Аляксандар Вазіла
Аляксандар Цімафеевіч Вазіла (псэўданімы і крыптанім: Алек де-Вазиллини; Клим Злобич; Правдолюб; Антон Хатыня; Саша Косматый; Аль-Вэ; 28 жніўня (9 верасьня) 1888, мястэчка Прапойск Быхаўскага павету Магілёўскай губэрні, цяпер Слаўгарад Магілёўскай вобласьці — 4 сьнежня 1937, Уладзімер, НКУС) — грамадзкі дзяяч, паэт, публіцыст.
Біяграфія
рэдагавацьНарадзіўся 28 жніўня 1888 году ў мястэчку Прапойск Быхаўскага павету Магілёўскай губэрні. Вучыўся на Вышэйшых курсах Т. Лесгафта ў Пецярбургу; у 1908 годзе выключаны за ўдзел у рэвалюцыйным руху і, паводле некаторых зьвестак, сасланы ў Сыбір. У 1912—1913 друкаваўся ў газэце «Белорусский вестник». Выдаў у 1914 у Златавусьце Ўфімскай губэрні зборнік паэзіі «Волны», які быў канфіскаваны цэнзурай (у кнізе была і аўтабіяграфічная частка пра жыцьцё сасланых у Сыбіры); супраць аўтара распачата судовая справа. Гэта перашкодзіла выданьню Вазіле заяўленага ім штотыднёвіка «Уральская искра». У 1916—1917 займаўся на курсах каапэрацыі ў Петраградзе.
У 1917—1918 сацыял-дэмакрат-інтэрнацыяналіст, старшыня Быхаўскай пав. земскай управы. На 1-м Усебеларускім зьезьдзе 1917 году выступіў супраць намеру абвясьціць беларускую дзяржаўнасьць. Яго прамова была надрукавана асобнай брашурай. У 1918 быў рэдактарам часопісу «Чырвоны шлях». З 1919 году адышоў ад палітычнай дзейнасьці.
Арыштоўваўся 18 сьнежня 1917 году і ў 1924 годзе. У 1932 годзе арыштаваны ў Маскве, прывезены на Беларусь, абвінавачаны ў арганізацыі контрарэвалюцыйнай арганізацыі ў Прапойскім раёне. Сасланы ў Казахстан, дзе ў 1937 годзе зноў быў зарыштаваны, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасьці, прывезены ва Ўладзімерскі палітычны ізалятар, дзе абвінавачаны ў стварэньні падпольнай антысавецкай арганізацыі ўжо ў ізалятары. Расстраляны ў сьнежні 1937 году.[1] Рэабілітаваны ў 1956 годзе.
Крыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.