Арон Кайдановер
Арон Шмуэль {Самул} бэн Ізраэль Кайдановер (אהרן שמואל קאידנוור; Аaron Samuel z Kojdanowa або Kojdanower /Kaidanover/ Aaron Samuel ben Izrael; Кайдановер /Койдановер/ Аарон /Агарон/ Шмуэль (Самуил) бен Исраэль (Магаршак; Махаршак, Маhаршак; Мааршак, Magarshak, Маршак)) — талмудыст, адзін са значных рабінаў свайго часу.
Арон Кайдановер | |
Дата нараджэньня | 1614[1][2][3] |
---|---|
Месца нараджэньня | Койданаў, Вялікае Княства Літоўскае |
Дата сьмерці | 1 сьнежня 1676 |
Месца сьмерці | |
Занятак | рабін |
Дзеці | Tsevi Hirsh Ḳaidanoṿer[d] |
Біяграфія
рэдагавацьАрон Шмуэль (Арон — імя, якое было нададзенае пры нараджэньні, потым, пасьля цяжкай хваробы, было нададзенае другое імя — Шмуэль (Самул), што азначае «Бог пачуў») нарадзіўся ў 1624 (5384) г. у мястэчку Койданаве ў сям’і рабіна Ізраіля Кайдановера.
Талмудысцкую і рабінскую адукацыю Арон Шмуэль атрымаў у Брэст-Літоўскім ешыбоце, сьпярша пад кіраўніцтвам Якава Гешэля, і ягонага сына Ёшуі Гешэля (Joshua Hoeschel ben Jacob). Затым Арон Шмуэль Кайдановер быў рабінам у м. Белая, адкуль ад жахаў пагромаў казацкага паўстаньня пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага (1648—1649) ўцёк у Вільню, дзе зрабіўся адным з габрэйскіх судзьдзяў пад кіраўніцтвам Моўшы, галоўнага судзьдзі габрэйскага суду места Вільні, аўтара кнігі «Хелькат мехокек» (Участак заканадаўцы).
У 1650 [5410] г. у Вільні ў яго нарадзіўся сын Кайдановер Цэві Гірш (Рабі Цьві-Гірш бар Аарон-Шмуэль Кайдановер /Койданавер/ (Кав аяшар)), зь цягам часу вядомы мараліст і кабаліст, выбітны мысьляр і настаўнік мусара (габрэйскай этыкі).
У 1655 годзе, калі маскоўскія стральцы ды казакі ўварваліся ў Вільню, ягоны дом быў абрабаваны, каштоўная бібліятэка спаленая, загінулі ўсе рукапісы, напісаныя да гэтага часу, а ён з сям’ёй пасьпешліва зьбег з места. У 1656 годзе, ля Любліну, ягоны 5-ці гадовы сын Цэві Гірш быў цяжка паранены казакамі, а дзьве ягоныя дачкі былі забітыя ў яго на вачах.
Праз нейкі час мараўская габрэйская грамада м. Мікольсбургу (цяпер м. Мікулаў у Чэхіі) запрасіла яго выкладаць у іх Тору ды Талмуд. Пасьля займаў рабінскія пасады ў м. Глогаў (цяпер у Польшчы), у мм. Фюрт, Франкфурт-на-Майне (Нямеччына).
З 1669 па 1674 г. ён жыў і выкладаў у габрэйскай грамадзе м. Брыск (בריסק «Brisk» — габрэйскі назоў Бярэсьця). Быў рабінам у м. Кракаў, што ў Польшчы.
Арон Шмуэль Кайдановер памёр у 1676 г. у м. Хмельніку (Украіна) пад час паседжаньня рабінаў, калі казаў малітву, таму лічаць што ягоная сьмерць адзначана пячаткай сьвятасьці, аб чым сьведчыць выпіс з кнігі габрэйскай пахавальнай арганізацыі м. Кракава: «Памяне Ўсявышні душу рабіна і настаўніка нашага Арона Шмуэля, сына рабіна Ізраіля, які паехаў з Кракава на рабінскі сход у м. Хмяльнік і там сканаў 19 тамузу 5456 г. (30 чэрвеня 1676 г.). Вялікія заслугі яго паслужаць абаронай нам і ўсяму народу Ізраілеваму. Амэн».
Ягоны сын Цэві Гірш вярнуўся ў Вільню і зрабіўся адным з кіраўнікоў гарадзкой габрэйскай грамады, ды разам з гэтым пачаў пасьпяхова займацца камэрцыяй.
Неўзабаве па «ілжывым даносе» Цэві Гірш Кайдановер разам з сям’ёю (жонкай і дзецьмі) апынуўся на 4 гады ў астрозе. Паводле ўласнага прызнаньня, Цэві Гірш убачыў у бядзе, якая напаткала яго ў Вільні, пакараньне за тое, што ён дагэтуль не апублікаваў шматлікія рукапісы бацькі.
Пасьля вызваленьня ён адправіўся ў Франкфурт на Майне, дзе жыла сям’я ягонага цесьця ды прыняўся за літаратурную працу. Неўзабаве ён выпусьціў у сьвет цэлы шэраг кніг свайго бацькі, забясьпечыўшы іх сваімі прадмовамі і нататкамі.
У 1705 г. Цэві Гірш Кайдановер выдаў свой асноўны павучальны твор — трактат па этыцы «Kaw ha-jaschar» (Правільная мера), які зьяўляецца пераробкаю і дапаўненьнем працы Ёсіпа з Дубны. Кніга складаецца з 102 разьдзелаў, што адпавядае першай частцы загалоўка קכ (102); другая частка «ha-Jaschar» (הישך) — анаграма імя аўтара היךש. Кніга насычана змрочным аскетызмам, уласьцівым той эпосе прыгнёту габрэйства ў Рэчы Паспалітай. Дэманы і чэрці гуляюць значную ролю ў гэтай кнізе. «О чалавек, усклікае аўтар, калі б ты ведаў, колькі д’яблаў прагнуць тваёй крыві, то ты падначаліўся б цалкам і целам, і душою Спадару Богу»; пра д’яблаў прыводзяцца «дакладныя» аповеды. Кніга шматразова перавыдавалася і зрабілася, з-за таго, што Цэві Гірш забясьпечыў яе падрадковым перакладам на ідыш (нямецка-габрэйская трасянка габрэяў усходняй і цэнтральнай Эўропы), любімым чытаньнем жанчын і мужычча, якія, як правіла, не валодалі сьвятой мовай ідыш. Рабін Цэві Гірш Кайдановер памёр ва Франкфурце на Майне ў Шушан-Пурым 1712 (пятнаццатага адара 5472) году.
Арон Шмуэль Кайдановер напісаў некалькі значных твораў, якія перавыдаюцца і вывучаюцца па сёньняшні дзень у артадаксальных ешыботах. Яму належаць наступныя творы:
«Birchat ha-Zebach» (Біркат зэвах — Благаславеннае ахвярапрынашэньне), навэлы да талмудысцкіх трактатаў разьдзелу Кадашым (Ахвярапрынашэньне) (за выключэньнем Хулін і Бехарат) з прадмовай-аўтабіяграфіяй (выдадзена зяцем Кайдановера Нахумам Кагенам, братам тагачасных вялікіх знаўцаў Торы і Талмуда Сабатая (Шабтая) ды Ішая Кагенаў (Каэнаў) (Амстэрдам, 1669); другое выданьне з камэнтарам «Omer Man», 1773;
«Birchat Schemuel», (Біркат Шмуэль — Благаславеньне Шмуэля) казаньні на тэмы з Торы, з дадаткамі сына аўтара, Цэві Гірша, выдаўца гэтага твора (Франкфурт на Майне, 1682);
«Emunat Schemuel» (Эмунат Шмуэль — Вера Шмуэля), уяўляе сабой 60 рэспонсаў па пытаньнях шлюбнага права, таксама ўпершыню выдадзена сынам аўтара Цэві Гіршам (Франкфурт-на-Майне ib., 1683); другое выданьне зьдзейсьненае ў Львове ў 1884 годзе, зь якога ўзнаўляюцца сёньняшнія выданьні (Ерусалім, 1981).
«Tiferet Schemuel», (Ціферэт Шмуэль — Веліч Шмуэля), навэлы да розных талмудысцкіх трактатаў (ib., 1692).
Нататкі да Хашэн Мішпат, якія зьмешчаны ў апошнім з названых твораў, надрукаваны ў «Ture Zahab» (Гамбург, 1692).
Кайдановер таксама склаў працу пад назвай «Seder Gitin we-Chaliza», аб законах скасаваньня шлюбу (рукапіс калекцыі Давіда Апенгейма (1664—1736)., галоўнага рабіна Маравіі ды галоўнага судзьдзі габрэйскіх судоў Прагі і Мікольсбургу, які зьбіраў габрэйскія друкаваныя кнігі).
Таксама Кайдановер меў празваньне Маг(h)аршак ці Мааршак (מהרש"ק), што зьяўляецца абрэвіятурай «настаўнік наш і рабін Шмуэль Кайдановер» (морэйну hа-раб Шмуэль Кайдановер [на іўрыце: «м» — Морейну (настаўнік наш), «р» — раб (рабін), «ш» — Шмуэль (Самул), «к» — Кайдановер.] Morenu Rabbi Shmuel Kaidanover — מהרש"ק). Таксама лічаць, што такую ж самую абрэвіятуру меў і рабін Шлёма бэн Іhуд Аhарон з Камарова (1788—1869), што пад Люблінам, «настаўнік наш і рабін Шлёма Мудры (морэйну hа-раб Шлёма Клугер — Morenu Rabbi Selomo Kluger)». Іншыя лічаць, што Арон Шмуіл Кайдановер меў родавую мянушку «Клюгер» — «Разумны».
Носьбіты прозьвішча Маршак пражывалі ў Рызе, Дзьвінску, Полацку, Люцыне, Лепелі і Віцебску. Адзін з носьбітаў гэтага прозьвішча — расейскі паэт і перакладчык Самуіл Якаўлевіч Маршак. У 2002 г. у Ізраілі адбыўся міжнародны сход Маршакоў.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Swartz A. Aaron Samuel ben Israel Kaidanover // Open Library (анг.) — 2007.
- ^ Swartz A. Aaron Samuel Kaidanover // Open Library (анг.) — 2007.
- ^ Aaron Samuel ben Israel Kaidanover // opac.vatlib.it (анг.)
Літаратура
рэдагаваць- Баркоўскі А. Трагічны шлях талентаў // Голас Радзімы. № 6. 6 лютага 2002. С. 6;
- Баркоўскі А. Ягонае імя ўслаўляла Койданава // Краязнаўчая газета. № 28. Ліпень. 2007. С. 7.
- Гейзер М. М. Маршак. Москва. Молодая гвардия. 2006.
- Еврейская Энциклопедия. Свод знаний о еврействе и его культуре в прошлом и настоящем. (Т.- 9, СПб., Б.г.; Рэпр. Выд. М., 1991 г.) (слуп. 655.).
- Целеш Л. Талмудыст Мааршак. // Новы час. Мінск. 17 чэрвеня 2011. С. 14.