Вікіпэдыя:Прэс-рэлізы/20k

Скарачэньне:
ВП:20k
Гэта канчатковы разасланы варыянт прэс-рэлізу.

У Вікіпэдыі — 20 тысячаў артыкулаў па-беларуску клясычным правапісам

У Вікіпэдыі, вольнай энцыкляпэдыі, утрымліваецца больш за 13 мільёнаў артыкулаў на 265 мовах; зь іх больш за 20 тысячаў напісаныя на беларускай мове клясычным правапісам.

17 чэрвеня 2009 году беларуская Вікіпэдыя клясычным правапісам (http://be-x-old.wikipedia.org/) пераадолела мяжу ў 20 тысячаў артыкулаў. Юбілейным стаў артыкул, прысьвечаны Казімеру Нарбуту (http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/Казімер_Нарбут), які распачаў удзельнік Rasa. Крыху больш, чым за год, — з 1 чэрвеня 2008 году — колькасьць артыкулаў у Вікіпэдыі клясычным правапісам павялічылася ўдвая. Толькі чвэрць з 266 Вікіпэдыяў на самых розных мовах сьвету адолелі мяжу ў 20 тысячаў артыкулаў, і беларуская Вікіпэдыя клясычным правапісам цяпер уваходзіць у іх лік, займаючы 65 месца ў сусьветным рэйтынгу Вікіпэдыяў.

Разьдзел Вікіпэдыі па-беларуску быў створаны 12 жніўня 2004 году. Усяго ў беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам існуюць больш за 56 тысячаў старонак і зарэгістраваныя больш за 6 тысячаў удзельнікаў, якія зрабілі агулам больш за 480 тысячаў правак. Колькасьць актыўных удзельнікаў разьдзелу, якія зрабілі прынамсі 5 рэдагаваньняў за месяц, у траўні 2009 году склала 59 асобаў[1]. Агульная колькасьць артыкулаў павялічваецца ў сярэднім на 1000 штомесяц.

Асноўнымі тэмамі, пра якія напісаныя артыкулы ў разьдзеле Вікіпэдыі на беларускай мове клясычным правапісам, зьяўляюцца тэмы якія тым ці іншы чынам тычацца Беларусі — геаграфіі, гісторыі, выбітных асобаў, — але таксама ў пэўнай ступені ахопліваюцца тэмы з усіх сфэраў чалавечых ведаў.

Праект «Вікіпэдыя» (http://www.wikipedia.org) быў заснаваны 15 студзеня 2001 году як публічная ўнівэрсальная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, у якой аўтарам артыкула можа выступіць кожны ахвотны. Аўтарскае права на матэрыялы «Вікіпэдыі» рэгулюецца ліцэнзіяй вольнай ліцэнзіяй GNU FDL, якая дазваляе вольна зьмяняць і распаўсюджваць інфармацыю і нават прадаваць яе, аднак забараняе «закрываць» правы на створаную грамадзкасьцю інфармацыю пасьля занясеньня якіх-небудзь зьменаў і дадаткаў.

У красавіку-траўні 2009 году было праведзенае апытаньне на прадмет магчымай зьмены ліцэнзіі, пад якой даступныя матэрыялы Вікіпэдыі, для паляпшэньня сумяшчальнасьці вольных матэрыялаў. 75,8% удзельнікаў з разьдзелаў Вікіпэдыяў па ўсім сьвеце падтрымалі прапанову, у выніку чаго з 15 чэрвеня 2009 году ўсе матэрыялы, якія ўтрымліваюцца ў Вікіпэдыі, стануць таксама даступныя пад ліцэнзіяй Creative Commons Attribution-Share Alike 3.0.

Кантролю ажыцьцяўленьня аўтарскіх правоў у Вікіпэдыі надаецца асаблівая ўвага: абароненыя аўтарскім правам тэксты забаронена зьмяшчаць у Вікіпэдыю, а выявы могуць выкарыстоўвацца толькі на ўмовах добрасумленнага выкарыстаньня. З гэтай прычыны ў разьдзеле Вікіпэдыі па-беларуску клясычным правапісам за апошні год былі выдаленыя каля 200 выяваў зь няпэўным ліцэнзійным статусам.

Найбуйнейшым разьдзелам Вікіпэдыі зьяўляецца разьдзел на ангельскай мове. Цяпер ён утрымлівае больш за 2 916 000 артыкулаў. Наступнымі па колькасьці артыкулаў зьяўляюцца разьдзелы Вікіпэдыі па-нямецку (больш за 919 000 артыкулаў), па-француску (больш за 817 000 артыкулаў), па-польску (больш за 612 000 артыкулаў) і па-японску (больш за 594 000 артыкулаў). Агульная колькасьць артыкулаў на ўсіх мовах перавысіла 13 мільёнаў.

Крыніцы