Экюрой

францускі верталёт
(Перанакіравана з «Вавёрка (верталёт)»)

Экюрой (па-француску: Écureuil — вавёрка) — шматмэтавы верталёт, распрацаваны францускім прадпрыемствам «Аэраспасьяль» (з студзеня 1992 году «Эўракоптэр»). Гэты лятальны апарат з адным рухавіком прадаецца ў ЗША пад найменьнем «ЭйСтар», а з двума рухавікамі — пад найменьнем «ТуінСтар» (па-ангельску: TwinStar — здвоеная зорка). «Экюрой» быў першым верталётам, што атрымаў «акенцавы» рулявы вінт. Вырабляецца ў Бразыліі пад назовам «Эскілу» (па-партугальску: Esquilo — вавёрка) паводле ліцэнзіі прадпрыемствам «Хэлібрас».

Экюрой AS350BA

Паходжаньне

рэдагаваць

Калі верталёт «Газэль» замяніў на рынку ўзбраеньняў «Алюэт II» (па-француску: Alouette — жаўрук), аддзел дасьледаваньняў «Аэраспасьяль» пачаў на пачатку 1970-х гадоў распрацоўку пераемнага верталёта для цывільнага рынку, надаючы асаблівую ўвагу тром акалічнасьцям: выдаткі на выкарыстаньне, узровень шуму й вібрацыі. Распрацоўка вялася з разьлікам на перавагу ў спаборы на рынку перад амэрыканскім верталётам «Бел 206». У выніку атрымаўся просты, але надзейны верталёт шырокага прыкладаньня з кампазыцыйных матэрыялаў: галоўка ротара «Старфлекс», падвойная балка са шкловалакна для падтрымкі рулявога вінта, фюзэляж. Яго аднесьлі да чацьвёртага пакаленьня распрацаваных у Францыі верталётаў пасьля «Алюэта II», «Пумы» й «Дафэна» (па-француску: Dauphin — дэльфін). У ім таксама выкарыстоўваліся найсучасьнейшыя напрацоўкі аўтамабільнае прамысловасьці. Канструкцыя кабіны верталёта дазваляла разьмясьціць двух пілётаў і тры-чатыры пасажыры на заднім сядзеньні.

Прататып AS.350-001 [F-WVKH] зьдзейсьніў свой першы палёт 27 чэрвеня 1974 году на чале з Даньелем Бошарам і Бэрнарам Сэртэнам, аснашчаны рухавіком «LTS 101» на 592 конскія сілы вытворчасьці амэрыканскага прадпрыемства «Авко-Лайкомінг» ды ротарам «Старфлекс». 14 лютага 1975 году AS.350-002 [F-WVKI] аснасьцілі рухавіком «Ар’ель 1B» на 641 конную сілу вытворчасьці францускага прадпрыемства «Турбамека», што прызначаўся адмыслова для малаважкіх верталётаў. Гэтую мадэль і сэртыфікавалі 27 кастрычніка 1977 году.

28 лістапада 2005 году «Эўракоптэр» паставіў паліцыі Паўднёва-Афрыканскае Рэспублікі трохтысячны аднаматорны верталёт «Экюрой» (AS.350B3). На той час вытворца прадаў 1531 пакупніку ў 91 краіне сьвету 3’719 «Экюроеў», што выкарыстоўваліся больш як 15 мільёнаў лётных гадзінаў.

Аднаматорныя

рэдагаваць

Мадэль AS.350B аснашчалася рухавіком «Ар’ель 1B». Яе пастаўкі пачаліся ў ліпені 1978 году. Француская нацыянальная жандармэрыя (нутранае войска) набыла 30 такіх верталётаў.

  • AS.350BA сэртыфікавалі ў 1991 годзе. Аснашчалася больш шырокімі лопасьцямі, што дазволіла павысіць узьлётную вагу на 150 кг. Выраблялася ў 1992—1998 гады.
  • AS.350BB «Скуірал» (па-ангельску: Squirrel — вавёрка) прызначаўся для вучэбных патрэбаў брытанскага (HT.1) й амэрыканскага (HT.2) паветраных войскаў.
  • AS.350B1 зьявіўся ў 1986 годзе й аснашчаўся рухавіком «Ар’ель 1D» на 684 конныя сілы разам з каробкаю перадачаў з друхматорнага AS.355. Прызначалася для палётаў на большай вышыні ды ва ўмовах трапічнага клімату. Карысталася пажвышаным попытам праз павышаную магутасьць ды павелічэньне ўзьлётнае вагі на 250 кг.
  • AS.350B2 сэртыфікавалі ў красавіку 1989 году. Мела рухавік «Ар’ель 1D1» на 724 конныя сілы, а таксама нясучы й рулявы вінты з друхматорнага AS.355. У Паўночнай Амэрыцы прадавалася пад найменьнем «СупэрСтар» (па-ангельску: SuperStar — звышзорка).
  • AS.350B3 аснашчаўся высокамагутным рухавіком «Ар’ель 2B» на 847 конных сілаў ды лічбаваю прыладаю кіраваньня рухавікамі (ЛПКР). Прататып зьдзейсьніў першы палёт 3 сакавіка 1997 году. Пастаўкі пачаліся ў студзені 1998 году. У 2005 годзе на ім пабілі шэраг рэкордаў набору вышыні (3’000 м за 2 хвіліны 21 сэкунду, 6’000 м за 5 хв. 6 сэк. і 9’000 м за 9 хв. 26 сэк).
  • HB.350B стала вырабляцца «Хэлібрасам» паводле ліцэнзіі з 1979 году.

AS.350C аснашчаўся рухавіком «LTS 101.600A-2» вытворчасьці «Лайкомінг». Пастаўлялася ў Паўночную Амэрыку з 1978 году. У першы ж год пакупнікі замовілі больш як 300 верталётаў.

AS.350L выраблялася з 1984 году для войска. Аснашчалася рухавіком «Ар’ель 1D» на 684 конныя сілы (AS.350L1) і «Ар’ель 1D1» на 724 конныя сілы (AS.350L2). З 1990 году назоў зьмянілі на AS.550U.

Двухматорныя

рэдагаваць

AS.355 пачалі вырабляць у 1978 годзе для амэрыканскага рынку. Першы з двух прататыпаў [F-WZLA] ўзьняўся ў паветра 28 верасьня 1979 году з рухавікамі «250-C20F» на 420 конных сілаў амэрыканскага прадпрыемства «Элісан» і 2 каробкамі перадачаў. Другі прататып ўзьняўся ў паветра 13 лістапада. Вытворчасьць пачалася пасьля выпрабавальнага налёту 122 гадзінаў. Да траўня 2000 году прадалі 592 «Экюроі».

AS.355E прадаваўся ў ЗША пад назовам «ТуінСтар».

AS.355F пачаў вырабляцца ў 1982 годзе. Зазнаў зьмены профілю ляза.

  • HB.355F вырабляўся «Хэлібрасам» па ліцэнзіі ў Бразыліі.
  • AS.355F1 вырабляўся са студзеня 1984 году.
  • AS.355F2 сэртыфікавалі 10 сьнежня 1985 году. Мела большае лязо й пераабсталяваны пад абледзяненьне паветразаборнік.

AS.355M быў двухматорным адпаведнікам AS.350L.

AS.355N аснашчаўся рухавікамі «319 Арыюс 1A» вытворчасьці «Турбамекі», кіраванымі ЛПКР. Сэртыфікавалася ў Францыі ў 1989 годзе і ў 1992 годзе ў ЗША, пры пачатку першых туды паставак.

  • HB.355N вырабляўся «Хэлібрасам» па ліцэнзіі ў Бразыліі.
  • Эўракоптэр Туін Скуірал HCC1 вырабляўся ў якасьці лёгкага транспартнага верталёта для брытанскага паветранага войска. Аснашчаўся рухавікамі «250-C20R» вытворчасьці «Элісан» адрозна ад AS.355N.
  • AS.355NP вырабляецца з 2007 году. Аснашчаны рухавікамі «Арыюс 1A1», зьвязаных з каробкамі перадачаў з AS.350B3. Дазваляе несьці да 2’800 кг узьлётнае вагі. 25 чэрвеня 2009 году Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь (ДПК РБ) атрымаў паводле кантракту з «Эўракоптэрам» першы такі верталёт. 21 траўня 2010 ДМК РБ атрымаў яшчэ два верталёты для авіяатраду ў Паставах. Атрыманьне чацьвёртага верталёта чакаецца ў верасьні. Гэтая мадэль адрозьніваецца большаю манэўранасьцю за выкарыстоўваны раней Мі-8, таксама меншым коштам і ў 4 разы меншым расходам паліва[1].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Экюройсховішча мультымэдыйных матэрыялаў  (анг.)Уласьцівасьці "Экюроя" AS355NP // Сайт "Эўракоптэра". Дата доступу: 22 траўня 2010