Аляксандар Кулакоўскі

Аляксандар Кулакоўскі (25 сакавіка 1925, в. Тулічава, Наваградчына — 18 сакавіка 2010, Мэльбурн, Аўстралія) — беларускі праваслаўны сьвятар у Аўстраліі.

Біяграфія

рэдагаваць

Аляксандар Кулакоўскі паходзіў зь сялянскай сям’і.

У 1942 вёску Тулічава, у адказ на дзеяньні партызан, спалілі немцы. Кулакоўскі пераехаў у Менск. У 1944 выехаў на Захад: на францускай мяжы працаваў на капаньні ўмацаваньняў. Па вайне апынуўся ў беларускім лягеры ў Остэргофэне, дзе вучыўся ў беларускай гімназіі. Потым навучаўся ў Пасаў і ў Нюрнбэргу ў нямецкіх прафэсійных вучэльнях. Перабраўся ў Аўстралію ў Мэльбурн. Тамака працаваў токарам, зьбіраў завадзкія станкі. На пэнсію пайшоў, працуючы на пошце.

Адразу па пераезьдзе далучыўся да беларускага руху. У 1958 а. Мадэст (Яцкевіч) заснаваў у Мэльбурне парафію БАПЦ імя Трох Віленскіх Пакутнікаў. Кулакоўскі напачатку кіраваў царкоўным хорам, а ў 1963 у Нью-Ёрку быў высьвячаны на дыякана, а потым атрымаў і сьвятарскія высьвячэньні.

Пасьля стаў настаяцелям парафіі Трох Віленскіх Пакутнікаў. Пры ім было заснавана дабрачыннае Сястрыцтва, жаночы сьвецкі хор «Каліна», які існуе і дагэтуль, а ў 1981 набыты новы будынак для царквы. Айцец Кулакоўскі таксама быў ініцыятарам набыцця дзялянкі пад беларускія пахаванні на гарадскіх могілках Фоўкнер у Мэльбурне.

У 1953 ажаніўся з Раісай Борстак. Выхаваў двух дачок — Ірэну і Веру. Адна працуе настаўніцай, другая займаецца бізнэсам.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць