Ваі (па-грэцку: Βάι) — пальмавы пляж на паўночна-ўсходнім мысе вострава Крыт, на ўскрайку пальмавага гаю, вельмі падобны да пляжаў Карыбскага мора. Каля 5000 пальмаў гаю, які тут расьце, складаюць найвялікшы пальмавы лес у Эўропе, а род пальмаў Phoenix theophrastii зьяўляецца эндэмічным[1]. Больш нідзе ў Эўропе няма лясоў з пальмамі гэтага роду, што робіць Ваі ўнікальным. Ён уваходзіць у сьпіс 19 аўтэнтычных лясоў Грэцыі[2]. Плошча лесу каля 20 га. Гэта самы вялікі пальмавы лес у Грэцыі. У гаі ёсьць невялікі ручай, які ўпадае ў рачулку. Ва ўсходняй частцы, бліжэй да пляжу, маюцца дзюны, а глеба асабліва прыдатная для пальмаў. У іншых месцах Крыту таксама растуць пальмы, але яны растуць паасобку і не ўтвараюць лесу. Ён вядомы яшчэ з часоў Мінойскай цывілізацыі. Паводле легенды, лес пасадзілі фінікійцы, якія пасяліліся ў горадзе Ітанас непадалёк[3]. Часта аднак можна пачуць тэорыю, што пальмы зьявіліся на Крыце разам з сарацынскімі піратамі, якія елі фінікі і выплёўвалі косткі, зь якіх пазьней і вырас гай[4]. Назва «Ваі» паходзіць ад слова на мясцовым дыялекце «Βάγιες» ці «Βάγια». Яшчэ адна легенда сьцьвярджае, што на пляжы Ваі здымалі рэкляму батончыкаў "Bounty", але ёсьць думка, што гэтая легенда створаная толькі для таго, каб завабіць сюды больш турыстаў.

Ваі
па-грэцку: Βάι
катэгорыя II (нацыянальны парк) паводле МСАП
Пальмавы пляж Вай, Усходні Крыт, кастрычнік 2002 году.
Пальмавы пляж Вай, Усходні Крыт, кастрычнік 2002 году.
Мапа Грэцыі.
Мапа Грэцыі.
РазьмяшчэньнеКрыт
Найбліжэйшы горад Сітыя
Каардынаты35°15′18″ пн. ш. 25°15′53″ у. д. / 35.255° пн. ш. 25.26472° у. д. / 35.255; 25.26472Каардынаты: 35°15′18″ пн. ш. 25°15′53″ у. д. / 35.255° пн. ш. 25.26472° у. д. / 35.255; 25.26472
Пальмы на пляжы Ваі, Крыт.

Для турыстаў пляжы Ваі адкрылі гіпі напачатку 1970-х. У 1980-я сюды прыязджала вялікая колькасьць турыстаў з усяго сьвету. На тутэйшым пляжы стварылі намётавы гарадок. Неўзабаве гэтае месца ператварылася ў занядбаны сьметнік. Улады Крыту прынялі пастанову пра ачыстку пляжу і яго абароне — тут нельга было ставіць намёты і паліць кастры, а ўваход на пляж дазволены толькі днём. Пальмавы гай абкружылі плотам. Пасьля гэтых захадаў унікальны лес аднавіўся, а пляж стаў чыстым. Цяпер Ваі зьяўляецца адной з самых вялікіх турыстычных славутасьцяў ўсходняга Крыту. У жніўні цяжка знайсьці вольнае месца на пляжы Ваі ці ўвогуле прыпаркавацца. Платная прыбіральня каштуе ад аднаго да двух эўра. Паркоўка таксама каштуе каля 2-3 эўра.

На ўскрайку парку знаходзіцца грэцкі кляштар XV стагодзьдзя.