Беларускі краёвы зьезд
Беларускі краёвы зьезд — выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзкіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», сябраў «Былой Рады БНР і іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28-30 студзеня 1919 року ў зоне «бальшавіцкай акупацыі» ў Наваградку.
Пра гэты зьезд не было вядома сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі і Рады Народных Міністраў БНР, якія ў той час знаходзіліся ў Горадні. Не паведамлялася пра зьезд і ў друку. «Прэзыдэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым зьезьдзе Беларускай краёвай народнай рады Казімер Цьвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты зь дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў зь імі. Легенда пра Беларускі краёвы зьезд паўстала ў сакавіку 1919 р., калі дэлегацыя БНР на чале з А. Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыскай мірнай канфэрэнцыі. 23 сакавіка 1919 Цьвірка-Гадыцкі і сябра Беларускай краёвай народнай рады А. Янсан накіравалі міністру-прэзыдэнту Польшчы І. Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю зьезду», што тычалася справы беларускай дзяржаўнасьці. У першым пункце рэзалюцыі сьцьвярджалася, што «існаваньне самастойнай Беларускай дзяржавы — немагчыма». Беларускі народ, гаварылася далей, «павінен ўвайсьці ў зьвязак з адным са сваіх суседзяў». Былая Расейская дзяржава, пісалі Цьвірка-Гадыцкі і Янсан, апанаваная «бальшавіцкай анархіяй», а Ўкраіна і Летува кіруюцца чужымі інтарэсамі і ня маюць сталай асновы дзяржаўнага жыцьця. Таму гэтыя краіны, на думку аўтараў рэзалюцыі, не маглі даць беларускаму народу «заспакаеньня ягоных нацыянальных і іншых патрэб і пажаданьняў», і «толькі адраджаючаяся дэмакратычная Польшча ёсьць суседам, з каторым беларускі народ зжыўся празь вякі супольнага існаваньня — зьвязак з ёю, а разам з тым і ўсімі дэмакратыямі Захаду — адзін можа даць найбольш выгад беларускаму народу і загарантаваць непадзельнасьць Беларускага краю». Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічнах межах… увойдзе ў сьціслы зьвязак з Польскай Рэччу Паспалітай». Правядзеньне пастановы было даручана Беларускай краёвай народнай радзе. Пастанова «зьезду» даводзілася да ведама І. Падарэўскага, каб ён зьдзейсьніў адпаведныя крокі «ў кірунку ўстанаўленьня супольнага палітычнага жыцьця беларускага народа з Польшчай». Міністар-прэзыдэнт Польшчы падкрэсьліў на Парыскай мірнай канфэрэнцыі, што дэлегацыя ня мае паўнамоцтваў і ня можа ўдзельнічаць у перамовах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыскай мірнай канфэрэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасьць Беларускага краёвага зьезду была даказаня, і ў чэрвені 1919 р. прадстаўнікі беларускай нарады былі дапушчаныя на канфэрэнцыю.
Літаратура
рэдагаваць- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8