Вінцэнт дэ Поль
Вінцэнт дэ Поль (24 красавіка 1581, Пуі, Францыя — 27 верасьня 1660, Парыж) — каталіцкі сьвятар, пакутнік.
Вінцэнт дэ Поль | |
Сьвяты | |
---|---|
Нарадзіўся | 24 красавіка 1581[1] |
Памёр | 27 верасьня 1660[2][3][4][…] (79 гадоў) |
Дзень памяці | 27 верасьня[5] |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросьце ён стаў сьвятаром і праз дванаццаць гадоў сьвятарскага служэньня быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 годзе сьвятар прысягнуў да канца свайго жыцьця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасьці — супольнасьць сьвецкіх сясьцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 годзе — законную супольнасьць Місій, мэтай якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаваньне духавенства.
Паколькі сядзіба супольнасьці Місій знаходзілася побач з парыскім касьцёлам сьвятога Лазара, законьнікаў пачалі называць лазарыстамі. У 1633 годзе Вінцэнт дэ Поль разам зь Люізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасьць Дачок міласэрнасьці, вядомых пад назваю шарыткі (ад францускага слова charity — міласэрнасьць). Адданы сьвятар, служыцель бедных, апякун сіротак і хворых арганізоўваў сталоўкі для простага народу, а таксама палявыя шпіталі (лязарэты) падчас крывавых паўстаньняў супраць каралеўскай улады, што адбываліся ў краіне ў сярэдзіне XVII стагодзьдзя.
На момант яго сьмерці ў Францыі існавала ўжо каля 800 місій лязарыстаў, якія пазьней распаўсюдзіліся па ўсім сьвеце[6].
Сьвяты лічыцца апекуном дабрачынных арганізацыяў, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў.
Праслаўленьне
рэдагавацьПапа Бэнэдыкт XIII абвясьціў яго блажэнным 13 жніўня 1729 году, а папа Клімэнт XII кананізаваў 16 чэрвеня 1737 году. Мошчы сьвятога захоўваюцца ў капэле, названай у яго гонар, на вуліцы Сэўр ў Парыжы. Дзень памяці ў каталіцкай царкве — 27 верасьня.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #118627171 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ Saint Vincent De Paul // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Vinzenz von Paul // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Vincent de Paul // GCatholic.org — 1997.
- ^ Calendarium Romanum (лац.): Ex decreto Sacrosancti Œcumenici Concilii Vaticani II instauratum auctoritate Pauli PP. VI promulgatum. Editio typica — Civitas Vaticana: Typis Polyglottis Vaticanis, 1969. — С. 30.
- ^ Святы Вінцэнт дэ Поль, сьвятар, catholic.by