Альбомная лірыка
Альбо́мная лі́рыка — жанр інтымнай паэзіі XVIII—XIX стагодзьдзяў, прызначанай для прыватнага карыстаньня. Альбомныя вершы вызначаліся камэрнасьцю гучаньня, драбнатэм’ем, невысокім мастацкім узроўнем. Зрэдку сярод іх сустракаліся і творы выдатных майстроў слова — А. Пушкіна, М. Лермантава, М. Някрасава і інш. Адной з жанравых разнавіднасьцей альбомнай лірыкі зьяўляецца мадрыгал, невялікі верш-камплімэнт, прысьвечаны жанчыне. У беларускай паэзіі альбомная лірыка не атрымала пашырэньня. Нават у адзіным вядомым «Альбоме» (1858—1863) А. Вярыгі-Дарэўскага зьмешчаныя не ўласна альбомныя вершы, а творы з больш або менш выразным грамадзянскім гучаньнем. Сёньня тэрмін «альбомная лірыка» ўжываецца для характарыстыкі вузка інтымнай паэзіі, пазбаўленай грамадзянскага гучаньня.
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4