Апалён на калядаваньні

п’еса Яна Чачота

«Апалён на калядаваньні» (па-польску: Apollo po kolędze) — двухактавы драматычны абразок[1] Яна Чачота, напісаны ў канцы 1819 з нагоды імянінаў Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.

Апалён на калядаваньні
Apollo po kolędze
Жанр: драма
Аўтар: Ян Чачот
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: 1819

Першы акт

рэдагаваць

У першым акце дзеяньне адбываецца на плошчы перад ратушай.

Першая сцэна адкрываецца гутаркай багоў, якія чакаюць Эрату. У Апалёна і музаў узьнікаюць розныя прапановы пра месца яе знаходжаньня. Апалён выказвае думку аб тым, што Эрата ў манаскай кельлі спакушае божых служак.

Другая сцэна, якая пачынаецца з прыходу Эраты, поўніцца развагамі пра тагачасны стан краснага пісьменства: лірычнай і эпічнай паэзіі. Затым, з ініцыятывы Апалёна багі вырашаюць пераапрануцца і пайсьці калядаваць. За дапамогай у арганізацыі сваёй прыгоды Апалён і музы зьвяртаюцца да Мэркурыя. Затым Апалён і музы, разважаючы над паступовай заменай адных ідалаў іншымі, бачаць усю недасканаласьць грамадзтва.

Другі акт

рэдагаваць

У другім акце дзеяньне адбываецца ў доме, дзе звычайна праходзілі паседжаньні філяматаў. Дзейнымі асобамі першае сцэны зьяўляюцца: Адам (Адам Міцкевіч), Тамаш (Тамаш Зан), Ян (Ян Чачот), Божыдар (Тэадор Ладзінскі), Ануфр (Ануфры Петрашкевіч), Юзэф (Юзэф Яжоўскі), Яраш (Францішак Малеўскі), Эразм (Эразм Палюшынскі). Сцэна распачынаецца спрэчкай Адама І Тамаша.

Другая сцэна зьяўляецца кульмінацыйнаю. У ёй філяматы сустракаюцца з багамі і чытаюць свае паэтычныя творы. Найвышэйшую ацэнку аўтара атрымлівае Адам Міцкевіч за чытаньне верша «Няхай радасьць з вачэй нашых блісьне». Апалён і хор муз двойчы прамаўляюць свае віншаваньні да Адама Міцкевіча і Тамаша Зана, услаўляюць іх род, продкаў, гавораць пра абранасьць філяматаў, пра іх служэньне Айчыне, а таксама ўхваляюць іх літаратарскую дзейнасьць. Затым слова даецца хору філяматаў, якія таксама віншуюць сяброў..

Рэцэпцыі антычнасьці

рэдагаваць

Апалён, бог сонечнага сьвятла, у творы паказаны як жартаўлівы, няўрымсьлівы шукальнік прыгодаў. Яго спадарожніцы — музы, прычым з традыцыйных дзевяці муз у творы фігуруе толькі пяць — усе яны апякункі пісьменьніцкай дзейнасьці: Эрата і Талія, Каліёпа, Мэльпамэна і Эўтэрпа. Па-за ўвага паэта засталася Полігімнія, што зьвязана з прыярытэтамі літаратарскай дзейнасьці філяматаў. У Чачотавай інтэрпрэтацыі багі губляюць сваю велічнасьць і становяцца звычайнымі асобамі з жарсьцямі і недахопамі.

У творы назіраецца сынкрэтызм язычніцтва і хрысьціянства: антычныя багі ў якасьці калядоўнікаў удзельнічаюць у сьвяце Божага Раства.

У гэтым сцэнічным творы яскрава выяўляецца матыў антыклерыкалізму, уласьцівы і іншым філяматам. У даным творы вуснамі музы Каліёпы аўтар гаворыць наступнае: «Я ўжо абміну крыжовыя паходы, да якіх намаўлялі манахі, наварачваньне бяздольных інкаў цаною праліцьця крыві.. Цэлы сьвет, як студэнт пад паказкаю Ляёлі, стагнаў, бядак... шмат вякоў пражыў сьвет, пакуль даведаўся аб мэце рэлігіі» (радкі 111—116)[2].

Пераклады

рэдагаваць
  1. ^ Паводле жанравага вызначэньня К. Цьвіркі, «вадэвіль у двух актах... напісаны ў форме народнай каляднай містэрыі»
  2. ^ Цьвяткоў, Л. Таварыства філёматаў (Некаторыя цікавыя рысы аб’яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю) // Маладняк. — 1927. — № 1. — С. 64

Літаратура

рэдагаваць
  • Кохан Т. С. Вобразы антычных багоў у драматычным абразку «Апалон на калядаванні» Яна Чачота // Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: матэрыялы IX Міжнар. навук. канф., прысвеч. 70-годдзю філал. фак. Беларус. дзярж. ун-та, Мінск, 15—17 кастр. 2009 г. У 2 ч. Ч. 1 / пад рэд. В. П. Рагойшы; рэдкал.: В. П. Рагойша (гал. рэд.) [і інш.]. — Мінск: Выд. цэнтр БДУ, 2010. — С.177—182. — 295 с.