Галіна Данільчанка
Галі́на Ві́ктараўна Дані́льчанка (па-ўкраінску: Галина Вікторівна Данильченко, па-расейску: Галина Викторовна Данильченко; 5 ліпеня 1964, Арлова, Запароская вобласьць, УССР, СССР)[1][2] ― украінская палітычная дзяячка, якая прадстаўляе прарасейскую партыю «Апазыцыйны блёк» (да 2015 прадстаўляла «Партыю рэгіёнаў»); калябарацыяністка з Расеяй, якая падчас расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе ўзначаліла акупацыйную адміністрацыю гораду Мэлітопаль. Данільчанка таксама вядомая як дырэктарка «Мэлітопальскага заводу падшыпнікаў сьлізгаценьня» (укр. Мелітопольський завод підшипників ковзання)[3].
Галіна Данільчанка | |
Дата нараджэньня | 5 ліпеня 1964 (60 гадоў) |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | радца, палітык, бугальтарка |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьРаннія гады і кар'ера
рэдагавацьНарадзілася 5 ліпеня 1964 году ў вёсцы Арлова, пад Мэлітопалем[1][2]. Атрымлівала адукацыю ў Мэлітопальскім інстытуце мэханізацыі сельскае гаспадаркі і ў Маскоўскай сельскагаспадарчай акадэміі. Некалькі тыдняў працавала ў дзіцячым садзіку, пазьней ― у лябараторыі на заводзе трактарных гідраагрэгатаў. Потым працавала бугальтаркай на маторным заводзе, а ў 2000 годзе перайшла на «Завод падшыпнікаў сьлізгаценьня», які ў канчатковым выніку ўзначаліла і прапрацавала на ім да 2015 году[2].
У часы VIII скліканьня Вярхоўнае Рады Данільчанка працавала памочніцай народнага дэпутата Яўгена Баліцкага, былога сябра «Партыі рэгыёнаў». Менавіта Баліцкі запрапанаваў ёй пайсьці ў палітыку[2][3]. У 2015 і 2020 годзе пасьпяхова выбіралася ў Мэлітопальскі мясцовы савет. Падчас свайго першага тэрміну таксама працавала сакратаркай мясцовага савету[1].
Пражывае ў вёсцы Спаськэ Мэлітопальскага раёну[1]. На прэзыдэнцкіх выбарах, паводле ейных словаў, галасавала за Віктара Юшчанку ў 2004 годзе, а ў 2014 — за Пятра Парашэнку. Ня была задаволена работай ніводнага зь іх, а Парашэнку назвала «найгоршым прэзыдэнтам»[2].
Дзяржаўная здрада
рэдагаваць26 лютага 2022 году Мэлітопаль перайшоў пад кантроль расейскіх акупантаў.[4] 11 сакавіка 2022 году расейскія акупанты выкралі дзейнага гарадзкога галаву Мэлітопаля Івана Фёдарава.[5] На наступны дзень Галіна Данільчанка, якую прадставілі «выканаўцай абавязкаў гарадзкога галавы Мэлітопаля» зьвярнулася да гараджан па тэлебачэньні. У звароце яна абвясьціла, што горадам будзе кіраваць «Камітэт народных выбраньнікаў» і заклікала мэлітопальцаў «прытарноўвацца пад новую рэчаіснасьць», заахвочвала не прымаць удзел у пратэстах супраць расейскіх акупантаў.[6][7]
Мэлітопальскі гарадзкі савет не прызнаў Галіну Данільчанка легітымнай галавой гораду, і заклікаў генэральную пракурорку Ірыну Венедыктаву прыцягнуць яе да крымінальнае адказнасьці па артыкуле «Дзяржаўная здрада».[4]
Паводле словаў віцэ-прам’еркі Ірыны Верашчук, Служба бясьпекі Ўкраіны дзяржыць пад кантролем сытуацыю з прызначэньнем Данільчанка «галавой» Мэлітопаля.[8]
Была пэўная спроба, так бы мовіць, "народнага мэра" абраць у Мэлітопалі. Спадарыня Данільчанка паспрабавала там зьвярнуцца… За ступнямі Нэлі Штэпы. Напэўна, яна забылася, які лёс Нэлі Штэпы, а які будзе ў яе... Мы павялічылі пакараньне. Гэтае злачынства зараз будзе ацэньвацьца ў 15 гадоў пазбаўленьня волі. | ||
—Ірына Верашчук[9] |
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г Кто Галина Данильченко и как предала Украину (рас.)
- ^ а б в г д Галина Данильченко: «Я воспринимаю Евгения Балицкого как образец лидера» (рас.)
- ^ а б Обличчя зради: колаборантів Мелітополя очолила депутатка з «Опоблоку» Галина Данильченко // Новинарня (укр.)
- ^ а б Сайт Мэлітопальскага гарадскога савету (укр.)
- ^ Регіональна влада повідомляє про викрадення мера Мелітополя // Радіо Свобода (укр.)
- ^ У Мелітополі депутатка від Оппоблоку закликала мешканців співпрацювати з російськими окупантами // НВ (укр.)
- ^ "Гауляйтер у спідниці": окупанти призначили "вріо мера" Мелітополя // Фокус (укр.)
- ^ Підозри обов’язково будуть вручені – Верещук про «призначення» нового мера Мелітополя // Армія Info (укр.)
- ^ СБУ тримає на контролі призначення "міським головою" Мелітополя місцеву депутатку // Суспільне