Аўтастрада ў нябёсы

тэлесэрыял ЗША 1984 року

«Даро́га ў нябёсы» (па-ангельску: Highway to Heaven) — фантастычны драматычны тэлесэрыял ЗША, прэм’ерны паказ якога адбыўся на канале NBC з 19 верасьня 1984 па 4 жніўня 1989 року[2]. У галоўных ролях здымаліся Майкл Лэндан (Джонатан Сьміт, анёл, пасланы на Зямлю дапамагаць людзям) і Віктар Фрэнч (Марк Гордан, адстаўны паліцыянт, які дапамагае Сьміту выконваць ягоныя «прызначэньні», ці заданьні). Лэндан сам стаў стваральнікам і выканаўчым прадусэрам, а таксама рэжысэрам большасьці сэрыяў. Для Лэндана гэта быў трэці і апошні тэлесэрыял, а для Фрэнча — апошняя роля; ён памёр за два месяцы да выхаду апошняй сэрыі.

Аўтастрада ў нябёсы
Highway to Heaven
Жанр фантастыка
сямейная драма
Стваральнік Майкл Лэндан
Рэжысэр
У ролях
  • Майкл Лэндан
  • Віктар Фрэнч
Кампазытар Дэйвід Роўз
Краіна ЗША
Колькасьць сэзонаў 5
Колькасьць сэрыяў 111 (сьпіс)
Мова ангельская
Вытворчасьць
Прадусар Кент Маккрэй
Выканаўчыя прадусары Майкл Лэндан
Вытворчасьць Michael Landon Productions
Даўжыня сэрыі 45—48 хв.
Трансьляцыя
Тэлеканал NBC
На экранах 19 верасьня 1984 — 4 жніўня 1989 (1989-08-04)
Спасылкі
Старонка на IMDb

Сюжэт рэдагаваць

Джонатан Сьміт, былы чалавек, які жыў на Зямлі ў 1917—1948 пад імем Артура Томпсана[3][4], стаў анёлам «на выпрабаваньні», пасланым на Зямлю, каб дапамагаць людзям, якія таго патрабуюць. Падчас «прызначэньня» ён знаёміцца з Маркам Горданам, расчараваным у жыцьці адстаўным паліцыянтам[5], які вымушаны перабівацца з працы на працы. Сьпярша не давяраючы Джонатану, Марк дапамагае таму выканаць ягонае прызначэньне і неўзабаве ўсьведамляе сапраўдную натуру анёла, пасьля чаго атрымлівае заданьне ад «Боса» (так яны называюць Бога): дапамагаць Джонатану вырашаць праблемы людзей на Зямлі. Джонатан з Маркам атрымліваюць розныя заданьні, якія дапамагаюць стурбаваным людзям пераадольваць свой клопат.

Кожная новая сэрыя звычайна пачынаецца з прыезду галоўных герояў у новае места і ўладкаваньне на працу, зьвязаную зь іхнім прызначэньнем. Анёльская натура Джонатана дапамагае ім працаваць паліцыянтамі, мэдыкамі, настаўнікамі, сацыяльнымі работнікамі ды іншымі кваліфікаванымі супрацоўнікамі. Але чалавечыя праблемы абодва павінны вырашаць уласнымі сіламі, намагаючыся ўвайсьці ў становішча тых людзей, да якіх яны пасланыя. Джонатан валодае надзвычайнай фізычнай сілай, але можа карыстацца ёю толькі для ручной працы ці самаабароны. Часам Джонатан робіць іншым людзям падарункі «ад Боса» ці «невядомага сябра», напрыклад, упрыгожыць змрочны дом састарэлых кветкамі ці падараваць ровар. У выключных выпадках «Бос» можа дапамагчы пратаганістам боскім умяшаньнем.

Тэлесэрыял акцэнтаваны на важных сацыяльных і эмацыйных праблемах. Характары галоўных пэрсанажаў адрозьніваюцца (Джонатан больш чульлівы і спачувальны, Марк — прагматычны і цынічны), аднак яны заўжды падтрымліваюць адзін аднаго. Джонатанава місія на Зямлі — зрабіць даволі дабра, каб атрымаць крылы і, магчыма, трапіць на нябёсы. Калі Джонатан з Маркам становяцца добрымі сябрамі, Марк разрываецца між радасьцю за сябра і ягонай магчымай стратай, а таму вырашае запаволіць працэс[6].

Выраб рэдагаваць

Здымкі праходзілі ў Лос-Анджэлесе ды іншых мясьцінах Каліфорніі. Дарога ва ўступных кадрах і адна з сэрыяў другога эпізоду былі зьнятыя часткова ля Тусану (Арызона). Маркавым аўтамабілем, якім галоўныя героі перамяшчаюцца па краіне, стаў Ford LTD II 1977 року выпуску.

У чэрвені 1988 року, у разгары страйку Амэрыканскай пісьменьніцкай гільдыі, NBC пасьля падзеньня рэйтынгу сэрыялу вырашыла завяршыць яго пятым сэзонам. Апошняя сэрыя 4 жніўня 1989 року скончылася адкрытым фіналам, які падразумяваў працяг. Аднак узнаўленьня здымак не адбылося, бо ў той час Віктар Фрэнч ужо быў цяжка хворы на рак лёгкіх і неўзабаве памёр. «Аўтастрадай» скончылася і 30-гадовае супрацоўніцтва з NBC Майкла Лэндана.

Працяг рэдагаваць

У 2021 року выйшаў тэлефільм «Аўтастрада ў нябёсы»[7].

Глядзіце таксама рэдагаваць

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ http://dbpedia.org/resource/Highway_to_Heaven
  2. ^ Highway to Heaven (анг.) IMDb Праверана 17 сьнежня 2021 г.
  3. ^ Highway to Heaven. Keep Smiling. Trivia (анг.) IMDb Праверана 17 сьнежня 2021 г.
  4. ^ Highway To Heaven, episode Keep Smiling (анг.) BitChute Праверана 17 сьнежня 2021 г.
  5. ^ Highway to Heaven episodes 1 and 2 (анг.) BitChute Праверана 17 сьнежня 2021 г.
  6. ^ O’Connor, John J. (19 верасьня 1984) TV Review; 'Highway to Heaven' with Landon (анг.). New York Times. Праверана 17 сьнежня 2021 г.
  7. ^ Highway to Heaven (анг.) IMDb Праверана 19 сьнежня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі рэдагаваць