Герб Берасьця
Герб Бе́расьця — адзін з афіцыйных сымбаляў места Берасьце.
Герб Берасьця лац. Hierb Bieraścia | |
Апісаньне | |
---|---|
Зацьверджаны | 26 студзеня 1991 |
Ранейшы выгляд | (1845 год) |
Права на атрыманьне гербу Берасьцю было даравана вялікім князем Аляксандрам прывілеем 1494 году: «у блакітным полі срэбраны лук са стралой накіраванай уверх».[1]
Гісторыя
рэдагавацьЗгодна з прывілеем вялікага князя Жыгімонта ІІІ 1554 году, Берасьце атрымала права карыстацца гербавай пячаткай з выявай чатырохвугольнай вежы на чырвоным полі на зьліцьці дзьвюх рэк (Буга і Мухаўца). Гэты герб зафіксаваны на пячатцы войтаўска-лаўніцкай калегіі гарадзкога магістрата. Акрамя гэтага Берасьце мела іншую пячатку з 1584 году, пра якую ўзгадвае ў сваім зборніку гербаў Барташ Папроцкі:
Берасьце ўжывае лук з нацягнутай цецівой з накладзенай стралой і з тэкстам вакол: Sigillum civitat Brestensis Magni Duc Litvaniae.
У 1742–1775 гады гербам Берасьця зьяўляўся фігурны картуш, на якім выяўлены лук з нацягнутай цецівой з накіраванай уверх стралой. Над картушам — карона[2]. Пасьля акупацыі гораду войскамі Расейскай імпэрыі ў 1795 годзе Берасьце стала павятовым горадам Гарадзенскай губэрні, і стары герб быў скасаваны. Новы герб Берасьця быў зацьверджаны расейскімі ўладамі 6 красавіка 1845 году разам зь іншымі гарадамі Гарадзенскай губэрні. Гэты варыянт герба быў утвораны на аснове герба 1554 году. Новы герб меў наступнае апісаньне:
У верхняй частцы шчыта Гарадзенскі герб; у ніжняй, у блакітным полі прадстаўлена зьліцьцё рэк Буг і Мухавец; на мысе, утвораным злучэньнем рэк, пастаўлена кола срэбраных шчытоў, сярод якіх узвышаецца крапасны штандар з двухгаловым арлом, у гонар таго, што Берасьце ўтворана ў крэпасьць[1].
У канцы ХІХ стагодзьдзя быў створаны праект новага гербу Брэст-Літоўска: «у лазуровым шчыце апракінуты вілападобны срэбраны крыж», аднак ён ня быў зацьверджаны афіцыйна.
У пэрыяд знаходжаньня Берасьця ў складзе Польшчы (з 1921 да 1939 г.г.) у якасьці герба гораду выкарыстоўвалася выява, на якой быў намаляваны астрог з трыма малымі вежамі. Аднак польскія гарадзкія ўлады пагаджаліся, што гэты герб ніяк ня быў зьвязаны з гісторыяй гораду, і разглядалі некалькі іншых варыянтаў гербу[3]. Аднак пачатак Другой Сусьветнай вайны й далучэньне Берасьця да Савецкай Беларусі спынілі гэтую дзейнасьць.
Сучаснасьць
рэдагавацьСучасны герб гораду быў зацьверджаны рашэньнем Берасьцейскага гарадзкога Савета народных дэпутатаў 26 студзеня 1991 году:
На блакітным полі выяўлены срэбраны лук з нацягнутай цецівой і страла, накіраваная ўверх.
Зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 1 чэрвеня 1994 г. № 1. Герб Берасьця адносіцца да гісторыка-геральдычных помнікаў Беларусі[4].
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б Герб Берасьця
- ^ Гербы гарадоў Берасьцейскай вобласьці
- ^ «Gazeta Poleska» (№ 10/1938)
- ^ Сайт Брэсцкага гарадзкога выканкама