Джру Голідэй

баскетбаліст ЗША

Джру Голідэй (па-ангельску: Jrue Holiday; нарадзіўся 12 чэрвеня 1990 году, Чатсўорт, Каліфорнія) — амэрыканскі прафэсійны баскетбаліст, які выступае за «Бостан Сэлтыкс» у НБА. Голідэй двойчы браў удзел у матчы ўсіх зорак НБА ды быў шасьціразовым удзельнікам сымбалічнай усеабарончай зборнай НБА. Ён таксама здабываў залаты мэдаль з зборнай ЗША на летніх Алімпійскіх гульнях 2020 году. Зважаецца адным з найлепшых абаронцаў у гісторыі НБА[1][2][3].

Кар’ера

рэдагаваць

Голідэй пачаў свае выступы ў студэнцкім баскетболе, абараняючы колеры каманды Каліфарнійскага ўнівэрсытэту ў Лос-Анджэлесе. У 2009 годзе быў абраны на драфце НБА клюбам «Філадэлфія Сэвэнці Сыксэрз» пад агульным 17-м нумарам.

3 красавіка 2010 году спартовец назьбіраў рэкордныя для сэзону 25 пунктаў у матчы супраць «Таронта Рэптарз». 5 лістапада 2010 году Голідэй усталяваў новы максымум сваёй кар’еры, паклаўшы на свой рахунак у матчы супраць «Кліўлэнд Кавальерз» 29 пунктаў. 2 лютага 2011 году ён зрабіў свой першы ў кар’еры трыпл-дабл з 11-ю пунктамі, 10-ю падборамі і 11-ю перадачамі ў гульні супраць «Нью-Джэрзі Нэтс». 17 сакавіка 2012 году Голідэй усталяваў новы асабісты рэкорд, набраўшы 30 пунктаў у матчы супраць «Чыкага Булз».

Абаронца згуляў чатыры сэзоны за каманду зь Філадэлфіі, перш чым ён быў абменены ў «Нью-Арлеан Пэліканз» у 2013 годзе. Ягоны сэзон 2013—14 гадоў скончыўся заўчасна пасьля заключнай апэрацыі ў лютым 2014 году ў сувязі зь пераломам правай галёнкі. Праз траўму галёнкі Голідэй не гуляў з 8 студзеня. 5 студзеня 2015 году ў матчы супраць «Вашынгтон Ўізардс» абаронца зарабіў 5000 пунктаў за кар’еру[4]. 18 лютага ён выбыў на тры тыдні праз пашкоджаньне правай нагі[5]. Голідэй вярнуўся на пляцоўку значна пазьней, чым першапачаткова чакалася, зьявіўшыся з лавы запасных 10 красавіка ў матчы супраць «Фінікс Санз», пасьля таго, як прапусьціў 41 гульню[6].

У 2020 годзе гулец паводле дамову абмену трапіў у «Мілўокі Бакс», зь якой здабыў свой першы чэмпіёнскі тытул НБА ў 2021 годзе. Пазьней Голідэй быў абменены ў «Бостан Сэлтыкс» у 2023 годзе, дзе таксама стаў чэмпіёнам лігі ў 2024 годзе.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць