Аглушальная граната

нелетальная зброя

Аглушальныя гранаты альбо сьветлашумавыя гранаты — спэцыяльныя боепрыпасы несьмяротнага дзеяньня, прызначаныя для часовага ўзьдзеяньня на органы пачуцьцяў ворага або правапарушальніка. Паражальныя фактары — яркае сьвятло (каля 7 мкд) і гучныя выбухі (больш за 170 дБ).

Сьветлашумавыя гранаты ВМФ ЗША

Асноўныя віды аглушальных боепрыпасаў

рэдагаваць
  • Ручныя гранаты — прыводзяцца ў дзеяньне з дапамогаю засьцярожна-пускавога мэханізму, дастаўляюцца да супраціўніка шляхам ручнога кідку. Сэрыйны выпуск сьветлашумавых гранатаў пачаўся для спэцслужбаў Вялікай Брытаніі ў канцы 1970-х рокаў[1];
  • Гранатамётныя боепрыпасы — для стрэлаў з газавых ці падрульных гранатамётаў;
  • Вінтовачныя патроны
  • Сьветлагукавыя патроны для цывільнай зброі самаабароны — распрацаваныя дзеля выкарыстаньня ў цывільнай траўматычнай зброі самаабароны, не ўзаемазамяняльныя з баявымі патронамі;
  • Стацыянарныя сьветлагукавыя прылады — усталёўваюцца загадзя ў месцы ймавернага зьяўленьня супраціўніка (правапарушальніка), уводзяцца ў дзеяньне дыстанцыйна альбо спрацоўваюць аўтаматычна пры непасрэдным кантакце.

Канструкцыя

рэдагаваць

Сьветлашумавыя боепрыпасы начыненыя піратэхнічным рэчывам.

Корпус гранатаў вырабляюць альбо з мэталёвага кантэйнэра, які не руйнуецца пры выбуху зусім, з адтулінамі для выхаду выбуховых газаў, або з матэрыялаў, што не ўтвараюць пры выбуху аскепкаў з высокай кінэтычнай энэргіяй (плястык або кардон).

Некаторыя мадэлі аглушальных гранатаў дадаткова начыненыя гумовай картэччу для траўматычнага ўзьдзеяньня на правапарушальніка. Такія гранаты пад час выбуху, акрамя яскравага бліску і гуку, раскідаюць у бакі гумовую картэч[2].

Дзеяньне

рэдагаваць

Асноўнымі фактарамі ўплыву аглушальных боепрыпасаў ёсьць яскравы сьветлавы выбліск і гучны гук выбуху, у выніку якіх адбываецца часовае асьляпленьне і аглушэньне асобаў, якія знаходзяцца ў непасрэднай блізкасьці да цэнтру выбуху.

  • Псыхафізыялягічны ўплыў улучае наступныя фактары:
  • Сьветлавы выбліск — як правіла, у дыяпазоне яркасьцю 2,5-7,5 млн. сьвечак, час асьляпленьня можа дасягаць 20—30 сэкундаў;
  • Гук выбуху — як правіла, у дыяпазоне 165—185 дБ​​, час страты слыху можа дасягаць 4—6 гадзінаў.
  • Мэханічны ўплыў улучае наступныя фактары:
  • Імпульс выбуху — граната актывуецца выбухам піратэхнічнага складу, выбуховы імпульс якога валодае дастатковым паражальным дзеяньнем у непасрэднай близкасьці ад тканінаў чалавечага цела.
  • Празьмерны ціск — як правіла, у дыяпазоне 22—36 кПа, можа выклікаць пашкоджаньне ўнутранага вуха ў 1 % дарослых людзей, у выпадку зь дзіцем рызыка павялічваецца.
  • Мэханічныя траўмы (садно мяккіх тканак, падшкурныя гематомы), нанесеныя фрагмэнтамі корпусу, несьмяротным паражальнымі элемэнтамі і другаснымі аскепкамі, утворанымі пры выбуху.
  • Спрацоўваньне піратэхнічнага складу гранаты можа таксама стаць прычынаю пажару ці ўзгараньня.

Эфэкт дэзарыентацыі ад прымяненьня падобных прыладаў можа цягнуцца ад некалькіх сэкундаў да некалькіх хвілінаў. Найбольшы эфэкт праяўляецца ў цемры, у замкнёнай прасторы, пры разрыве гранаты ў паветры або між чалавекам і сьцяною або іншым трывалым аб’ектам. Працягласьць узьдзеяньня на аб’ект вызначаецца тыпам выкарыстаных боепрыпасаў, аддаленасьцю ад цэнтру выбуху ды іншымі фактарамі.

Прымяненьне

рэдагаваць

Як правіла, аглушальныя гранаты прымяняюцца праваахоўнымі органамі ў ходзе затрыманьня асабліва небясьпечных злачынцаў, вызваленьня закладнікаў, прыпыненьня групавых хуліганскіх дзеяньняў або масавых непарадкаў, а таксама вайсковым спэцпрызам для захопу супраціўніка жывым[2].

Практыка прымяненьня сьветлагукавых гранатаў паказвае іхнюю высокую эфэктыўнасьць пры выцясьненьні супраціўніка з занятай тэрыторыі ды інжынэрных збудаваньняў.

  1. ^ SAS Weapons — Stun Grenade (анг.) Elite UK forces Праверана 10 жніўня 2020 г.
  2. ^ а б Stanislav Yanchenko. (22 кастрычніка 2010) Травматические гранаты Травматик Праверана 10 жніўня 2020 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць