Аргентынскі пэса

валюта Аргентыны

Пэ́са (па-гішпанску: peso) — валюта Аргентыны, уведзеная ў 1992 року. Сымбаль — $. Код ISO 4217 — ARS. Адзін пэса дзеліцца на 100 сэнтава. Манэты наміналамі ад 1 сэнтава да 10 пэса ўсё яшчэ лічацца сапраўднымі, аднак больш ня б’юцца з прычыны нізкай вартасьці. Тое самае і з банкнотамі: наміналы 10, 20, 50, 100, 200, 500, 1000 і 2000 больш ня друкуюцца.

Аргентынскі пэса
Краіна
Код ISO-4217 ARS
Сымбаль $
Цэнтральны банк Цэнтральны банк Аргентыны[d]
Увядзеньне ва ўжытак 1 студзеня 1992[1]
Папярэдняя валюта аўстраль[d]
Галерэя выяваў у Вікісховішчы

Да 31 сьнежня 1991 року аргентынская валюта называлася аўстралем і была замененая па курсе 10 000 аўстраляў да аднаго пэса. Аднак і сучасная валюта значна абясцэньваецца: у 1992 року фіксаваны абменны курс складаў 1 пэса да 1 даляру ЗША, а ў пачатку 2023 — 178:1. Фіксаваны эканамічны курс быў скасаваны пасьля фінансавага крызісу 2001 року(d); курс адразу ж падскочыў да 4 пэса за 1 даляр ЗША (75% дэвальвацыя), аднак пазьней урэгуляваўся вакол прапорцыі 3:1. Доўгі час урад здолеў утрымліваць прыкладна стабільны курс у межах 2,90—3,10 пэса/даляр ЗША. З 2008 року інфляцыя пачынае ўзрастаць. Прэзыдэнтка Крыстына Фэрнандэс дэ Кіршнэр у 2011—2015 роках уводзіла абмежаваньні на продаж/куплю валюты. Гэта дазволіла зьменшыць сплыў капіталу(d), аднак зьявіўся і «чорны» рынкавы курс. Новы прэзыдэнт Маўрысіё Макры скасаваў валютныя абмежаваньні, што дапамагло амаль наблізіць афіцыйны абменны курс да неафіцыйнага. Аднак надалей пэса імкліва абясцэньваўся да даляра: ад 14:1 у пачатку 2016 року да 370:1 у лістападзе 2023.

12 сьнежня 2023 року міністар эканомікі Люіс Капута ўсталяваў афіцыйны абменны курс пэса да даляра роўным 800:1, імгненна дэвальваваўшы нацыянальную валюту на 54%. Рынкавы курс тады дасягаў 1000 пэса да даляру. У красавіку 2024 року інфляцыя пэса ў параўнаньні зь мінулагоднім пэрыядам склала 289,4%.

У лістападзе 2022 року аргентынскія ўлады ўвялі «турыстычны даляравы» абменны курс, прызначаны для разьлікаў замежнымі аплатнымі карткамі. На час увядзеньня адзін даляр ЗША каштаваў па ім 355 пэса замест «афіцыйных» 195 пэса. Гэта было зроблена дзеля магчымасьці замежным турыстам карыстацца карткамі без патрэбы абменьваць валюту на чорным рынку. У выніку за 2022 год колькасьць выдаткаваных турыстычных даляраў вырасла ў пяць разоў.

У лістападзе 2024 року Цэнтральны банк Аргентыны ўвёў у абарачэньне банкноту наміналам 20 000 пэса.

  1. ^ Chronicle of the year 1992JL International, 1993. — С. 4.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць