Агні
«Аго́нь» (санскр. अग्नि — Агні) — сямейства балістычных ракетаў ад сярэдняй да міжмацерыковай дальнасьці, створанае Арганізацыяй абаронных дасьледаваньняў і распрацовак Міністэрства абароны Індыі ў 1989 годзе. Ракеты маюць здольнасьць несьці ядзерны зарад. Трохступенчатая ракета «Агонь-5» («Агні-5»), упершыню запушчаная ў 2012 годзе, мае найбольшую з усіх дальнасьць звыш 5500 км. На 2017 год індыйскае войска мела на ўзбраеньні 5 відаў ракетаў сямейства: «Агонь-1» (700 км), «Агонь-2» (2000 км), «Агонь-3» (3500 км), «Агонь-4» (4000 км) і «Агонь-5». У выніку Беларусі магла дасягнуць ракета «Агонь-5».
Віды
рэдагаваць- «Агонь-1» («Агні-1») — 1-ступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета сярэдняй дальнасьці (700 км). 12-тонную 15-мэтровую ракету ўпершыню запусьцілі з марскога курорта Чандзіпур (Баласорская акруга, штат Арыса; цяпер штат Адзіша). Для запуску выкарыстоўваецца чэхаславацкі 8-восевы грузавік «Татра 813» або цягнік. Можа несьці ядзерную боегалоўку (15—250 кілятонаў у тратылавым эквіваленце) або звычайную выбухоўку вагой да 1 тоны. Пры палёце ўздымаецца на вышыню 200 км. 5 кастрычніка 2007 г. з вострава Ўілера (з 2015 г. востраў Абдула Калама; штат Арыса) камандаваньне стратэгічнымі сіламі індыйскага войска правяло першае карыстальніцкае выпрабаваньне, пасьля чаго ракета паступіла на ўзбраеньне 334-й ракетнай групы ў Сікандарабадзе (Хайдарабадзкая акруга, штат Андгра-Прадэш, цяпер Тэлангана). На 2017 г. выраблялася дзяржаўным ТАА «Індыйская дынаміка» (Хайдарабад, штат Тэлангана) пры кошце 350 млн рупіяў ($7,9 млн).
- «Агонь-2» («Агні-2») — 2-ступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета сярэдняй дальнасьці (2000 км). Другая ступеня ракеты важыць 4,2 тоны. Распрацоўку пачалі ў ліпені 1997 году. 11 красавіка 1999 году 16-тонную 21-мэтровую ракету ўпершыню запусьцілі з чыгуначнага вагону на востраве Ўілера. Папярэдне ракету ўзьнялі тырчма 2 гідраўлічнымі поршнямі. Падрыхтоўка да запуску займае 15 хвілінаў. Таксама пуск можа ажыцьцяўляцца з 8-восевага грузавіка «Тата». Можа несьці ядзерную боегалоўку магутнасьцю да 200 кілятонаў у тратылавым эквіваленце або тону звычайнай выбухоўкі. У траўні 2001 г. ТАА «Індыйская дынаміка» пачало выраб у Хайдарабадзе 18 ракетаў за год пры кошце кожнай у 350 млн рупіяў ($6,6 млн). 17 траўня 2010 году індыйскае войска ўпершыню правяло пасьпяховае карыстальніцкае выпрабаваньне[1], пасьля чаго 12 самаходаў вэртыкальнага пуску з ракетамі паступілі на ўзбраеньне 335-й ракетнай групы ў Сікандарабадзе (штат Андгра-Прадэш, з 2014 г. Тэлангана).
- «Агонь-3» («Агні-3») — 2-ступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета сярэдняй дальнасьці (3500 км). Верагоднае кругавое адхіленьне складае 40 мэтраў. Намесьнікам кіраўніка распрацоўкі, які напісаў даведнік карыстальніка, быў падпалкоўнік Раджыў Шарма. Можа несьці ядзерную боегалоўку вагой да 1,5 тоны[2] (200 кілятонаў у тратылавым эквіваленце). 12 красавіка 2007 г. 22-тонную ракету 17-мэтровай даўжыні ўпершыню пасьпяхова запусьцілі з вострава Ўілера (Бхадрацкая акруга, штат Арыса, з 2011 г. Адзіша). У чэрвені 2011 г. ракета паступіла на ўзбраеньне індыйскага войска. Кошт ракеты склаў 350 млн рупіяў ($5 млн).
- «Агонь-4» («Агні-4») — 2-ступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета сярэдняй дальнасьці (4000 км), распрацаваная пад кіраўніцтвам Тэсі Томас (нар. 1963, Алапужа, штат Керала). 15 лістапада 2011 г. 17-тонная 20-мэтровая ракета прайшла першае пасьпяховае выпрабаваньне, падчас якога ўзьнялася на вышыню звыш 800 км. 20 студзеня 2014 году камандаваньне стратэгічнымі сіламі індыйскага войска правяло першае пасьпяховае карыстальніцкае выпрабаваньне[3], пасьля чаго ракета паступіла на ўзбраеньне.
- «Агонь-5» («Агні-5») — 3-ступенчатая цьвёрдапаліўная балістычная ракета міжмацерыковай дальнасьці (звыш 5500 км). 19 красавіка 2012 г. 50-тонную ракету ўпершыню запусьцілі з вострава Ўілера (з 2015 г. востраў Абдула Калама; штат Адзіша)[4]. Мае даўжыню ў 17,5 мэтры і запускаецца зь перасоўнай пускавой устаноўкі. Важыць каля 49 тонаў і можа несьці ядзерную боегалоўку вагой да 1,5 тоны. Выраб каштаваў 500 млн рупіяў ($7 млн). На пачатку 2017 г. паступіла на ўзбраеньне індыйскага войска.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Малікарджун, І. Ракета «Агонь-2» прайшла пасьпяховы выпрабавальны пуск (анг.) // Газэта «Індус» (Чэнаі, штат Тамілнад), 17 траўня 2010 г. Праверана 12 красавіка 2017 г.
- ^ Ракета «Агонь-3», здольная несьці ядзерную боегалоўку, прайшла выпрабавальны пуск (анг.) // Газэта «Дэканскі весьнік» (Бангалор, штат Карнатака), 7 лютага 2010 г. Праверана 12 красавіка 2017 г.
- ^ Раджат Пандыт. Выпрабаваньне «Агню-4» прайшло пасьпяхова, ракета гатовая да прыёмкі (анг.) // Газэта «Час Індыі» (Мумбаі, штат Магараштра), 21 студзеня 2014 г. Праверана 12 красавіка 2017 г.
- ^ У Індыі зьявілася міжкантынэнтальная ракета // Зьвязда : газэта. — 20 красавіка 2012. — № 78 (27193). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАгні — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Гэта — накід артыкула па тэхніцы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |