Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў
Каардынаты: 52°25′52″ пн. ш. 31°0′15″ у. д. / 52.43111° пн. ш. 31.00417° у. д.
Інстыту́т мэха́нікі мэталапалімэ́рных сыстэ́маў імя Ўладзі́мера Бе́лага (наркам. Інстытут механікі металапалімерных сістэм, анг. Metal Polymer Research Institute) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная ў чэрвені 1969 году на аснове Аддзелу мэханікі палімэраў.
Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў | |
рас. Институт механики металлополимерных систем | |
Абрэвіятура | ІММС |
---|---|
Папярэднік | Аддзел мэханікі палімэраў АН БССР |
Дата ўтварэньня | 5 чэрвеня 1969 (55 гадоў таму) |
Тып | навуковая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | распрацоўка кампазыцыйных матэрыялаў на аснове палімэраў |
Штаб-кватэра | Гомель, Цэнтральны раён, вул. Кірава, д. 32а |
Афіцыйныя мовы | расейская |
Кіраўнік | Андрэй Грыгор'еў |
Намесьнік па навуковай працы | Міхаіл Цалуеў |
Намесьнік па інавацыйнай дзейнасьці | Васіль Савіцкі |
Навуковы сакратар | Валер Кончыц |
Асноўныя асобы | Мікалай Мышкін, Сьцяпан Пясецкі[1] |
Кіроўны орган | Навуковая рада |
Матчына кампанія | Нацыянальная акадэмія навук Беларусі |
Зьвязаныя кампаніі | УП «СКТБ «Мэталапалімэр» (Гомель) |
Колькасьць супрацоўнікаў | 174 (2018 г.) |
Сайт | mpri.org.by |
На 2018 год Інстытут знаходзіўся ў складзе Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук НАНБ. Набор у асьпірантуру і дактарантуру ажыцьцяўляўся па 3 спэцыяльнасьцях: 1) фізыка кандэнсаванага стану, 2) матэрыялазнаўства (машынабудаваньне), 3) церце і знос у машынах. ІММС распрацоўваў палімэрныя кампазыты канструкцыйнага і трыбатэхнічнага прызначэньня, праводзіў мэханічныя і трыбатэхнічныя выпрабаваньні матэрыялаў паводле стандартаў Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднай арганізацыі па стандартызацыі (Жэнэва, Швайцарыя), ажыцьцяўляў аналіз складу і фізыка-хімічнай будовы палімэрных матэрыялаў[2]. Сярод 174 супрацоўнікаў быў 1 акадэмік, 1 сябар-карэспандэнт, 8 дактароў і 26 кандыдатаў навук. Кожныя 2 гады Інстытут ладзіў міжнародную канфэрэнцыю па палімэрным матэрыялазнаўстве і трыбалёгіі. Выдаваліся 2 часопісы: «Церце і знос» (ISSN: 0202-4977) на ангельскай і расейскай і «Палімэрныя матэрыялы і тэхналёгіі» па-расейску (ISSN: 2415-7260)[3].
Будова
рэдагавацьНа 2018 год Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага ўлучаў:
- 4 аддзелы — 1) кампазыцыйных матэрыялаў і рэцыклінгу палімэраў, 2) фізыкі і мэханікі кампазыцыйных сыстэмаў, 3) фракцыйнага матэрыялазнаўства, 4) церця, змазкі і ўстойлівасьці матэрыялаў, 5) тэхналёгіі палімэрных кампазытаў;
- УП "Спэцыяльнае канструктарска-тэхнічнае бюро «Мэталапалімэр» (Гомель, вул. Фядзюнінскага, д. 4);
- 2 цэнтры калектыўнага карыстаньня — 1) Беларускі рэспубліканскі цэнтар зондавай мікраскапіі, 2) Цэнтар трыбалягічных выпрабаваньняў і сэртыфікацыі кампазыцыйных матэрыялаў і змазачных рэчываў[2].
Мінуўшчына
рэдагаваць5 чэрвеня 1969 году Савет міністраў БССР зацьвердзіў Пастанову № 201 аб стварэньні Інстытуту мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў (ІММС) на аснове Аддзелу мэханікі палімэраў, які існаваў з 1963 году. У Інстытуце стварылі палімэрныя матэрыялы, што павялічылі рэсурс і надзейнасьць машынаў, зьменшылі адмоўнае ўзьдзеяньне вытворчасьці на навакольнае асяродзьдзе. Таксама распрацавалі спосабы кіраваньня ўласьцівасьцямі палімэраў пры дапамозе ўзьдзеяньня электрычнага і магнітнага палёў, іянізавальнага выпрамяненьня і фізыка-хімічнага мадыфікаваньня; вырабілі арыгінальнае абсталяваньне для атрыманьня такіх матэрыялаў. У Інстытуце працавалі акадэмікі Ўладзімер Белы і А.І. Сьвірыдзёнак[4]. У 1970 годзе Ўладзімер Белы атрымаў Ганаровы мэдаль Жакара за навуковыя вынікі ў галіне трыбалёгіі ад Францускага таварыства інжынэраў-мэханікаў. У 1972 годзе Дзяржаўную ўзнагароду БССР у галіне навукі і тэхнікі атрымалі 8 навукоўцаў ІММС — У.Белы, Э. Я. Канавалаў, В. Г. Карэцкі, Барыс Купчынаў, Валянцін Саўкін, Анатоль Сьвірыдзёнак, Сяргей Шчарбакоў і Віктар Старжынскі. У 1973 годзе ўзьвялі 9-павярховы лябараторны корпус ІММС. У 1976 годзе У.Белы, А.Сьвірыдзёнак, Марк Петраковец і В.Саўкін выдалі па-расейску манаграфію «Церце і знос матэрыялаў на аснове палімэраў», якую перавыдалі ў 1982 годзе па-ангельску ў Лёндане. У 1978 годзе Дзяржаўную прэмію БССР у галіне тэхнікі атрымаў Павал Сысоеў[5].
У 1980 годзе ІММС пачаў выдаваць па-ангельску і па-расейску часопіс «Церце і знос». У 1986 годзе ў Інстытуце стварылі Раду па абароне кандыдацкіх дысэртацыяў, у 1992 годзе — доктарскіх. У 1994 годзе ІММС атрымаў імя Ўладзімера Белага. З 1996 году сталі выдаваць па-расейску часопіс «Матэрыялы. Тэхналёгіі. Інструмэнты», які з 2015 году называецца «Палімэрныя матэрыялы і тэхналёгіі». На 1998 год у Інстытуце было 11 аддзелаў, асьпірантура і дактарантура, рада па абароне кандыдацкіх і доктарскіх дысэртацыяў. Асноўнымі кірункамі дасьледаваньняў былі: кіраваньне трываласнымі, адгезійнымі, супрацьфрыкцыйнымі і супраць каразійнымі ўласьцівасьцямі кампазытаў на аснове арганічных і неарганічных палімэраў з мэтай стварэньня матэрыялаў для дэталяў і вузлоў машынаў, абсталяваньня і прыладаў; спосабы разьліку дэталяў з палімэрных кампазытаў. На 1998 год у Інстытуце працавалі сябры-карэспандэнты Б.І. Купчынаў і Ю.М. Плескачэўскі[4].
Кіраўнікі
рэдагаваць- Уладзімер Белы(be) (1969—1979)
- Анатоль Сьвірыдзёнак (1979—1991)
- Юры Плескачэўскі (1991—2002)
- Мікалай Мышкін (2002—2017)
- Андрэй Грыгор'еў (з 2017 году)
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Навуковая рада (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
- ^ а б Арганізацыі Аддзяленьня фізыка-тэхнічных навук (Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў) // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 21 жніўня 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
- ^ Інстытут сёньня (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
- ^ а б Юры Плескачэўскі. Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 7. — С. 269-270. — 608 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0130-3
- ^ Гісторыя (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Распрацоўкі (рас.) // Інстытут мэханікі мэталапалімэрных сыстэмаў імя Ўладзімера Белага, 2018 г. Праверана 27 верасьня 2018 г.
- Выданьні (рас.)