Брылёўскі скарб

(Перанакіравана з «Брылёўскае поле»)

Брылёўскі скарб — адзін з найбольш адметных манэтна-рэчавых комплексаў эпохі вікінгаў на тэрыторыі Беларусі. Скарб адлюстроўвае падзеі, якія адбываліся на беларускіх землях напрыканцы IX стагодзьдзя: фармаваньне гандлёвых шляхоў, якія злучылі паміж сабой першыя гарады, — цэнтры дзяржаваўтваральных працэсаў, месцы сувязяў паміж прадстаўнікамі розных народаў. Прысутнасьць у складзе скарбу арабскіх манэтаў і франскага мяча паказвае, наколькі шырокімі былі гандлёвыя зносіны нашых продкаў ужо ў тыя далёкія часы.

Гісторыя

рэдагаваць

Быў знойдзены на Брылёўскім поле каля вёскі Брылі Барысаўскага раёну, вядомым як месца пераправы праз раку Бярэзіну войскаў Напалеону падчас вайны 1812 году.

Вясной 2000 году ў пошуках парэшткаў вайсковага рыштунку і ўзбраеньня мастак-рэстаўратар Беларускага дзяржаўнага музэю гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Захараў у пойме ракі выявіў фрагмэнты мяча, моцна пашкоджанага карозіяй. Мяркуючы, што да яго ў рукі трапілі дрэнна захаваныя матэрыялы 1812 году, мячу не было нададзена першапачаткова асаблівай увагі, але, калі высьветлілася, што знаходка мае значна большы ўзрост, прадоўжыў раскопкі[1]. У 2002 годзе ўзровень вады ў Бярэзіне моцна ўпаў, і зьявілася магчымасьць правесьці дасьледаваньні затопленых ўчасткі. Знойдзены скарб быў рассыпаны авальнай плямай каля 2-3 м на глыбіні 30-35 см. Асобныя прадметы ў гэтай жа мясцовасьці былі пазьней выяўлены Валянцінам Рабцэвічам і Алегам Іовым. Паступіў у фонды Нацыянальнага гістарычнага музэю Беларусі ў 2003 годзе.

Апісаньне

рэдагаваць

Брылёўскі скарб складаецца з 290 срэбраных арабскіх манэтаў дырхамаў і іх фрагмэнтаў, фрагмэнтаў шыйнай грыўні, франскага мяча IX стагодзьдзя і набору зь дзесяці гірак для ўзважваньня срэбра. На падставе аналізу манэтнай часткі Валянцін Рабцэвіч прыйшоў да высновы, што найстарэйшая манэта выбітая ў 125 годзе мусульманскага летазьлічэньня, што адпавядае 742 ці 743 году нашай эры, а найноўшая, адпаведна, — 890 ці 891 году. Такім чынам, гэта дазваляе датаваць скарб 890 — 892 гадамі[1].

Лічыцца, што Брылёўскі скарб быў г.зв. вотыўным дарам — тыповай скандынаўская старажытнанямецкай традыцыяй ахвярапрынашэньня багам у абмен на дапамогу. Меч пры гэтым звычайна ламаўся ў некалькіх месцах, што рабіла яго непрыдатным для будучага выкарыстаньня.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць