Аднаполыя саюзы ў Вугоршчыне
Вугоршчына ўвяла рэгістрацыю аднаполых грамадзянскіх партнэрстваў (па-вугорску: bejegyzett élettársi kapcsolat) зь 1 ліпеня 2009 г. Зарэгістраваныя грамадзянскія партнэрствы маюць амаль тыя самыя правы, што і сужонкі ў зарэгістраваных шлюбах. Незарэгістраваныя партнэрствы (па-вугорску: élettársi kapcsolat) аднаполых параў атрымалі прызнаньне і роўны статус зь незарэгістраванымі партнэрствамі разнаполых параў у 1996 г. Папраўкі ў вугорскую канстытуцыю, якія ўступілі ў сілу ў 2012 г., забаранілі аднаполыя шлюбы ў краіне.
Незарэгістраваныя партнэрствы
рэдагавацьЗаканадаўства аб незарэгістраваныя партнэрствах распаўсюджваецца на пары — разнаполыя і аднаполыя, — якія жывуць разам у эканамічных і сэксуальных стасунках. Афіцыйнай рэгістрацыі не патрабуецца. Закон дае некаторыя вызначаныя правы і прывілеі двум асобам, якія жывуць разам, у т.л. права наведваць партнэра ў шпіталі і мець доступ да мэдычнай інфармацыі партнэра; права наведваць партнэра ў турме; права прымаць рашэньні, зьвязаныя з пахаваньнем памерлага партнэра; права дэкляраваць партнэра найбліжэйшым сваяком; права на пэньсію пасьля сьмерці партнэра; некаторыя іміграцыйныя правы і інш. Некаторыя з гэтых правоў вымагаюць афіцыйнага пацьвярджэньня факту сумеснага пражываньня службай сацыяльнага забесьпячэньня.
Зарэгістраваныя грамадзянскія партнэрствы
рэдагавацьУ 2007 годзе кааліцыйны ўрад Альянсу свабодных дэмакратаў (SZDSZ) і Вугорскай сацыялістычнай партыі (MSZP) унёс у парлямэнт законапраект аб зарэгістраваных грамадзянскіх партнэрствах для разнаполых і аднаполых параў. парлямэнт прыняў законапраект 17 сьнежня 2007 г.[1] Гэты акт меў надаць зарэгістраваным партнэрам усе правы. якімі паводле вугорскага заканадаўства валодаюць сужонкі ў зарэгістраваным шлюбе, акрамя права на ўсынаўленьне і на агульнае прозьвішча. Закон аб зарэгістраваных партнэрствах меў набыць сілу 1 студзеня 2009 году, але 15 сьнежня 2008 г. Канстытуцыйны суд краіны прызнаў яго неканстытуцыйным на той падставе, што грамадзянскія партнэрствы дублявалі б інстытут шлюбу для разнаполых параў. Суд пастанавіў, што закон аб зарэгістраваных грамадзянскіх партнэрствах, які б распаўсюджваўся толькі на аднаполыя пары, адпавядаў бы канстытуцыі, і абавязаў парлямэнт прыняць такі закон.
23 сьнежня 2008 г. урад Вугоршчыныі паведаміў пра намер прадставіць новы законапраект аб грамадзянскіх партнэрствах у адпаведнасьці з рашэньнем Канстытуцыйнага суду, які надаваў бы аднаполым парам усе правы, прадугледжаныя папярэднім актам. 12 лютага 2009 г. урад краіны ўхваліў новы законапраект. 20 красавіка 2009 г. закон быў ухвалены парлямэнтам.[2] За яго прагаласавалі 183 дэпутаты ад Вугорскай сацыялістычнай партыі і 16 дэпутатаў ад Альянсу свабодных дэмакратаў; супраць — 131 дэпутат ад Фідэс (Вугорскі грамадзянскі зьвяз), 22 — ад Хрысьціянска-дэмакратычнай народнай партыі, а таксама 6 дэпутатаў, якія не належылі да пэўных фракцыяў; 8 незалежных дэпутатаў устрымаліся. Закон аб зарэгістраваных грамадзянскіх партнэрствах набыў сілу 1 ліпеня 2009 г. У зарэгістраваныя грамадзянскія партнэрствы змаглі ўступаць толькі аднаполыя пары. Да іх прымяняюцца ўсе падажэньні шлюбу за выключэньнем правоў на агульнае прозьвішча, усынаўленьне і доступ да штучнага апладненьня.[2] 23 сакавіка 2010 г. Канстытуцыйны суд прызнаў закон адпаведным канстытуцыі.[3]
Статыстыка
рэдагавацьКолькасьць зарэгістраваных грамадзянскіх партнэрстваў па гадох:[4][5][6]
Год | Жаночыя пары | Мужчынскія пары | Разам |
---|---|---|---|
2009 | 49 | 18 | 67 |
2010 | 61 | 19 | 80 |
2011 | 24 | 21 | 45 |
2012 | 32 | 9 | 41 |
2013 | 21 | 9 | 30 |
2014 | 30 | 12 | 42 |
2015 | 36 | 29 | 65 |
2016 | 50 | 34 | 84 |
2017 | 49 | 38 | 87 |
2018 | 44 | 86 | 130 |
Разам | 396 | 275 | 671 |
Аднаполы шлюб
рэдагавацьУ верасьні 2007 г. лібэральны Альянс свабодных дэмакратаў (SZDSZ), які ўваходзіў у кіроўную кааліцыю пасьля выбараў 2002 г., прадставіў праект законапраекту ў Камітэт па правах чалавека вугорскага парлямэнту. Закон вызначаў шлюб як саюз паміж двума асобамі, старэйшымі за 18 гадоў, што ў выніку прыняцьця закону мела пашырыць права на шлюб на аднаполыя пары[7]. 6 лістапада 2007 г. камітэт адхіліў законапраект без абмеркаваньня. Апанэнты законапраекту ўказалі на пастанову Канстытуцыйнага суду, зробленую некалькімі месяцамі раней, якая вызначала інстытут шлюбу як саюз паміж мужчынам і жанчынай[8].
1 студзеня 2012 г. уступіла ў дзеяньне новая канстытуцыя Вугоршчыны, прынятая ўрадам Віктара Орбана, лідэра кіроўнай партыі Фідэс (па-вугорску: Fidesz – Magyar Polgári Szövetség). Яна вызначыла шлюб як саюз асобаў супрацьлеглага полу і ня ўтрымлівае гарантыяў абароны ад дыскрымінацыі па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі[9]. Артыкул 50 абвяшчае: "Вугоршчына ахоўвае інстытут шлюбу як саюз мужчыны й жанчыны, створаны добраахвотна, і сям’ю — як аснову выжываньня нацыі. У аснове сямейных адносінаў ляжаць шлюб або стасункі бацькоў і дзяцей.”
29 чэрвеня 2015 г. дэпутат ад Лібэральнай партыі Габар Фодар прапанаваў папраўку да канстытуцыі, якая вызначала б шлюб як саюз двух чалавек, і законапраект аб унясеньні адпаведных зьменаў у асноўны закон[10]. Абедзьве прапановы былі адхіленыя парляманцкім Камітэтам па правасудзьдзі[11].
Грамадзкая думка
рэдагавацьНекалькі апытаньняў грамадзкай думкі дазваляюць прасачыць адносіны жыхароў Вугоршчыны да пытаньня шлюбу і доступу да яго аднаполым парам.
Эўрабаромэтар (сэрыя рэгулярых апытаньняў грамадзкай думкі, якія праводзяцца на замову Эўракамісіі ад 1973 г.), апублікаваны ў сьнежні 2006 г., паказаў, што 18% вугорскіх рэспандэнтаў пагадзіліся з думкай, што аднаполыя шлюбы павінны быць дазволены ва ўсёй Эўропе.[12] У 2019 г. гэтая лічба склала 33% за і 61% — супраць.[13]
Апытаньне Szonda Ipsos у верасьні 2009 г. паказала, што большасьць вугорцаў (58%) падтрымалі нядаўна тады ўведзены закон аб зарэгістраваных грамадзянскіх партнэрствах для аднаполых параў.[14]
Апытаньне грамадзкай думкі, праведзенае Будапешцкім Прайдам і Integrity Lab, паказала, што 36% вугорцаў выступаюць за права на аднаполыя шлюбы, 56% — супраць, а 7% — ня вызначыліся (21% пераканана падтрымліваюць, 15% — хутчэй падтрымліваюць, 15% — хутчэй супраць і 41% — катэгарычна супраць). 60% апытаных пагадзіліся, што лезьбіянкі, геі і бісэксуалы павінны мець тыя ж правы, што і гетэрасэксуалы, а 46% падтрымліваюць права на ўсынаўленьне аднаполымі парамі, 47% — супраць. Падтрымка аднаполых шлюбаў была вышэйшая сярод кабетаў (40%), чым мужчынаў (33%); вышэйшая сярод людзей з вышэйшай адукацыяй (43%) і сярод тых, хто асабіста ведалі ЛГБТ (46%). Апазыцыя была ў асноўным сканцэнтраваная сярод сярод людзей, якія практыкуюць рэлігію (75% вернікаў, якія рэгурна наведваюць цэрквы, выступаюць супраць аднаполых шлюбаў; гэты адсотак тым меншы, чым менш рэгулярна людзі наведваюць цэрквы) і сярод прыхільнікаў кіроўнай партыі Фідэс (71%). Сярод нерэлігійных людзей адсотак тых, хто падтрымаў ідэю роўнага шлюбу і выказаўся супраць яе, быў аднолькавы — 47%. 60% не пагадзіліся зь меркаваньнем, што аднаполыя шлюбы ўяўляюць пагрозу для нацыянальных каштоўнасьцяў, а 66% пагадзіліся, што "аднаполыя пары хочуць брацца шлюбам як знак іх узаемнай любові й адданасьці ".[15]
Апытаньне дасьледчага цэнтру Pew, апублікаванае ў траўні 2017 г., паказала, што 27% вугорцаў выступаюць за права на аднаполыя шлюбы, а 64% — супраць. Падтрымка была вышэйшай сярод нерэлігійных (34%) і 18–34-гадовых (39%) рэспандэнтаў.[16]
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- ^ Reuters (18 December 2007) Hungary legalizes same-sex civil partnerships
- ^ а б Tamás Dombos (20 April 2009) Hungary introduces registered partnership for same-sex partners. ILGA-Europe. Архіўная копія
- ^ Tamás Dombos (24 March 2010) Hungarian Constitutional Court Affirms Registered Partnerships for Gay Couples. UKGayNews. Архіўная копія
- ^ Demográfiai évkönyv, 2016 = Demographic Yearbook, 2016 [PDF]. Központi Statisztikai Hivatal = Hungarian Central Statistical Office (2017).
- ^ Demográfiai évkönyv, 2017 = Demographic Yearbook, 2017 [PDF]. Központi Statisztikai Hivatal = Hungarian Central Statistical Office (2018).
- ^ Magyarország 2018:119. Központi Statisztikai Hivatal (2019).
- ^ Hungarian liberals to push for same-sex marriage. Monsters and Critics (20 September 2007). Архіўная копія
- ^ Hungarian parliament rejects motion on same-sex marriage. Caboodle.hu (7 November 2007). Архіўная копія
- ^ Stephen Gray (3 January 2012) New Hungarian constitution comes into effect with same-sex marriage ban. PinkNews.
- ^ Törvényjavaslatban kezdeményezik, hogy Magyarországon is házasodhassanak azonos neműek. Propeller (29/06/2015).
- ^ ILGA Аnnual Review of the Human Rights Situation of Lesbian, Gay, Bisexual, Trans and Intersex People in Europe 2016: Hungary
- ^ Eight EU Countries Back Same-Sex Marriage. Angus Reid Global Monitor. Архіўная копія
- ^ European Commission (23 September 2019) Eurobarometer on Discrimination 2019: The social acceptance of LGBTI people in the EU [PDF]
- ^ A szólás szabadsága: mit mondana, ha kiderülne, hogy meleg?. MTV (07 September 2009). Архіўная копія
- ^ The Perception of Same-sex Marriage in Hungarian Society. Budapest Pride (9 December 2016).
- ^ Pew Research Centre (10 May 2017) Religious Belief and National Belonging in Central and Eastern Europe