Барыс Суравы (15 верасьня 1907, Берасьце — сьнежань 1998, Лёндан) — беларускі настаўнік і грамадзкі дзяяч. Падчас Другой сусьветнай вайны быў школьным інспэктарам, кіраўніком СБМ па Слонімскай акрузе. Дзяяч беларускай эміграцыі ў Вялікабрытаніі.

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Берасьці. Скончыў гімназію, вучыўся ў Віленскім унівэрсытэце.

З восені 1939-га працаваў дырэктарам Дзярэчынскай школы (сёньня Зэльвенскі р-н).

На пачатку нямецкай акупацыі пераехаў у Слонім, дзе з восені 1941 году арганізаваў 4-клясную беларускую прагімназію для амаль 100 вучняў. Быў ейным дырэктарам, выкладаў гісторыю Беларусі. Пэўны час быў Слонімскім акруговым школьным інспэктарам. Як пісала ў сваіх успамінах Надзея Дземідовіч, Барыс Суравы «быў першым дырэктарам і выкладаў нам гісторыю Беларусі. Гэта быў малады чалавек, меў дзіцятка гадоў чатырох. Сьпяваў вельмі прыгожа. Было відно, што ён вельмі любіў сваю працу, сваіх вучняў, сваю гісторыю»[1].

З траўня 1943 году актыўна заняўся арганізацыяй Саюзу беларускай моладзі ў Слонімскай акрузе. У чэрвені 1943 ён скончыў курс вышэйшых кіраўнікоў СБМ, а ў ліпені 1943 прызначаны кіраўніком Слонімскай акруговай арганізацыі СБМ. Зьяўляўся супрацоўнікам часопісу для кіраўнікоў моладзі СБМ «Жыве Беларусь!». За сваю беларускую дзейнасьць атрымліваў пагрозы з боку мясцовых палякаў.

Працаваў у Беларускай Народнай Самапомачы, стаў удзельнікам II Усебеларускага Кангрэсу ў Менску 27 чэрвеня 1944 году.[2]

У ліпені 1944 выехаў з групай слонімскіх беларускіх дзеячоў у горад Бад-Заўльгаў (зямля Бадэн-Вюртэмбэрг) у Нямеччыне. З 1947 году жыў у Вялікабрытаніі. 15 сакавіка 1948 году абраны віцэ-старшынём ў Часовую ўправу Хрысьціянскага аб’яднаньня беларускіх работнікаў (ХАБР), якое згуртавала прыхільнікаў Беларускай Цэнтральнай Рады Радаслава Астроўскага. 26 сьнежня 1948 году, на 1-ым Агульным зьезьдзе ХАБР, абраны старшынём Галоўнай управы. Быў старшынём гэтай арганізацыі да ейнага заняпаду: з канца 1948 г. па 1950 г. ды з чэрвеня 1954 г. па 1966 г. Уваходзіў у рэдакцыйную калегію часопісу «Аб’еднаньне», дзе пісаў пад псэўданімам Старшы Праваднік, а таксама ў склад Галоўнай дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. У 1948–1953 гг. быў кіраўніком Прадстаўніцтва БЦР у Вялікабрытаніі.

У 1960—1980-ыя гг. Барыс Суравы — актывіст беларускай праваслаўнай парафіі сьв. Эўфрасіньні Полацкай (канстантынопальскай юрысдыкцыі).

Паводле інфармацыі Юрыя Туронка меў уласны рэстаран у Лёндане[3]. Аднак Барыс Кіт сьцьвярджаў, што ягоны сябар Барыс Суравы «быў кухарам у польскім рэстаране ў Лёндане»[4].

Апошнія гады жыцьця быў паралізаваны. Памёр у Лёндане, у сьнежні 1998 году.

Літаратура

рэдагаваць