Віталь Каракорскі
Віта́ль Карако́рскі (таксама Віталіюс Каракорскіс; па-летувіску: Vitalijus Karakorskis; нарадзіўся 2 студзеня 1958, Бабруйск) — летувіскі грамадзка-палітычны дзяяч, журналіст.
Віталь Каракорскі | |
Старшыня Рады нацыянальных меншасьцяў Летувы | |
---|---|
15 чэрвеня 2006 — цяперашні час | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
2 студзеня 1958 Бабруйск |
Партыя: | Партыя нацыянальнага адраджэньня |
Дзеці: | Даніэль Каракорскіс |
Скончыўшы сярэднюю школу, пераехаў у Летуву. Тут, першапачаткова вучыўся ў Шавельскім пэдагагічным інстытуце, затым вывучаў расейскую філялёгію ў Віленскім унівэрсытэце. Пасьля вывучаў журналістыку ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце. Некаторы час працаваў у Бабруйску ў Драматычным тэатры імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча рэдактарам і гукаапэратарам.
Ад 1990 жыве ў Вільні. Да 1994 працаваў у расейскай службе Віленскага радыё. У 1994—2003 працаваў на Летувіскім нацыянальным радыё і тэлебачаньні, стварыў тэлевізійныя шоў аб летувіскіх жыдах «Мэнора», перадачы пра беларусаў «Віленскі весьнік», расейцаў «Расейская вуліца». Быў рэдактарам перадачаў «Summa summarum», «Далягляд», «Анатомія факту». У супрацоўніцтве зь летувіскай тэлевізіяй падрыхтаваў перадачы і інтэрвію з сусьветнавядомымі дзеячамі: Вітаўтам Ландсбэргісам, Томасам Венцловам, Васілём Быкавым, Юр’ем Афанасьевым, Алісай Фрэйндліх, Міхаілам Жванецкім, Франсуазай Тон і іншымі. Аўтар шэрагу дакумэнтальных фільмаў: «За вашую і нашую вольнасьць» (1998), «Дзесяць гадоў амнэзіі» (1998), «Дрэва жыцьця» (1999), «Сьцягі» (1999), «Кантэкст 11-га сакавіка» (2000). Ад 2000 працуе рэжысэрам у дзяржаўнай кампаніі падтрымкі трансатлянтычнае інтэграцыі (YES).
Ад 2000 Старшыня Калегіі этнічнае журналістыкі Літвы (ETNIKA). Ад 2000 сябар Рады жыдоўскае суполкі Летувы, старшыня камітэту інфармацыі і сродкаў масавай інфармацыі. З 2005 у складзе Таварыства летувіскіх журналістаў. Ад 2006 сябар Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Ад 15 чэрвеня 2006 старшыня Рады па справах нацыянальных меншасьцяў і эміграцыі. Падчас парлямэнцкіх выбараў 2008 няўдала балятаваўся ад Партыі нацыянальнага адраджэньня (17 месца ў сьпісе партыі).
Вольна валодае беларускай, летувіскай, польскай і расейскай мовамі. Разьведзены, мае сына Даніэля.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Інфармацыя на сайце Галоўнае выбарчае камісіі Летувы
- Творы на сайце часопісу «Дзеяслоў»
- Інтэрвію газэце «Наша ніва»