Абраз Маці Божай Браслаўскай

Абраз Маці Божай Браслаўскай, абраз Маці Божай Валадаркі азёраў — адна з хрысьціянскіх сьвятыняў на Беларусі. Знаходзіцца ў галоўным алтары касьцёлу Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (г. Браслаў, Віцебская вобласьць).

Абраз Маці Божай Браслаўскай,
Браслаў

Гісторыя

рэдагаваць

На тэрыторыі браслаўскай парафіі быў праваслаўны манастыр, які ўзьнік у XV ст. па фундацыі віленскага ваяводы Войцеха Манівіду на востраве возеру Несьпіш. У першай пал. XVII ст. манастыр стаў уласнасьцю ўніяцкай царквы, і ў ім пасяліліся базыльяне. Тут, за тры кілямэтры ад Браславу, знаходзілася асабліва шанаваная вернікамі цудадзейная выява Маці Божай, якой вернікі аддавалі пашану падчас сьвята, якую таксама называюць Маці Божай Манастырскай.

 
Гравюра з выявай «Абразу Маці Божай Браслаўскай» і кляштару Базыльянаў у Браславе. 1774

Гравюра з выявай абразу Маці Божай Манастырскай датуецца 30-і-40-і гадамі XVIII ст. Пашырэньню культу сьвятыні спрыяў браслаўскі архімандрыт Геранім Нерэзій, які ў 1774 г. у друкарні віленскіх базыльянаў выдаў кнігу гамілій пра Божую Маці, прамоўленых у сьценах кляштару[1].

З актаў віленскага архіву вядомы трагічны лёс кляштару базыльянаў. У 1832 годзе ад удару маланкі ўспыхнуў пажар, які зьнішчыў усе пабудовы. Ацалеў толькі абраз Маці Божай. Мясцовае паданьне гаворыць, што законьнікі самі падпалілі свой кляштар падчас буры, баючыся, што пасьля касацыі закону базыльянаў ён будзе аддадзены праваслаўным вернікам. Ацалелы абраз быў зьмешчаны ў браслаўскім касьцёле. Лёс абразу у пэрыяд з часу пажару ў манастыры і да зьяўленьня яго ў сьценах браслаўскага касцёлу дагэтуль застаецца невядомым.

У 1950—1953 гадах касьцёл быў зачынены. У 1974 годзе адбылося аднаўленьне алтароў. 15 жніўня 1974 адбылося першае набажэнства перад адноўленым абразам.

У 1999 годзе дыяцэзіяльны біскуп новаўтворанай Віцебскай дыяцэзіі Уладзіслаў Блін прызначыў браслаўскі касьцёл пад тытулам Нараджэньня Маці Божай марыйным санктуарыем Маці Божай Валадаркі азёраў[2].

У сакавіку 2009 году Папа Рымскі Бэнэдыкт XVI благаславіў кароны для браслаўскага абразу. 22 жніўня ў Браславе арцыбіскуп Кёльнскі кардынал Іахім Мейснер зьдзейсьніў каранацыю папскімі каронамі цудатворнага абразу Маці Божай Валадаркі азёраў[3]. Гэта сёмы выпадак ускладаньня Папскіх карон на цудатворныя абразы ў рымска-каталіцкіх храмах Беларусі і першы — на Віцебшчыне[4]. Апякуюць Санктуарыюм Маці Божай Валадаркі азёраў ксяндзы-сальватарыяне.