Вікіпэдыя:Прэс-рэлізы/40k
Скарачэньне: ВП:40k |
---|
У Вікіпэдыі — 40 тысячаў артыкулаў па-беларуску клясычным правапісам
рэдагавацьУ Вікіпэдыі, вольнай энцыкляпэдыі, утрымліваецца больш за 20 мільёнаў артыкулаў на 282 мовах; зь іх больш за 40 тысячаў напісаныя на беларускай мове клясычным правапісам.
9 кастрычніка 2011 году беларуская Вікіпэдыя клясычным правапісам (http://be-x-old.wikipedia.org/) пераадолела мяжу ў 40 тысячаў артыкулаў. Юбілейным стаў артыкул пра партал (http://be-x-old.wikipedia.org/wiki/%D0%9F%D0%B0%D1%80%D1%82%D0%B0%D0%BB), які распачаў удзельнік Jauhienij. Амаль за год (з 7 сьнежня 2010 году) колькасьць артыкулаў у Вікіпэдыі павялічылася на траціну. Дзякуючы плённай працы ўдзельнікаў — ствараць артыкулы можа кожны ахвочы — беларускі разьдзел клясычным правапісам за гэты час узьняўся на 6 месцаў у рэйтынгу разьдзелаў Вікіпэдыі па колькасьці артыкулаў і займае цяпер 59 месца ў агульным сьпісе з 282 разьдзелаў на ўсіх мовах сьвету.
Асноўнымі тэмамі, якія ахопліваюць артыкулы Вікіпэдыі, зьяўляюцца тыя, што тым ці іншым чынам тычацца Беларусі: яе геаграфіі, гісторыі, дзяржаўнага ладу, выбітных асобаў, што зьвязаныя з краінай. Сярод апошніх артыкулаў можна адшукаць зьвесткі пра паэтаў і рэжысэраў, культурныя і мастацкія фундацыі, дробныя населеныя пункты Беларусі. Пэрыядычна ў Вікіпэдыі ладзяцца «тэматычныя тыдні», у межах якіх ствараюцца і ўдасканальваюцца артыкулы, прысьвечаныя пэўнай тэме. У выніку правядзеньня аднаго з такіх «тэматычных тыдняў», была значна пашыраная частка энцыкляпэдыі, што тычыца мастакоў сьвету і, у прыватнасьці, беларускіх жывапісцаў.
Агулам беларускай Вікіпэдыя клясычным правапісам налічвае амаль 101 тысячу старонак і 20 тысячаў удзельнікаў, якія зрабілі больш за 1,1 мільёну правак. Колькасьць актыўных удзельнікаў разьдзелу, якія зрабілі прынамсі 5 рэдагаваньняў у жніўні 2011 году, склала 41 асобу[1]. Разьдзел Вікіпэдыі па-беларуску быў створаны 12 жніўня 2004 году ў межах праекту «Вікіпэдыя» — публічнае ўнівэрсальнае інтэрнэт-энцыкляпэдыі.
Аўтарскае права на матэрыялы «Вікіпэдыі» рэгулюецца вольнай ліцэнзіяй Creative Commons Attribution/Share-Alike, якая дазваляе вольна зьмяняць і распаўсюджваць інфармацыю і нават прадаваць яе, аднак патрабуе згадваньня ўсіх аўтараў, якія ўдзельнічалі ў стварэньні таго ці іншага тэсту, а таксама публікацыі вытворнага артыкула пад той самай ліцэнзіяй. Такі падыход дазваляе аўтарам тэкстаў не турбавацца, што вынік іх працы будзе згублены, і ў той жа час дае ўсім ахвотным магчымасьць выкарыстоўваць ужо гатовыя матэрыялы. Кантролю за выкананьнем аўтарскіх правоў у Вікіпэдыі надаецца асаблівая ўвага: у Вікіпэдыю могуць быць зьмешчаныя толькі тыя тэксты, аўтар якіх пагадзіўся на публікацыю на ўмовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution/Share-Alike, што выкарыстоўваецца ў Вікіпэдыі.
Найбуйнейшым разьдзелам Вікіпэдыі зьяўляецца разьдзел на ангельскай мове. Цяпер ён утрымлівае больш за 3 750 000 артыкулаў. Мільённую мяжу пераадолелі разьдзелы на нямецкай (больш за 1 300 000 артыкулаў) і францускай (больш за 1 150 000 артыкулаў). Агульная колькасьць артыкулаў на ўсіх мовах перавысіла 20 мільёнаў. Існуе таксама беларуская Вікіпэдыя афіцыйным правапісам, якая налічвае каля 35 тысячаў артыкулаў і займае, адпаведна, 67-е месца ў сьпісе ўсіх Вікіпэдыяў паводле колькасьці артыкулаў. Ад пачатку заснаваньня 12 жніўня 2004 году артыкулы ў беларускай энцыкляпэдыі пісаліся разам абодвума правапісамі, але ад 2007 году ўсе артыкулы клясычным правапісам былі аддзеленыя ў асобны праект з ініцыятывы энтузіястаў стварэньня Вікіпэдыі афіцыйным правапісам.