Грамадзянскае рэпартэрства

Грамадзя́нскае рэпартэ́рства (па-ангельску: social reporting) — гэта асьвятленьне нейкага мерапрыемства (імпрэзы, канфэрэнцыі, паседжаньня, сэмінару, варштатаў) ягонымі ўдзельнікамі ў рэжыме рэальнага часу з выкарыстаньнем усіх відаў сацыяльных сеціўных мэдыяў. Інфармацыя пра падзею, якая выкладаецца ў Сеціва, складаецца з матэрыялаў не аднаго журналіста, якога адмысловага накіравалі асьвятляць падзею, але з унёскаў усіх удзельнікаў, якія прысутнічаюць на мерапрыемстве.

Апісаньне зьявы

рэдагаваць

Папярэднікам грамадзянскага рэпартэрства зьяўляецца live blogging (па-беларуску: блоґінґ у рэальным часе) — асьвятленьне падзеі на толькі блоґах, але таксама ў рэжыме рэальнага часу. Блоґінґ у рэальным часе ды грамадзянскае рэпартэрства пачалі актыўна разьвівацца з распаўсюджаньнем бесправадовага й мабільнага Інтэрнэту. Удзельнікі маглі прыносіць на канфэрэнцыі свае наўтбукі й пахадзе выступу запісваць свае ўражаньні ад выступоўцы ці папросту занатоўваць выступ у нейкай форме й адразу выкладаць сабе на блоґ. Такім чынам, між уласна падзеяй ды выкладаньнем матэрыялу пра яе міналі ўжо не пара гадзінаў, як было пры звыклым асьвятленьні традыцыйнымі мэдыямі, а некалькі хвілінаў. Вялікая колькасьць блоґераў на канфэрэнцыі гарантавала, што падзея будзе пададзенай з усіх бакоў. Гэта гарантавала наяўнасьць розных меркаваньняў і вуглоў паданьня інфармацыі пра тое, што адбываецца. Такім чынам, спрацоўваў той самы прынцып, што на Вікіпэдыі: калі выкладзеная інфармацыя зьяўляецца няслушнай, то яна будзе выпраўленай настолькі хутка, наколькі вялікай ёсьць аўдыторыя.

Грамадзянскае рэпартэрства ёсьць зьявай шырэйшай за блоґінґ у рэальным часе, але яна грунтуецца на гэткіх самых прынцыпах. Перад пачаткам падзеі арганізатары прапануюць удзельнікам ды наведвальнікам адзін унівэрсальны тэґ, якім маюць пазначацца рэпартажы ў он-лайн мэдыях, допісы на блоґах, тэкстоўкі на Twitter'ы, запампаваныя на Flickr, YouTube, Picasa й іншыя мэдыясэрвісы фоткі й відэа. Такім чынам, у адрозьненьне ад live blogging, грамадзянскае рэпартэрства мае на ўвазе выкарыстаньне абсалютна ўсіх сацыяльных сэрвісаў, якія толькі існуюць.

З гэтага вынікае, што агульны прынцып сацыяльнага рэпартэрства — зацягнуць усю аўдыторыю цалкам у асьвятленьне імпрэзы з выкарыстаньнем усіх сацыяльных сэрвісаў. Практыка паказвае, што калі стварыць для людзей умовы (бясплатны Інтэрнэт ва ўсіх месцах находу народа, то бок у залі, у лобі, у месцах кава-паўзаў), то пісацьме прынамсі 5% ад усёй колькасьці наведвальнікаў (прыкладам, для канфэрэнцыі з 500 ўдзельнікамі гэта — 25 чалавек). Гэтага дастаткова, каб ніводная ідэя з выказаных падчас імпрэзы не была прамінёнай.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць