзікім паляваньнем за два гады да прыезду Беларэцкага. Паступова яны раскрываюць і таямніцу Дзікага паляваньня. Усе коньнікі падпільнаваныя й забітыя мясцовымі мужыкамі, коні — прадстаўнікі выміраючай пароды дрыгкантаў — патанулі ў дрыгве. Зьнікаюць і прывіды замку. Малы Чалавек аказваецца братам Бермана, разумова адсталым карлікам, якога Берман выпускаў з патаемных калідораў, а Блакітная Жанчына — самой Надзяй, якая блукае па замку ў самнабулічным сьне.
Беларэцкі ажэньваецца зь Яноўскай і вязе яе з Балотных Ялін. З часам яна вылечваецца ад пастаяннага страху й самнамбулізму, у іх нараджаецца дзіця.
Месца дзеяньня й пэрсанажы
рэдагавацьАповед вядзецца ад імя галоўнага героя, Андрэя Беларэцкага, якому 96 гадоў. Сама ж гісторыя адбылася ў часы яго маладосьці, увосень 1888 недзе ў глухой балоцістай мясцовасьці Віцебшчыны ці Магілёўшчыны, прамой спасылкі ў кнізе на гэта няма.
Дзеючыя асобы
- Андрэй Беларэцкі — галоўны пэрсанаж, ад чыйго імя вядзецца апавяданьне. Малады навуковец-фальклярыст, які займаецца зборам старажытных беларускіх легенд. Выпадкова трапляе ў маёнтак Яноўскіх падчас буры.
- Надзея Яноўская — выкшталцоная 18-гадовая дзяўчына, апошні нашчадак старажытнага шляхецкага роду Яноўскіх, якая жыве ў радавым маёнтку пасьля дзіўнае гібелі бацькі, Рамана Яноўскага. З-за знаходжаньня ў пастаянным страху хварэе на самнамбулізм.
- Рыгор Дубатоўк — далёкі сваяк Яноўскіх, шляхціц. Вясёлы дзед-балака, жартаўнік, умее прывабіць да сабе людзей, які добра гаворыць па-беларуску. Пасьля, аднак, высьветлілася, што пад гэтай маскай хаваецца хітры й бязьлітасны чалавек, галоўны злыдзень, які прыдумаў дзікае паляваньне з мэтай зьнішчыць Яноўскіх і займець іх замак і маёмасьць.
- Алесь Варона — малады шляхціц, вельмі напышлівы й запальчывы, саўдзельнік Дубатоўка, вершнік дзікага паляваньня, які адчувае глыбокую асабістую непрыязнасьць да Беларэцкага. У свой час сватаўся да Надзеі, але атрымаў адмову.
- Андрэй Сьвяціловіч — студэнт Кіеўскага ўнівэрсытэту, выключаны за ўдзел у хваляваньнях. Сьветлы, наіўны, адкрыты, але рашучы чалавек, зь юных гадоў неўзаемна закаханы ў Надзею. Становіцца сябрам і надзейным паплечнікам Беларэцкага, але гіне ад рук дзікага паляваньня.
- Ігнась Берман-Гацэвіч — аматар кніг, які вонкава нагадвае ляльку, 35 гадоў. Пасьля апынулася, што ён таксама зьяўляўся далёкім сваяком Яноўскіх, і таксама прэтэндаваў на маёнтак, для чаго прыдумаў Малога Чалавека з той жа мэтай, што й Дубатоўк — зьвесьці гаспадыню з глузду.
- Рыгор — селянін, паляўнічы, які добра ведае мясцовыя лясы. Выглядае сувора, але ў душы вельмі добры чалавек. Дапамагае Беларэцкаму й Сьвяціловічу перамагчы дзікае паляваньне.
Экранізацыя і інсцэнізацыя
рэдагавацьАднайменны фільм быў зьняты ў 1979 годзе. Караткевічу экранізацыя ягонага твору не асабліва спадабалася, з нагоды таго, што ў фільме практычна адсутнічала адна з ключавых тэмаў аповесьці — смутак аб цяжкім лёсе беларускага народу.
У 1989 годзе на сцэне Нацыянальнага тэатру опэры й балету адбылася прэм’ера опэры «Дзікае паляваньне караля Стаха», якую напісаў кампазытар Уладзімер Солтан. Пастановачная група была адзначаная Дзяржаўнай прэміяй Беларусі за 1990 год.
Пераклады
рэдагавацьУ сакавіку 2023 году вугорскае выдавецтва «Апостраф» выпусьціла вугорскі пераклад «Дзікага паляваньня караля Стаха». Яго перакладнікамі і рэдактарамі сталі Іван Хорват, Каталін Салантаі і Андраш Гала. З нагоды выданьня 13 сакавіка Амбасада Беларусі ў Вугоршчыне зладзіла ім ганаровы прыём[1].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ «Дзікае паляваньне караля Стаха» Ўладзімера Караткевіча ўпершыню апублікавана на венгерскай мове // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 сакавіка 2023 г. Архіўная копія ад 13 сакавіка 2023 г. Праверана 14 сакавіка 2023 г.