Бабруйскі завод біятэхналёгіяў

Каардынаты: 53°10′1″ пн. ш. 29°13′26″ у. д. / 53.16694° пн. ш. 29.22389° у. д. / 53.16694; 29.22389

«Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» — дзяржаўнае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў траўні 1936 году ў якасьці Бабруйскага гідролізна-сьпіртавога завода.

«Бабруйскі завод біятэхналёгіяў»
Тып адкрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1 траўня 1936 (87 гадоў таму)
Краіна Беларусь
Разьмяшчэньне Магілёўская вобласьць
Адрас Бабруйск, Першамайскі раён, вул. Чэхава, д. 54
Ключавыя фігуры Сяргей Бакун, Юры Карнеенка
Галіна прамысловасьць
Прадукцыя антыфрыз, двухвокіс вугляроду, кармавыя дрожджы, лекі, паліўны брыкет, этаноль
Абарачэньне 26,958 млн рублёў[1] (2017 г.; $13,944 млн)
Апэрацыйны прыбытак 0,352 млн руб. (2017 г.; $0,182 млн)
Чысты прыбытак 0,159 млн руб. (2017 г.; $0,082 млн)
Лік супрацоўнікаў 463 (2018 г.)
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Аўдытар ТАА «АўдытБізнэсКансалт» (Менск)

На 2018 год завод вырабляў: кансэрвант для сіласаваньня «Лаксіл-М», стымулятары росту расьлінаў і расьлінаахоўныя сродкі, прабіётыкі для жывёлаў, антысэптыкі, антыфрызы, шклоабмывальнікі і сродкі ачысткі, сарбэнт «Лінгасорб», паліўныя брыкеты, двухвокіс вугляроду (вадкі і цьвёрды), кармавы бялок і этаноль (дэнатураваны, тэхнічны і рэктыфікаваны з харчовай сыравіны)[2].

Мінуўшчына рэдагаваць

У сьнежні 1934 году пачалі будаўніцтва Бабруйскага гідролізнага-сьпіртавога завода, якое скончылі ў красавіку 1936 году. 1 траўня 1936 году на заводзе вырабілі першы гідролізны этаноль з драўняных трэсак ад лесапіленьня. У часе Нямецка-савецкай вайны абсталяваньне вывезьлі ў Нямеччыну. 26 кастрычніка 1947 году адноўлены завод выпусьціў першыя вырабы. У 1961 годзе ўвялі ў дзеяньне цэх вадкай вуглекіслаты для газаваных напояў, вогнетушыльнікаў і электразваркі. У 1965—1967 гадах узьвялі цэх кармавых дрожджаў з праектнай магутнасьцю на 8,4 тыс. тонаў за год. Спадарожна пабудавалі склады дрожджаў, матэрыялаў і сыравіны, участак прыгатаваньня вапнавага малака і рашчыны сілкавальных соляў, майстэрні кантрольна-вымяральных прыладаў (КВП) і электраўчастка, 2 артэзіянскія скважыны і чыгуначнае палатно. У 1973 годзе перабудавалі рэктыфікацыйнае аддзяленьне, дзе сталі выпускаць тэхнічны этаноль вышэйшай ачысткі. У 1974 годзе дражджавы цэх выйшаў на праектную магутнасьць, што дазволіла наладзіць выраб кармавых дрожджаў, узбагачаных лізінам. У 1976 годзе асвоілі выпуск дрожджаў, узбагачаных вітамінам Д2. У студзені 1979 году ўвялі ў дзеяньне збудаваньні ачысткі пасьлядражджавой бражкі, што скараціла забруджанасьць сьцёкаў на 43%.

У 1985 годзе ўзьвялі ўчастак вырошчваньня жэньшэня. У якасьці лекаў сталі выпускаць 40%-ы настой жэньшэня. Для вырабу тавараў побытавай хіміі, касмэтыкі і парфумэрыі сталі пастаўляць 20%-ы настой. У 1991 годзе ўвялі ў дзеяньне ўчастак пенамыйных сродкаў, дзе таксама пачалі вырабляць кёльнскую ваду, крэм для рук і касмэтычны лясьён. У 1993 годзе на заводзе асвоілі вырошчваньне грыбоў вешанак. У 1994 годзе пабудавалі цэх рэктыфікацыі для атрыманьня сьпірта-рэктыфіката са сьпірта-сырца. У 1995 годзе ўзьвялі ўласную паравую кацельню і асвоілі выпуск тэхнічнага этанолю зь меласы і галаўной фракцыі этанолю. У 1998 годзе збудавалі досьледна-прамысловы ўчастак для вырабу стымулятараў росту расьлінаў «Рызабактаген-С», «Фітастымафос» і «Мікалін», расьлінаахоўнага сродку «Бактаген» і вэтэрынарнага прэпарату «Субліцын». У сьнежні 1999 году наладзілі выпуск дэнатуратаў сьпірту. У траўні 2001 годзе на балянс завода прынялі досьледна-прамысловы ўчастак у пасёлку Туголіца (Бабруйскі раён), дзе вырабляюць паліўныя брыкеты зь лігніну ад гідролізнай вытворчасьці. У жніўні 2001 году ўвялі ў дзеяньне 1-ы пускавы комплекс цэха рэктыфікаванага этанолю са збожжа і сьпірта-сырца. У сьнежні 2002 годзе задзейнічалі 2-і пускавы комплекс цэха. У 2004 годзе асвоілі выраб цьвёрдай вуглекіслаты. У сьнежні 2005 году пусьцілі ўчастак сьпіртовых рашчынаў дэзынфэкцыі, дзе пачалі вырабляць шклоабмывальнікі «Кругагляд». У 2008 годзе запусьцілі вытворчасьць ахалоджвальнай вадкасьці «Айсбэрг-40» для аўтамабіляў.

У 2012 годзе ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» істотна павялічыла выраб ачышчанага тэхнічнага этанолю. У выніку ў 2013 годзе Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь улучыла завод у Дзяржаўны рэестар гаспадарчых суб’ектаў, якія займаюць паноўнае становішча на таварных рынках[3]. У студзені 2015 году завод пачаў вырабляць сарбэнт «Лінгасорб» ад разьліваў нафты, паводле распрацоўкі Навукова-дасьледчага інстытуту фізыка-хімічных праблемаў БДУ[4].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ М.А. Пералыгіна. Гадавая справаздачнасьць ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў» на 1 студзеня 2018 г. (рас.) // ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў», 5 сакавіка 2018 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
  2. ^ Арганізацыі Аддзяленьня біялягічных навук (Бабруйскі завод біятэхналёгіяў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 7 верасьня 2018 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
  3. ^ «Эўраопт» дасягнуў манапольнага статусу пастаўшчыка садавіны ў Беларусь // Газэта «Новы час», 5 лютага 2014 г. Архіўная копія ад 5 лютага 2014 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.
  4. ^ Натальля Тарасюк. Новая распрацоўка спэцыялістаў навукова-дасьледчага інстытута БДУ здольная ліквідаваць разьліў нафты // Белтэлерадыёкампанія, 25 студзеня 2015 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць

  • Сьпіс цэнаў (рас.) // ААТ «Бабруйскі завод біятэхналёгіяў», 1 кастрычніка 2018 г. Праверана 7 лістапада 2018 г.